Як справіцца з эмоцыямі пры здачы ЦЭ?

- 10:12Образование, Приложение, Психолог в школе

Пры здачы ЦЭ навучэнец так ці інакш будзе нервавацца, адчуваць стрэс. Выдатна, калі ў такой сітуацыі побач з ім будзе ўважлівы педагог. Пра гэта карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з педагогам-псіхолагам сярэдняй школы № 1 Лагойска Мінскай вобласці Аленай Міхаленяй. 

— Алена Уладзіміраўна, ці ёсць псіхалагічныя прыкметы стрэсу навучэнца, якія відавочныя кожнаму настаўніку?

— Дзіця становіцца рассеяным, не можа ўспомніць, што ведала. Вучань можа стаць мітуслівым, раздражняльным, няздольным засяродзіцца на нечым, дапускае памылкі, не характэрныя для яго. У навучэнца пагаршаецца памяць і ўвага, часта ўзнікае пачуццё стомленасці, быстрая хадзьба і гаворка. Дзіця можа скар­дзіцца на болі ў галаве, спіне, жываце, страту апетыту і смаку ежы, у яго назіраюцца рэзкія перапады настрою, страх, раз’юшанасць, слёзы і г.д. Усё гэта можа прывесці да страты ўпэўненасці ў сабе, узнікнення захворванняў, псіхічных расстройстваў і нават лекавых залежнасцей.

— А як у такім выпадку дзейнічаць настаўніку? Як можна хутка дапамагчы дзіцяці падчас стрэсу на экзамене? Напрыклад, дзіця разгубілася, забыла матэрыял і расплакалася. Што рабіць педагогу?

— Трэба адразу звяр­нуць на гэта ўвагу і пагаварыць з дзіцем, распытаць, што з ім здарылася. Важна, каб дзіця прагаварыла прычыну, а не замкнулася ў сабе, што пазней можа выліцца ў паніку. Пасля дзіця трэба “зазямліць”: спы­таць пра яго думкі, якія прывялі да роспачы. Варта прапана­ваць дзіцяці вады і настаяць, каб яно выпіла хаця б пару глыткоў. Калі ёсць магчы­масць, можна прапана­ваць прайсціся па класе, вымыць твар, пастаяць ля прыадчыненага акна, каб удыхнуць свежага паветра. Гэтыя працэдуры добра знімаюць напружанне.

— Экзамен здадзены, але яго вынікі не дастаткова добрыя для навучэнца? Што ра­біць у гэтай сітуацыі?

— Каб вучань добра ўспрыняў вынік ЦЭ, трэба правесці папярэднюю работу ўжо зараз. Дзіця павінна падрыхтаваць для сябе запасны план на выпадак, калі вынік пасля здачы экзамену акажацца не вельмі добрым. Я імкнуся давесці дзецям, што дасягнуць задуманага можна не толькі адным спосабам, атрымаўшы вышэйшую адукацыю. Можна пайсці ў сярэднюю спецыяльную ўстанову па выбранай спецыялізацыі. Таксама дзялюся ўласным вопытам, калі пасля 9 класа вырашыла стаць праграмістам, аднак зразумела пасля здачы іспытаў, што матэматыка не для мяне. Работа псіхолага выбудоўваецца на асобе псіхолага, таму я часта звяртаюся да таго, праз што прайшла сама.

Наталля КАСТЭНКА