Як спраектаваць шлях да прафесіі

- 9:19Погляд

Установы дадатковай адукацыі Гродзеншчыны актыўна займаюцца і прафарыентацыйнай работай з дзецьмі. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю 1-е месца занялі праграмы менавіта такіх прафарыентацыйных кірункаў: праграма аб’яднання па інтарэсах “Выхавальнік дашкольнай адукацыі — у свеце прафесій” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і “Асновы выбару прафесіі” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава. Пра дзейнасць гэтых аб’яднанняў мы папрасілі расказаць аўтараў праграм.

Таццяна  ВАНІСЛАЎЧЫК,  дырэк­тар, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзятлава:

— Праграма гуртка “Асновы выбару прафесіі” распрацавана для падлеткаў ва ўзросце 14—17 гадоў і разлічана на 3 гады навучання.

Змест заняткаў на працягу ўсяго перыяду навучання структурна адлюстроўвае наступную сістэму ведаў: праца — чалавек — шлях да прафесіяналізму. Адна з галоўных асаблівасцей праграмы — інтэграваны падыход да яе рэалізацыі з акцэнтам на пашырэнне і паглыбленне меж матэрыялу, які вывучаецца. У рабоце шырока выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы і метады навучання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі сацыяльнага партнёрства з зацікаўленымі структурамі.

У працэсе рэалізацыі праграмы дзеці вывучаюць асновы эканомікі, працоўнага права, гаспадарчай дзейнасці, знаёмяцца са спецыфікай прафесійнай дзейнасці, новымі формамі арганізацыі працы ва ўмовах рыначных адносін і канкурэнцыі кадраў. Так фарміруюцца навыкі ўсвядомленага выбару будучай прафесіі, уменне рэалізацыі асабістага прафесійнага плана з улікам уласных інтарэсаў, здольнасцей і патрэб грамад­ства ў кадрах.

На кожных уступных занятках на працягу трох гадоў навучання вызначаюцца мэта і задачы работы, актуалізуюцца і абагульняюцца веды ў галіне асноў эканомікі, працоўнага права, гаспадарчай дзейнасці, атрыманыя раней. Кожны ўдзельнік праграмы вя­дзе “Дзённік прафесійнага самавызначэння”.

У першы год навучання падлеткі знаёмяцца з асаблівасцямі арганізацыі працоўнай дзейнасці чалавека, умовамі працы, светам прафесій. Педагогі імкнуцца сфарміраваць у іх паважлівае стаўленне да прафесійнай дзейнасці. Амаль з першых заняткаў мы абмяркоўваем запатрабава­насць і перспектывы розных прафесій, прафесійна важныя якасці асобы, пабудову індывідуальнай прафесійнай, адукацыйнай і асабістай траекторыі, асабістыя прафесійныя планы, праблемы першай працоўнай дзейнасці і шмат іншага. Праводзім сюжэтна-ролевыя і дзелавыя гульні, майстар-класы, коўч-сесіі, прэзентацыі прафесій, вытворчыя экскурсіі, паказы і абмеркаванні тэматычных відэафільмаў, працуем з прафесіяграмамі, сустракаемся са спецыялістамі.

Другі год падрыхтоўкі скіраваны на вывучэнне асноў сучаснага рынку адукацыйных паслуг, рынку працы і яго патрабаванняў да прафесіянала. Дзеці вывучаюць асаблівасці асобы чалавека, фарміруюць навыкі самапазнання і самаразвіцця, адэкватную самаацэнку для вызначэння прафесійна важных якасцей (адэкватнай выявы “Я”), навыкі суаднясення ўзроўню развіцця асобасных якасцей з патрабаваннямі пэўнай прафесіі да іх. У сувязі з гэтым прадугле­джаны шырокі спектр дыягнастычнай работы з навучэнцамі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, прафесіяналамі ў розных галінах, заняткі з элементамі сацыяльна-псіхалагічных трэнінгаў. Такім чынам падлеткі могуць на практыцы праве­рыць эфектыўнасць розных мадэлей паво­дзін, адпрацаваць навыкі прыняцця рашэнняў.

На трэцім годзе навучання акцэнт робіцца на аказанні навучэнцам кваліфікаваных прафесійна-кансультацыйных паслуг. Фарміруюцца базісныя асновы эканамічных ведаў, ажыццяўляецца карэкцыя асабістых прафесійных планаў і ацэнка гатоўнасці падлеткаў да выбранай прафесійнай дзейнасці з прыцягненнем шырокага кола профільных спецыялістаў. Пры паспяховым засваенні зместу праграмы кожны навучэнец сфарміруе эфектыўны асабісты прафесійны план.

Разглядаючы пытанні прафесійнага самавыхавання, пошуку работы і паспяховага працаўладкавання, прапаноўваецца выкарыстоўваць метад праектаў. Маладыя людзі распрацу­юць уласныя бізнес-планы з наступным правя­дзеннем іх аўдыту і выпрацоўкай дзейсных рэкамендацый і прапаноў. Яны падрыхтуюць праекты “Я ў прафесіі маёй мары”, прэзентуюць уласныя бізнес-ідэі і стартапы, навучацца складаць рэзюмэ, самастойна працаваць з сайтамі, даведнікамі для пошуку работы ў Беларусі.

У завяршэнне работы гуртка бу­дуць праведзены прафарыентацыйныя пробы па выбраных напрамках будучай прафесійнай дзейнасці. Падлеткі распрацуюць уласныя разгорнутыя прафесіяграмы і тэхналагічныя карты, абароняць свае індывідуальныя праекты. У выніку навучання яны паглыбяць уяўленні пра сэнс і значэнне прафесійнай працы ў жыцці чалавека і грамадства, працэдуры ўзважанага прыняцця рашэння аб выбары прафесіі. У іх сфарміруецца эканамічна правільны тып мыслення, з’явіцца ўсвядомленая патрэба ў працоўнай і стваральнай дзейнасці на карысць грамадства.

Як педагог-практык зазначу, што, каб стварыць цікавае і разнастайнае асяроддзе прафарыентацыі, важна не толькі шырока выкарыстоўваць разнастайныя формы і метады работы, а і наладзіць максімальна даверлівыя ўзаемаадносіны паміж педагогам і навучэнцамі. Трэба цалкам выключыць аўтарытарныя спосабы ўздзеяння, а таксама кантроль засваення зместу адукацыі ў звыклай форме. Педагог павінен ба­чыць у кожным навучэнцы асобу, якая заслугоўвае адкрытасці, шчырасці, павагі, а таксама праяўляць такт і му­драсць у зносінах з ім.

Таццяна БАЛОЦКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі:

— Праграма аб’яднання па інтарэсах “Выхавальнік дашкольнай адукацыі — у свеце прафесій”, што рэалізуецца ў Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, скіравана на самавызначэнне навучэнцаў па прафесіі выхавальніка дашкольнай адукацыі.

Праграма распрацавана для навучэнцаў 8—11-х класаў і грунтуецца на асобасна арыентаваным, дзейнасным, кампетэнтнасным падыходах і інтэграцыі навуковых дысцыплін: педагогікі, псіхалогіі, прадметаў эстэтычнага цыкла, на зліцці навуковых ведаў, педагагічных метадаў і сучасных адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Тэрмін навучання — 2 гады.

Выбар такога прафесійнага кірунку невыпадковы. Ён забяспечвае важны прынцып пераемнасці, бо ў нашым горадзе згаданую прафесію можна атрымаць у каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Рыхтуюць па ёй і ў самім універсітэце ў Гродне.

Змест праграмы “Выхавальнік дашкольнай адукацыі — у свеце прафесій” рэалізуецца па чатырох асноўных блоках: педагагічным, псіхалагічным, творчым, інфармацыйна-тэхналагічным. Навучэнцы атрымліваюць веды па педагогіцы і дашкольнай псіхалогіі, у іх фарміруецца асэнсаванае ўяўленне аб прафесійнай дзейнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі і яе спецыфіцы, навыкі канструктыўных педагагічных зносін, сацыялізацыі, камунікацыі з аднагодкамі і выхаванцамі. Яны знаёмяцца з сучаснымі педагагічнымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі навучання, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту.

Педагагічны блок змяшчае веды аб педагагічнай прафесіі з яе вузкай спецыялізацыяй “дашкольная адукацыя”, аб спецыфіцы дзейнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі, тэарэтычных і метадычных асновах навучання, развіцця і выхавання дзяцей дашкольнага ўзро­сту, сучасных педагагічных тэхналогіях. Практычная дзейнасць гэтага блока накіравана на актыўнае ўключэнне вучняў у сістэму сацыяльна-педагагічных адносін, фарміраванне прафесійна значных якасцей асобы.

Псіхалагічны блок разглядае спецыяльныя здольнасці і асобасныя характарыстыкі, неабходныя для прафесіі педагога, асаблівасці псіхічнага развіцця дашкольнікаў, развіццё іх дзейнасці, пазнавальных працэсаў і асобасных характарыстык. Практычная частка гэтага блока ўключае правядзенне гульняў, заняткаў з элементамі трэнінгаў, засваенне метадаў арт-тэрапіі (казкатэрапіі, пясочнай тэрапіі, ізітэрапіі, лялькатэрапіі).

У творчым блоку падлеткі даведаюцца пра значэнне мастацтва і выяўленчай дзейнасці ва ўсебаковым развіцці і выхаванні дашкольнікаў. Яны азнаёмяцца з методыкай правядзення заняткаў творчага характару і на практыцы засвояць віды мастацка-эстэтычнай дзейнасці: маляванне, лепку, аплікацыю, канструяванне з улікам псіхафізічных асаблівасцей дзяцей дашкольнага ўзросту.

Інфармацыйна-тэхналагічны блок праграмы накіраваны на засваенне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, асэнсаванне паняццяў “інфарматызацыя адукацыі”, “інфармацыйная кампетэнтнасць педагога”, адпрацоўку ўменняў і навыкаў работы з камп’ютарам, з рознымі крыніцамі інфармацыі, яе захоўваннем і апрацоўкай.

Людміла ІВАШЧАНКА, педагог дадатковай адукацыі Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі:

— Акрамя тэарэтычных ведаў, навучэнцы атрымаюць і практычныя. Будуць праводзіцца экскурсіі ва ўстановы дашкольнай адукацыі, дзе падлеткі наведаюць заняткі ў старшых групах і змо­гуць паназіраць за работай выхавальнікаў. Таксама плануюцца экскурсіі ў Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы, сустрэчы з педагогамі раёна, заслужанымі работнікамі сістэмы адукацыі.

Завершыцца першы год навучання творчай справаздачай — выступленнем навучэнцаў на тэму “Паспяховы старт у прафесіі, ці Чаму мы ўжо навучыліся?”, куды запросім і бацькоў. Адбу­дзецца таксама выстава творчых работ навучэнцаў, выкананых у творчым блоку праграмы, а таксама мультымедыйная прэзентацыя, якая складаецца са слайдаў і відэаролікаў усіх значных мерапрыемстваў па праграме за навучальны год. Будуць цікавыя конкурсныя заданні для вучняў і бацькоў.

Выніковыя заняткі па засваенні праграмы другога года навучання прой­дуць у форме фэсту “Педагагічны дэбют”. Будзе арганізавана выстава-прэзентацыя творчых работ навучэнцаў, індывідуальных творчых праектаў, стэндавая панарама яркіх падзей і мерапрыем­стваў, рэалізаваных у рамках праграмы. Навучэнцы падрыхтуюць уласны педагагічны дэбют у форме відэароліка, прэзентацыі, творчай справаздачы ці праекта і прадставяць на фэсце, куды запрашаюцца выхавальнікі дашкольнай адукацыі, супрацоўнікі Ваўкавыскага каледжа, прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама, бацькі. Удзельнікі фэсту атрымаюць імянныя сертыфікаты аб праходжанні праграмы “Выхавальнік дашкольнай адукацыі — у свеце прафесій”.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.