Як стварыць мабільны дадатак у школе?

- 16:34Выхаваўчая прастора

Навошта школе распрацоўваць свой мабільны дадатак? Галоўны і, напэўна, самы актуальны для настаўніка адказ — матывацыя вучняў. Сучасных школьнікаў часта называюць нецікаўнымі, абвінавачваюць у нежаданні шукаць новыя веды. Ды сацыёлагі ўжо даўно патлумачылі, што пакаленне Z, якое знаходзіцца ў адным кліку ад любой інфармацыі, проста не бачыць сэнсу ў чыстых ведах.

Іншая справа — калі адказы на пэўныя пытанні дапамогуць вырашыць задачу, будуць адразу выкарыстаны на практыцы. У гэтым выпадку дзеці праяўляюць на зайздрасць добрыя навыкі пошуку інфармацыі і лепш яе засвойваюць.

Стварыць такую сітуацыю дапамагае рэальны праект, які сапраўды зацікавіць вучняў. Мабільны дадатак — адзін з варыянтаў. Ён дазваляе школьнікам прымераць не адну прафесію, атрымаць патрэбныя сёння soft skills (так-так, зноў мы пра іх!) і адчуць сябе часткай сапраўднай кампаніі. А настаўнікам такая задума дапамагае паглыбіць вывучэнне сваіх прадметаў і паспяхова арганізаваць выхаваўчую работу. Як менавіта гэта працуе, расказалі педагогі гімназіі № 36 Мінска Ірына Пятроўна Бернат, Вераніка Рыгораўна Касіянчык і Яўген Барысавіч Сарокін.

І.П.Бернат, Я.Б.Сарокін, В.Р.Касіянчык.

1. Ідэя. Вывучыць попыт і сфармуляваць прапанову

— Для нас усё пачалося з цікавасці дырэктара гімназіі да школьных стартапаў і бізнес-інкубатараў. Мы думалі, што б арганізаваць, — расказвае настаўнік гісторыі Ірына Пятроўна Бернат. — Вырашылі, што будзе дадатак, бо гэта цікава і карысна, а ў Яўгена Барысавіча ёсць вопыт работы з такімі праектамі.

Так нарадзілася задума мабільнага гіда па парку Перамогі, які дапаможа турысту зрабіць сваю прагулку больш цікавай і змястоўнай. Ідэя расла паступова. Калі атрымаўся парк, вырашылі сабраць цікавыя аб’екты па ўсім праспекце Пераможцаў (гэтая версія дадатку зараз даступная ў Google Play), далей — ахапіць увесь горад.

— Першапачатковая задума развіваецца падчас мазгавых штурмаў, — тлумачыць настаўніца англійскай мовы Вераніка Рыгораўна Касіянчык. — Мы збіраемся камандай, задаём сабе пытанне і выказваем усе ідэі, а пасля вырашаем, якія з іх будуць рэалізаваны.

Настаўнікі разам з вучнямі даследавалі іншыя гіды па сталіцы, каб прыдумаць, чым іх дадатак будзе вылучацца, чаму карыстальнікі выберуць менавіта яго. Калі загадзя не клапаціцца пра карысць, якую атрыма­юць іншыя людзі ад праекта, то ён не стане папулярным. А без зваротнай сувязі — па­дзяк, ацэнак, парад ад рэальных турыстаў — вучні могуць хутка згубіць ціка­васць да распрацоўкі.

2. Каманда. Інтарэс > уменне

Ля рэкламнага банера падчас прэзентацыі.

Збор каманды адбываецца паралельна з фарміраваннем ідэі. З аднаго боку, трэба зацікавіць вучняў праектам, а з іншага — пры іх дапамозе ўдасканаліць сваю задуму.

— Трэба быць гатовым да таго, што пастаяннай каманды не атрымаецца, — папярэ­дзіла Вераніка Рыгораўна. — У нас ёсць
4—5 вучняў, якія займаюцца праектам, а іншыя далучаюцца, калі трэба зрабіць нешта спецыфічнае — агучыць гід на кітайскай ці французскай мове, зняць прома-ролік ці зняцца ў ім, сфата­графаваць культурныя аб’екты або падрыхтавацца да прэзентацыі. Мы і зараз адкрыты для кожнага, хто захоча далучыцца.

У праекта ёсць нават свае вы­пускнікі. Прыемна, што былыя вучні, якія ўжо паступілі ва ўніверсітэты, працягваюць час ад часу даваць парады і дапамагаць сваім пераемнікам.

— Калі мы збіралі каманду, якая будзе займацца менавіта тэхнічнай часткай, — па­дзя­ліўся цікавым назіраннем ­настаўнік ­інфарматыкі Яўген Ба­рысавіч Сарокін, — то пачалі ­запрашаць вучняў, што ўжо добра валодалі мовамі праграмавання, але яны не былі зацікаўлены ў праекце, таму праца не ішла. Тады мы ўзялі тых, хто сапраўды жадаў, хаця не праяўляў сябе падчас урокаў, і былі здзіўлены вынікам. Раней і не сказалі б, што яны будуць так добра спраўляцца!

Жаданне праграмаваць дадатак аказалася больш важным, чым уменне. Інтарэс да пастаўленай задачы прымусіў школьнікаў хутка выпрацаваць навыкі, якіх не атрымаеш на звычайных уроках інфарматыкі.

— Зараз ніхто не карыстаецца чыстымі мовамі праграмавання, — удакладніў педагог. — Распрацоўшчыкі працуюць з фрэйм­воркамі — ужо напісанымі кодамі базавых аперацый. І перш за ўсё я навучыў школьнікаў валодаць гэтым інструментам.

А пасля пачалося самае цікавае — настаўнік пачаў проста ставіць камандзе задачы і… адмаўляць у тлумачэннях.

— У нас ёсць агульная размова ў Viber.
Я пішу, што трэба зрабіць, напрыклад, да заў­трашняй прэзентацыі, і знарок не адказваю ні на адно пытанне.

Спярша вучням у такія моманты было складана, бо яны прывык­лі, што на ўроках ім тлумачаць, штосьці ўдакладняюць, падказваюць. А тут, як у сапраўдным працэсе распрацоўкі, даводзіцца шукаць і прыдумваць рашэнні самастойна. Цяпер школьнікі прывыклі: такая сістэма не толькі больш эфектыўная для навучання, але і намнога цікавейшая.

Дадатак Vitae Minsk — мультымоўны гід па сталіцы, які распрацоўваюць вучні і педагогі гімназіі № 36 Мінска. Дадатак ­дазваляе паглядзець на карце сла­вутыя мясціны краіны, пачытаць і паслухаць расказ пра іх на некалькіх мовах. Бу­дзе карыс­ным турыстам, настаў­нікам замежных моў і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Мінска.

Вучацца і іншыя ўдзельнікі каманды. Яны спрабуюць сябе ў якасці прадпрымальнікаў — калі складаюць бізнес-план ці робяць SWOT-аналіз; псіхолагаў — калі ана­лізуюць, як людзі будуць карыстацца дадаткам; перакладчыкаў — калі пера­кладаюць і агучваюць тэксты пра славутыя мясціны Мінска, маркетолагаў — калі рыхтуюць прома-прадукцыю.

— Мне як настаўніку грамада­знаў­ства важна, што ў вучняў з’яўляюцца ўяўленні пра асновы эканамічнай тэорыі, — падкрэсліла Ірына Пятроўна. — Мы не імкнёмся зрабіць усіх удзельнікаў праекта прадпрымальнікамі, але, калі яны навучацца кіраваць бюджэтам, гэта спатрэбіцца ў гаспадарцы, сямейным жыцці.

3. Распрацоўка. Цяжкасці і цуды

Мазгавы штурм каманды павінен завяршацца дакладным і дэталёвым планам, з якога кожны разумее сваю ролю ў праекце. Тут настаўніку важна адысці на другі план і дазволіць вучням самім выбіраць, якія абавязкі ўзяць на сябе.

— У нас не ўзнікае праблем з адказнасцю, — тлумачыць Вераніка Рыгораўна, — бо, калі мы дзелім функцыі, абапіраемся на жаданні дзяцей. Кожны называе, якую частку работы ён хоча і можа зрабіць і што яму для гэтага трэба.

Самі настаўнікі імкнуцца браць на сябе арганізацыйную работу. Разам з адміністрацыяй школы, якая падтрымлівае праект, яны рыхтуюць дакументы (для атрымання дазволу на фатаграфаванне ці ўдзел у конкурсах), шукаюць рэсурсы, якія маглі б развіваць дадатак. Напрыклад, зараз мараць пра магчымасць здымаць 3D-панарамы — гэта адразу вылучыла б гід сярод канкурэнтаў.

Але і яны не заўсёды могуць справіцца з сюрпрызамі і складанасцямі, без якіх не праходзіць, напэўна, ні адзін праект.

— Спачатку мы самі малявалі карту для нашага дадатку, — расказаў Яўген Барысавіч. — Гэта карпатлівая і доўгая работа. Калі адзін парк яшчэ можна намаляваць, то рабіць уласную карту горада вельмі складана для школьнікаў, таму з ростам праекта мы перайшлі на картаграфічны рэсурс Google Maps. Але не так даўно ён стаў платным для распрацоўшчыкаў, а значыць, мы больш не маглі карыстацца ім у нашай прыладзе.

Педагогі пачалі шукаць выйсце: маляванне зойме шмат часу, бясплатныя рэсурсы не такія зручныя для карыстальнікаў. Выратаваў, можна сказаць, цуд. Каманда праекта атрымала ліст ад Google з прома-кодамі на бясплатнае выкарыстанне карт. Супрацоўнікі кампаніі ацанілі культурную і адукацыйную каштоўнасць стартапа і вырашылі яго падтрымаць. Выпадак даказвае: тыя, хто займаецца добрай і патрэбнай справай, абавязкова знойдуць падтрымку.

4. Прасоўванне. Дызайн, крэатыў і рэгулярныя пітчы

Наступны крок — расказаць пра свой праект свету. Каб добра аформіць дадатак на віртуальнай вітрыне — у Google Play, ­вучням прыйшлося на некалькі тыдняў стаць дызайнерамі.

— Мы адразу вырашылі, што жадаем зрабіць нешта ў этнічным стылі, — расказала Вераніка Рыгораўна. — Пачалі распрацоўваць ідэю, абапіраючыся на нацыя­нальны арнамент. І першыя версіі рабілі ледзь не ў Paint. Ужо пасля тэхнічная част­ка каманды намалявала яго больш прафесійна. Прыемна было, калі мы звярнуліся па дапамогу да нашай выпускніцы, якая зараз вучыцца на дызайнера, і яна пахваліла іх працу.

Лагатып з’явіўся на банеры, брашурах, кашулях, календарах і нават стыкерах Vitae Minsk. Прома-прадукцыя разыходзіц­ца хутка: каб развіваць праект і расказ­ваць пра яго іншым, аўтары ўдзельніча­юць у тэматычных конкурсах. За іх плячыма — міжнародны конкурс стартап-праектаў BizTech, Рэспубліканскі конкурс “100 ідэй для Беларусі”, праект адміністрацыі Цэнт­ральнага раёна і БДУ “Школа прадпрымальніцтва для моладзі пры БДУ. Вучэбная бізнес-кампанія”. Іншыя ўдзельнікі, журы, эксперты часта задаюць пытанні ці ро­бяць заўвагі, якія дапамагаюць знайсці новыя шляхі развіцця.

— Мы раім як мага хутчэй пачынаць паказваць свае распрацоўкі на конкурсах, — падкрэсліла Вераніка Рыгораўна. — Нават калі пачуеш нешта непрыемнае, у гэтым можна знайсці рацыянальнае зерне, якое дапаможа палепшыць праект.

Арганізатары такіх конкурсаў звычайна праводзяць семінары, лекцыі і майстар-класы для ўдзельнікаў, таму новыя веды камандзе заўсёды забяспечаны.

5. Маштабаванне. Vitae Belarus

Зараз аўтары праекта распрацоўваюць уласны сайт у падтрымку сваёй прылады. Паводле іх задумы, сайт дазволіць манетызаваць праект, размясціўшы на ім інфармацыю пра нацыянальныя брэнды краіны.

— З аднаго боку, турысты будуць атрымліваць інфармацыю пра якасныя і аўтэнтычныя сувеніры, якія можна прывезці сябрам, а з іншага — брэнды будуць рэкламаваць сябе сярод замежных гасцей, — тлумачыць ідэю Вераніка Рыгораўна. — Ды яшчэ прасцей будзе манетызаваць праект, калі ў нас атрымаецца зрабіць цэлы шэраг такіх гідаў, каб турыст, прыязджаючы ў любы горад ­краіны, мог спампаваць гід ад ужо знаёмага яму і надзейнага вытворцы.

Рэалізаваць такую ідэю ў межах школьнай кампаніі амаль немагчыма, іншая справа — калі да работы падключацца ахвотнікі са школ і гімназій. Каманда Vitae Minsk гатова падзяліцца вопытам і напрацоўкамі, падтрымаць калег любымі ведамі, матэрыяламі, парадамі, каб у выніку турыстаў віталі і іншыя гарады краіны. Для каманд, якія гараць
ідэяй, але не маюць вопыту распрацоўкі дадаткаў, гэта цудоўны спосаб паспрабаваць сябе ў новай справе і хутка дасягнуць першых вынікаў.

Калі ў каманды атрымаецца знайсці падтрымку ў іншых гарадах, то невялікі праект пра парк Перамогі вырасце ў шэраг дадаткаў ад школьнікаў усёй краіны пад агульным брэндам Vitae Belarus.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва герояў.