Як ствараецца імідж у навуковым асяроддзі

- 16:34Навука і інавацыі

Сёння адной з актуальных праблем у навуцы называюць публікацыю даследчых работ у рэцэнзуемых навуковых часопісах. Пра сакрэты ўзаемадзеяння вучоных і рэдактараў акадэмічных выданняў, асаблівасці напісання артыкулаў і іх публікацыі ішла размова на семінары “Брэнд вучонага: як публікаваць артыкулы ў высакарэйтынгавых часопісах і зрабіць так, каб іх цытавалі?”. Мерапрыемства прайшло на базе геаграфічнага факультэта БДУ, а правёў яго старшы рэгіянальны прадстаўнік Выдавецкага дома Wiley ў Расіі і СНД Сяргей Парамонаў.


Па словах арганізатараў семінара, нягледзячы на маштабнасць даследаванняў, колькасць публікацый і цытавання беларускіх аўтараў у міжнародных выданнях істотна адстае ў параўнанні з сусветнымі паказчыкамі. Прычынай гэтага лічыцца адсутнасць вопыту ў напісанні артыкулаў ці сбалансаванага падыходу да пытанняў апублікавання.

Асноўным каналам — платформай, на якой выдавецкі дом публікуе свае выданні і патрабаванні да іх, выступае Wiley Online Library (onlinelibrary.wiley.com). Удзельнікі семінара змаглі ў рэжыме знаёмства звярнуцца да некаторых рэсурсаў, прадстаўленых на сайце.

Аснова навуковай канферэнцыі, на думку Сяргея Парамонава, — даследаванні. У свеце навуковай камунікацыі спецыяліст вылучыў тры этапы: публікацыю ў часопісе, удзел у канферэнцыях, прасоўванне сваіх работ у інтэрнэце.

— Калі рэдактар атрымлівае рукапіс, то звычайна глядзіць на вопыт аўтара незалежна ад яго рэгалій ці ўзросту, — заўважыў Сяргей Парамонаў. — Імя чалавека заўсёды звязана з галіной, якую ён прадстаўляе. І пазнавальнасць імя — адзін з аспектаў, што вядзе да цытавання.

Прамоўца падкрэсліў, што не варта дасылаць адзін рукапіс у розныя выданні: гэта можа нядобра паўплываць на навуковую рэпутацыю даследчыка. Таксама спецыяліст параіў прысвяціць працэс вывучэння канкрэтнай з’явы аднаму часопісу.

Па словах Сяргея Парамонава, пры супрацоўніцтве з навуковымі выданнямі варта цікавіцца датай выхаду, колькасцю нумароў на год, а таксама планамі рэдакцыі, паколькі многія сур’ёзныя медыя распісваюць публікацыі на месяцы наперад.

Існуе некалькі этапаў падрыхтоўкі да апублікавання навуковай работы: пошук часопіса, знаёмства з яго патрабаваннямі, узаемадзеянне з рэдактарам і сама публікацыя. Пры пошуку патрэбнай платформы карысна звяртаць увагу на літаратуру, якую выкарыстоўвае навуковец у сваёй рабоце: гэта дапаможа звузіць кола тэматычных выданняў. Акрамя таго, можна зрабіць градацыю часопісаў сваёй галіны па розных аспектах: цытаванні, папулярнасці, акрэсліванні адпаведных праблем і г.д. Знаёмства з аб’ектамі адбываецца праз аналіз таго, як выданні пазіцыянуюць сябе на сайтах: напрыклад, апісваюць сябе ці прадстаўляюць. А першае, на што павінен звяртаць увагу навуковец пры падрыхтоўцы матэрыялаў для друку, — арыгінальныя даследаванні ў сваёй галіне, паколькі ніводзін рэдактар не стане публікаваць неактуальную работу або работу, пытанні якой ужо былі недзе акрэслены раней.

Паводле слоў Сяргея Парамонава, добры артыкул павінен адпавядаць шэрагу патрабаванняў. Да іх прамоўца аднёс пераканаўчую аргументацыю, дакладнасць і выверанасць фактаў, правільнае афармленне тэксту і бібліяграфічных крыніц, спасылку на вядомых даследчыкаў і логіку выкладання. Адзін матэрыял павінен змяшчаць у сабе толькі адну ідэю, адно праблемнае поле.

Дзякуючы лекцыі, прысутныя адкрылі для сябе паняцце “эфект гамака” (працэс, калі пры знаёмстве з тэкстам чытач запамінае толькі пачатак і канец). Выйсце з такой сітуацыі адно: патрэбна разбіваць тэкст на невялікія фрагменты (абзацы па 300—600 слоў) — так поле, якое не заўважаецца, будзе істотна звужацца. Таксама лектар падрабязна раскрыў падрыхтоўку навуковай публікацыі згодна з яе структурай. Напрыклад, назва артыкула не павінна быць фармальнай, не пажадана, каб колькасць слоў у ёй перавышала 15, а пададзеныя абрэвіятуры трэба расшыфраваць. Таксама важным элементам назвы з’яўляецца выкарыстанне ключавых слоў. Сяргей Парамонаў параіў выкарыстоўваць іх не толькі ў пераліку, але і ў анатацыі, якую лектар назваў “добрай воляй аўтара дапамагчы свайму чытачу”.

Асаблівыя пажаданні былі выказаны і да адраса электроннай пошты, правільнасці афармлення спіса літаратуры і суправаджальнага ліста. Асаблівасці рабочага e-mail разгледзелі на прыкладзе Альберта Эйнштэйна. Уявіце сабе, што рэдактар узаемадзейнічае з гэтым вучоным, а ён прысылае дакумент са скрыні пад назвай romashkaAL@mail.ru. Пры такім падыходзе адносіны да вучонага ў любым сур’ёзным часопісе могуць змяніцца не на яго карысць. Падобныя адрасы электроннай пошты ў навуковым асяроддзі недапушчальныя. Куды больш выйгрышнымі акажуцца назвы, якія змяшчаюць, напрыклад, імя і прозвішча (al_einstein@…).

Суправаджальны ліст да пісьма — гэта пэўная гарантыя таго, што матэрыял будзе апублікаваны ў выбраным выданні, калі яго тэматыка не разыходзіцца з тым, што цікавіць гэтую платформу. У ім, як правіла, аўтары ўказваюць, чаму тая ці іншая літаратура (нават калі яна выкарыстоўвалася некалькі дзесяцігоддзяў назад) актуальная менавіта зараз, чаму гэтая праца павінна быць надрукавана, асаблівасці работы над нейкім кампанентам і інш.

— Памятайце, што любы рэдактар зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з навукоўцамі, бо яны прадастаўляюць іх пляцоўкам унікальны кантэнт. І выданні зацікаўлены гэтак жа, як самі аўтары. Гэта не гульня ў адны вароты, — запэўніў Сяргей Парамонаў. — А рэпутацыя вучонага — гэта вынік сістэмнасці ў стварэнні іміджу ў навуковым асяроддзі.

Wiley — адзін з буйных і найстарэйшых міжнародных выдавецкіх дамоў, які спецыялізуецца на выпуску акадэмічных выданняў. Кампанія выпускае кнігі, вядучыя навуковыя часопісы, энцыклапедыі ў друкаваным і электронным выглядзе і прадастаўляе доступ да прадуктаў і паслуг у інтэрнэце. Агульная колькасць выданняў, якія знаходзяцца ў полі зроку выдавецтва, налічвае больш за 200 часопісаў.

Ірына ІВАШКА.