Як спалучаць кіраванне гімназіяй і каледжам, захоўваць творчую атмасферу і натхняць на перамогі, ведае Іна Рушук

- 12:15Интервью

Адзіная ў вобласці і адна з шасці ў краіне гімназія-­каледж мастацтваў Маладзечна ўжо больш як 35 гадоў рыхтуе для Міншчыны акцёраў, мастакоў, харэографаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ці лёгка кіраваць і гімназіяй, і каледжам? Якім павінен быць якасны вынік працы? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна Іна Рушук.

Не страціць, а прымножыць

— Іна Георгіеўна, што сёння сабой уяўляе гімназія-каледж мастацтваў?

— Сёння гімназія-каледж мастацтваў Маладзечна — унікальная сучасная ўстанова адукацыі, у Мінскай вобласці такіх больш няма. За 37 гадоў мы выраслі са звычайнай агульна­адукацыйнай школы ў адукацыйную прастору, дзе пану­юць мастацтва, інтэлект, талент і творчасць. Нашы дзеці вучацца па прадметах, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей у галіне музычна-інструментальнага, харэаграфічнага, тэатральнага і выяўленчага мастацтва. У 1—4 класах навучанне вядзецца на базавым узроўні, а ў 5—11 — на павышаным. 75 вучняў пасля атрымання базавай адукацыі вучацца на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай па такіх спецыяльнасцях, як “Акцёрскае мастацтва”, “Жывапіс”, “Харэаграфічнае мастацтва”.

У гімназіі-каледжы працуюць чатыры аддзяленні, створаны 23 творчыя калектывы. Званне ўзорнага прысвоена ансамблю скрыпачоў, канцэртнаму хору Estro, а таксама аркестру народных інструментаў, духавому аркестру, інструментальнаму ансамблю акардэаністаў “Акардэон-MIX”. Яшчэ адна гордасць: інструментальнаму ансамблю выкладчыкаў “Мілонга” прысвоена званне народнага.

— Як вам як кіраўніку ўдаецца спалучаць функцыі дырэктара і гімназіі, і каледжа? Чым адрозніваюцца абавязкі і якія з іх найбольш значныя, важныя?

— На працягу 15 гадоў я была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Вопыт, які набыла, сёння дапамагае. І ў кіраванні гімназіяй, і ў кіраванні каледжам ёсць свае асаблівасці: розная нарматыўная і заканадаўчая база, выяўленне і праверка здольнасцей пры паступленні ў 1 і 5 класы, залічэнне на свабодныя месцы ў гімназію і фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, уступныя выпрабаванні ў каледж, размеркаванне выпускнікоў і інш. Ад гімназіі заўсёды чакаю больш высокіх вынікаў у алімпіядным руху, у даследчай дзейнасці навучэнцаў, у цэнтралізаваным тэсціраванні, ад каледжа — выпускнікоў з кваліфікацыяй спецыяліста, які ўжо заўтра стане настаўнікам.

— Вы пяць гадоў займаеце пасаду дырэктара. Падзяліцеся вопытам паспяховага кіраўніцтва.

— Кіраваць — гэта зна­чыць заўсёды сутыкацца з пэўнымі момантамі, якія будуць патрабаваць хуткага вырашэння. Калі гаворым пра ўстанову адукацыі, узнікае заканамернае пытанне: хто тут галоўны — вучань, настаўнік ці баць­кі? У першую чаргу думаецца пра вучня, але што можа вучань без настаўніка? Кожны баць­ка хоча выбраць для свайго дзіцяці лепшых настаўнікаў. А як вызначыць лепшых? Для гэтага любому кіраўніку патрэбен пэўны вопыт і ўменне своечасова ўбачыць настаўніцкі патэнцыял.

Мне пашанцавала: я стала кіраўніком у сфарміраваным і прафесійным калектыве. Тут існавалі свае правілы і традыцыі, але самае галоўнае — гэта была родная мне школа. У ёй я рабіла свае першыя педагагічныя крокі. Калісьці прыйшла сюды настаўніцай пачатковых класаў, потым выкладала фізіку, курс логікі, інфарматыку, была сакратаром па вучэбнай частцы, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а з 2019 з’яўляюся кіраўніком. Калі заняла гэтую пасаду, паставіла перад сабой задачу: не страціць, а ў далейшым развіць і прымножыць тое, што ёсць.

На мой погляд, паспяхо­васць заключаецца ў тым, што побач знаходзяцца настаўнікі-аднадумцы. Яны працуюць у камандзе, дзе кожны з’яўляецца прафесіяналам, не баіцца прызнаць свае памылкі, імкнецца да самаадукацыі.

Мае намеснікі ініцыятыўныя, творчыя і дзейныя. Яны ўвесь час растуць прафесійна, і я расту разам з імі, а за намі расце патэнцыял педагагічнага калектыву.

З імі, дарэчы, вельмі пашанцавала: побач — самыя вопытныя настаўнікі. Гэтыя людзі гатовы да змяненняў, яны з лёгкасцю прымаюць інавацыі, укараняюць новыя адукацыйныя праграмы і падтрымліваюць адно аднаго.

Вялікую ўвагу кіраўнік установы адукацыі павінен удзяляць стварэнню ўмоў для эфектыўнай работы настаўнікаў. Для гэтага неабходна забяспечыць іх інструментарыем, аснасціць сучасным абсталяваннем вучэбныя кабінеты. Акрамя таго, важна стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу, арганізаваць эфектыўную метадычную работу і падтрымку.

Сакрэт поспеху гімназіі-каледжа — гэта агульнасць інтарэсаў і ўзаемапавага. Такі падыход дазваляе калектыву эфектыўна вырашаць прафесійныя задачы і дасягаць высокіх вынікаў.

— Ваша ўстанова адукацыі неаднаразова станавілася пляцоўкай для рэалізацыі рэспубліканскіх эксперы­ментальных праектаў. Над чым працуеце сёння?

— Гімназія-каледж мастацтваў Маладзечна насамрэч мае багаты вопыт у інавацыйнай дзейнасці. Бесперапынна, пачынаючы з 2001 года, установа станавілася пляцоўкай для рэалізацыі 2 эксперыментальных і 4 інавацыйных рэспубліканскіх праектаў. У 2019 годзе мы завяршылі інавацыйны праект “Укараненне
мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”, а праз год паставілі кропку ў эксперыментальным праекце апрабацыі вучэбных праграм па прадметах выяўленчага, музычна-­харавога, музычна-інструментальнага, тэатральнага і харэаграфічнага мастацтва ў 8—11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі віду “Гімназія-каледж мастацтваў”. У мінулым навучальным годзе завяршыўся праект “Укараненне мадэлі сацыяльна-эмацыянальнага навучання як умовы фарміравання ўніверсальных кампетэнцый навучэнцаў”. Сёлета ажыццяўляем новую для нас работу — працуем у межах рэспубліканскага інавацыйнага праекта на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ён прысвечаны фарміраванню прадпрымальнасці і фінансавай дасведчанасці ў навучэнцаў каледжа. Яшчэ адна ініцыятыва, якая ў нас рэалізуецца, — гэта педагагічны праект “Фарміраванне жыццесцвярджальных паво­дзін, сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў з дапамогай праекта “Вецер перамен”. Ён накіраваны на прафілактыку суіцыдальных паводзін сярод дзяцей. Паралельна з інавацыйнай дзейнасцю навучэнцы гімназіі-каледжа ўцягнуты ў праекты, якія даўно сталі традыцыйнымі для нашай установы. Гэта распрацоўкі, звязаныя з валанцёрскім рухам, інклюзіўным супрацоўніцтвам, вучнёўскім самакіраваннем, работай бізнес-кампаніі і інш.

Якасны вынік

— З вашых назіранняў дырэктара: як творчыя дзеці вучацца і праяўляюць сябе ў звычайных агульнаадукацыйных дысцыплінах? Ці праўда, што яны больш паспяховыя ў вучобе?

— Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Нашы вучні кожны дзень даказваюць гэтую тэорыю на справе. За многія гады работы ў гімназіі-каледжы мы, настаўнікі, нават можам вылу­чыць некаторыя заканамернасці.
Так,  заўважылі, што наву­чэн­цы класаў музычна-­ін­стру­мен­тальнай накіраванасці паспяховыя ў вывучэнні замежных моў. Будучыя мастакі часта моцныя ў дакладных навуках, у той час як тэатралы — выдатныя гуманітарыі, а харэографы больш схільныя да прыродазнаўчых навук.

Адметнасць адукацыйнай прасторы нашай установы — асаблівая інтэлектуальна-маральная атмасфера і фарміраванне ў ёй асобы навучэнца.

— Якімі дасягненнямі педагогаў ганарыцеся як кіраўнік?

Настаўнік — асноўнае звяно ў навучанні. Нават самая дасканалая вучэбная праграма, таленавіта напісаны падручнік не дадуць патрэбнага выніку, калі не апынуцца ў руках прафесіянала.

Аб тым, наколькі якасна працуе наш калектыў, гавораць факты. У 2024 годзе 12 вучняў атрымалі пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, а на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі 4 навучэнцы атрымалі атэстаты асаблівага ўзору і залатыя медалі. Працэнт паступлення нашых выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі таксама высокі. На ўзроўні сярэдняй спецы­яльнай адукацыі ўсе 24 навучэнцы атрымалі кваліфікацыю спецыяліста з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, накіраванне на першае рабочае месца.

Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацы­яльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў адзначана навучэнка спецыяльнасці “Жывапіс (станкавы)” Вераніка Сівіцкая за перамогу ў XII Рэс­публіканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

Па выніках удзелу ў творчых конкурсах, фестывалях, выставах у мінулым навучальным го­дзе навучэнцы заваявалі шэраг дыпломаў раённага і абласнога значэння, 9 — рэспубліканскага і 16 — міжнароднага ўзроўню.

Выкладчык жывапісу Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў стаў лаўрэатам прэміі ФПБ у галіне мастацтва за серыю жывапісных работ “Помнікі архітэктуры і культуры Беларусі”. Таксама сярод лепшых — педагог-псіхолаг Ірына Курцэвіч. Настаўнік-метадыст Алена Віктараўна Храмцэвіч уваходзіць у склад абласной творчай групы настаўнікаў хіміі, з’яўляецца распрацоўшчыкам матэрыялаў для адзінага адукацыйнага рэсурсу eior.by, выступае ў якасці лектара на курсах павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў хіміі. Дарэчы, яе вучань Аляксей Бобрык прадстаўляў нашу краіну на 55-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе. А Уладзіслаў Семяняка, у якога геаграфію і біялогію выкладае Дзмітрый Мікалае­віч Ганецкі, двойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу дзіцячых эколага-­біялагічных праектаў даследчага характару “Празрыстыя хвалі Нарачы”, двойчы — пераможцам рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных праектаў навучэнцаў і прадстаўляў свае работы на міжнародным узроўні. Уладзіслаў Семяняка стаў абсалютным пераможцам XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы 2.0’19” у секцыі “Першы крок у навуку: Біялогія”. Яго работы ўключаны ў зборнікі канферэнцый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І гэта толькі невялікая частка дасягненняў нашых педагогаў і вучняў.

Мне вельмі прыемна, што многія нашы выпускнікі вяртаюцца працаваць у гімназію-каледж ужо як педагогі і становяцца захавальнікамі і прадаўжальнікамі лепшых традыцый.

— Іна Георгіеўна, вызначыце параметры якаснай адукацыі для сваёй установы адукацыі.

У першую чаргу яны вызначаюцца дасягненнямі нашых навучэнцаў, актыўным развіццём дзіцячага і маладзёжнага грамадскага руху. Таксама да адпаведнага пераліку можна аднесці пытанні школьнай праф­арыентацыі, усвядомленага выбару будучай прафесіі і інш. У ліку важных задач — падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для забеспячэння кадрамі Маладзечанскага раёна і Мінскай вобласці, замацаванне маладых спецыялістаў пасля адпрацоўкі, стварэнне спрыяльных умоў для іх працы.

Дасягненне задуманага залежыць ад нас саміх, ад таго, наколькі актыўна бяромся за справу і дасягаем пастаўленых вынікаў. Толькі ад нас залежыць, наколькі мэтанакіраваных грамадзян, якія ідуць у нагу з часам, мы можам выхаваць.

 Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА