Як спраектаваць дзіцячы гарадок на школьным двары

На базе сярэдняй школы № 2 Маларыты прайшла VІ раённая навукова-даследчая канферэнцыя вучняў пачатковых класаў “Я — даследчык” і ІХ раённая навукова-даследчая канферэнцыя для вучняў 7 — 11 класаў “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. Сёлета ў 6 секцыях кампетэнтнае журы заслухала і ацаніла 55 работ юных даследчыкаў з 20 навучальных устаноў адукацыі Маларытчыны. Традыцыйна найбольшая колькасць работ была прадстаўлена раённай гімназіяй.

Першы крок у даследчую дзейнасць зрабілі і самыя юныя ўдзельнікі канферэнцыі — вучні 2-х класаў Надзея Стасюк (Хаціслаўская сярэдняя школа) і Валерыя Казуціна, Мікалай Сайко, Аляксандр Юруць (Макранская сярэдняя школа).
Будучых навукоўцаў Маларытчыны цікавіла шырокае кола надзённых і актуальных пытанняў. Яны, напрыклад, даследавалі паходжанне прозвішчаў жыхароў вёсак Ланская і Заазёрная, разбіраліся ў нацыянальнай і іншанацыянальнай культуры ў творчасці паэтаў Маларыцка-Ратнаўскага пагранічча, шукалі матывы грамадзянскай лірыкі паэтаў раёна, давалі адказы на пытанні “Як развіццё мясцовага турызму пазітыўна фарміруе імідж Беларусі” і “Як выбраць прафесію па тыпе свайго тэмпераменту”, расказвалі пра беззваротна страчаныя ў 30 — 60-я гады праваслаўныя храмы Маларытчыны, займаліся праектаваннем дзіцячага гарадка на школьным двары, рабілі ўлік колькасці і вызначалі асаблівасці гнездавання бусла-белагона на тэрыторыі вёсак Радзеж, Навалессе і Хмялёўка…
— Такія канферэнцыі адыгрываюць значную ролю ў актывізацыі цікавасці да прадметаў школьнага цыкла, — кажа Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — Іх мэта — выяўленне таленавітых, інтэлектуальна-адораных вучняў, развіццё ў маладзёжным асяроддзі навыкаў навукова-даследчай і пошукавай дзейнасці, умення аналізаваць і прагназаваць.
Пераможцы ў кожнай секцыі раённых навукова-даследчых канферэнцый хутка прымуць удзел у абласных аналагічных інтэлектуальных спаборніцтвах.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.