Як стаць Снягуркай

- 16:16Нам пішуць

Гэтымі пераднавагоднімі днямі асабліва хочацца верыць у цуды, у Дзеда Мароза і Снягурку. Навучэнцы 3 класа гімназіі № 1 Зэльвы загадалі жаданне пабываць на галоўнай ёлцы ў Гродне. Загадалі — выканалі. Чароўныя прыгоды чакалі юных гімназістаў, як толькі яны пераступілі парог Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.


Атмасфера свята панавала паўсюль. З дапамогай аквагрыму твары дзяцей размалявалі сняжынкамі, ёлачкамі, зоркамі. Затым была сустрэча з героямі самых добрых і любімых чароўных казак і, вядома, не абышлося без Дзеда Мароза і Снягуркі. Час ля навагодняй ёлкі праляцеў незаўважна: гульні, жарты, вершы, карагоды, падарункі ад любімых герояў. А далей дзеянне перамясцілася на сцэну, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі сталі гледачамі навагодняй казкі “Як стаць Снягуркай”. Цікавая гісторыя здарылася ў казачным лесе ля навагодняй ёлачкі. І хоць на сцэне былі казачныя героі, але на самай справе гаворка ішла пра тое, што, як бы ні мяняўся свет вакол нас, галоўныя чалавечыя якасці — дабрыня, клопат, любоў, — не мяняюцца.

І хай ва ўсіх дзяцей нашай краіны ў гэтыя навагоднія дні здарыцца цуд, а зрабіць яго пад сілу нам, дарослым.

Алена ГАНЧАРЭНКА,
настаўніца пачатковых класаў дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы.