Як ствараецца хараство

- 12:58Людзі адукацыі

Як ствараецца хараство — ведае Людміла Хілько, майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці. Работы, зробленыя Людмілай Аркадзьеўнай і яе вучнямі, — цудоўная вышыўка, а таксама лялькі ў нацыянальных строях — заўсёды ў цэнтры ўвагі на любой выставе. Зразумела, што павучыцца ў гэтага выбітнага майстра імкнуцца і дзеці, і дарослыя.

Гледзячы на Людмілу Аркадзьеўну — такую маладую і прыгожую,  цяжка паверыць, што яе педагагічны стаж складае 31 год. Магчыма, сакрэт — у традыцыйным жаночым рамястве (шыццё, вышыванне), якое фарміруе настрой і характар майстрыхі: схіляючыся над тканінай, кладучы тысячы і мільёны шыўкоў (наборам, крыжыкам, гла­д­дзю), яна ўбірае ў сябе ўсю гэтую прыгажосць, думкі бягуць услед за хуткай ніткай — і за гадзінамі разваг нельга не стаць філосафам.

Калісьці Людміла Аркадзьеўна сама скончыла ўстанову, дзе зараз працуе (раней гэта было вучылішча № 13 бытавога абслугоўвання насельніцтва). Вывучылася на краўца верхняга жаночага асартыменту і як лепшая вучаніца (усяго адна “чацвёрка” ў дыпломе) атрымала рэкамендацыі і накіраванне ў Віцебскі тэхналагічны тэхнікум. Вярнулася ў родны Мінск ужо з кваліфікацыяй “тэхнік-тэхнолаг і майстар вытворчага навучання”.

Сёння Людміла Хілько — адна з самых вопытных майстроў каледжа, у якой вучацца не толькі будучыя швачкі і краўцы, але і выкладчыкі з іншых устаноў адукацыі. У рэсурсным цэнтры “Сучасныя швейныя тэхналогіі”, які дзейнічае на базе каледжа, Людміла Аркадзьеў­на шчыра дзеліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства. Яна праводзіць вельмі шмат адкрытых урокаў для калег, выступае на семінарах перад маладымі майстрамі.

Выпускнікі Людмілы Хілько працуюць на лепшых швейных вытворчасцях горада, многія адкрылі ўласны бізнес. А ёсць і такія, хто, гледзячы на любімага майстра, выбраў педагагічны шлях. Напрыклад, Вольга Закрэўская — удзельніца 43-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які праходзіў у Сан-Паўлу (Бразілія). Людміла Аркадзьеўна яшчэ на 1 курсе заўважыла ў дзяўчыне задаткі педагога, працавала з ёй: рыхтавала не толькі да конкурсу, але і да будучай выкладчыцкай дзейнасці. І вось вынік — зорная вучаніца Людмілы Хілько стала яе калегай.

Дарэчы, майстэрства Людмілы Аркадзьеўны ацанілі не толькі ў роднай краіне. Так, сёлета яе папрасілі падрыхтаваць да чэмпіянату WorldSkills удзельніцу з Казахстана. І яна вучыла дзяўчынку і вышыўцы, і швейнай справе.

Людміла Аркадзьеўна прызнаецца, што нават не заўважыла, калі вышыванне з любімага хобі ператварылася ў прафесію. Так, яна прайшла стажыроўку на адным з вядучых прадпрыемстваў і атрымала кваліфікацыю вышывальшчыцы, але ўсё гэта здарылася пазней. Напачатку было шчырае захапленне традыцыйнай народнай вышыўкай, неверагодна прыгожымі ўзорамі, гарманічным спалучэннем фарбаў. Людміла Аркадзьеўна палюбіла гэта ўсім сэрцам, спакваля асвоіла ўсе вядомыя тэхнікі і авалодала гэтым майстэрствам у дасканаласці.

У хуткім часе, як і кравецкія навыкі, сваё ўменне вышываць пачала перадаваць вучням. У рамках дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праводзіла навучанне ў гуртку “Родныя матывы”, цяпер ён вырас ужо ў канструктарскае бюро.

За гады працы Людміла Аркадзьеўна разам са сваімі навучэнцамі стварыла мноства цудоўных работ — сапраўных шэдэўраў дэкаратыўнай творчасці. Многія з іх прадстаўляліся на гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і штогод займалі прызавыя месцы. Шмат работ папоўнілі замежныя калекцыі.

“Людзі захапляюцца тэхнікай выканання вышыўкі — між тым, гэта наша народная традыцыя, менавіта так вышывалі нашы продкі, — гаворыць Людміла Аркадзьеўна. — Кожны элемент узору мае сваю сімволіку: сонца, зямля, каханне, багацце… Яны нясуць у сабе пэўны культурны код, таму так моцна ўплываюць на людзей. Многія, хто бачыць нашы работы на кірмашах, хацелі б купіць іх, нават за вялікія грошы. Мы тлумачым, што ручная вышыўка — гэта вельмі складана, няма магчымасці вырабляць яе ў вялікіх маштабах. І тады людзі кажуць: “Не праблема, мы купім і машынную вышыўку, але каб яна асноўвалася на народных матывах”.

Мы трымаем у руках і разглядаем цудоўныя вышываныя ручнікі, і яны сапраўды са­граваюць рукі і душу. Людміла Аркадзьеўна нават не бярэцца сказаць, колькі часу патрачана на аздабленне аднаго ручніка: кожная майстрыха працуе ў сваім тэмпе, укладвае ў работу ўласныя думкі і мары.

“У нас няма калектыўных работ, кожны вышывае свой ручнік, — тлумачыць Людміла Аркадзьеўна. — Справа ў тым, што ўсе мы розныя, характары ў нас розныя, таму і почыркі адрозніваюцца. У кожнага майстра ўнікальная манера вышывання: і напрамак, як кла­дзецца шывок, і зацягну­тасць ніткі. Гледзячы на ўзор, я адразу скажу, каму з маіх вучняў належыць тая ці іншая работа”.

Каледж швейнай вытворчасці право­дзіць шмат курсаў для насельніцтва. Людміла Хілько вядзе курсы кройкі і шыцця (дарэчы, у такіх групах заўсёды ёсць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы).

“Дарослае насельніцтва вельмі матываванае, — гаворыць майстар. — Людзі прыходзяць, каб навучыцца элементарным рэчам, напрыклад, рабіць дробны рамонт, і думаюць, што ўжо шмат умеюць, трэба толькі крыху дабраць. А потым дзівяцца, як многа ёсць сакрэтаў, якіх яны не ведалі. За 4 месяцы заняткаў (два разы на тыдзень) нашы курсанты ўжо могуць пашыць спадніцу, штаны і кашулю. Пасля заканчэння ўсе звычайна вельмі задаволены, бо нават не ўяўлялі, што такі вынік магчымы”.

Я спытала ў Людмілы Аркадзьеўны, што ўтрымлівае яе ў прафесіі (дарэчы, гэтае пытанне часта чуюць майстры прафтэхадукацыі). “Любоў, — адказала мая гераіня. — Ведаеце, ёсць настолькі матываваныя дзеці! Яны гатовы нават заставацца пасля заняткаў, каб вучыцца выбранай справе, і гэта захоплівае. Дарослыя курсанты ўвогуле ловяць кожнае слова, і я адчуваю вялікую аддачу ад сваёй работы. Не скажу, што працаваць лёгка, бо даводзіцца затрымлівацца ў каледжы да позняга вечара. Але я разумею, наколькі мае веды патрэбны людзям. Для мяне першы раз было шокам, калі на апошніх занятках курсанты ўсталі і пачалі апладзіраваць. Канечне, гэта натхняе. Да таго ж у нашым каледжы вельмі добры калектыў, тут я як дома: усім рада, усіх люблю”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.