Як стымуляваць педагогаў на прафесійны рост і асобаснае развіццё

- 17:10Образование

Як стымуляваць педагогаў на прафесійны рост і асобаснае развіццё? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі тэматычнай дыялогавай пляцоўкі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Мерапрыемства аб’яднала намеснікаў дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-­выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усяго рэгіёна. Як адзначыла начальнік цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі МДАІРА Юлія Сухан, менавіта ад намеснікаў дырэктара школы шмат у чым залежыць матываванасць педагогаў на развіццё прафесійнага майстэрства.

Удзельнікі дыялогу прэзентавалі нямала цікавых напрацовак. Напрыклад, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Магілёва Ганна Піскуновіч падкрэсліла неабходнасць выкарыстання дзейнасных форм метадычнай работы. Актуальныя напрамкі развіцця педагога прадставіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Хімаўскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Вікторыя Самуха. Па яе меркаванні, раскрыць унутраны патэнцыял педагогам лепш за ўсё дапамагаюць асабісты прыклад з боку кіраўніка, даверлівая атмасфера ў калектыве, а таксама сумесныя працоўныя і творчыя справы.

Не менш важна ўключаць настаўнікаў у актыўныя формы супрацоўніцтва: арганізоўваць для іх метадычныя квесты, майстар-класы, адукацыйныя квізы і вандроўкі. На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Горак Наталлі Пішчалавай, гэта таксама вельмі эфектыўная практыка, якая стымулюе педагогаў на павышэнне прафесійнай кампетэнцыі.

А вось намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Комсеніцкай сярэдняй школы Круг­лянскага раёна Марына Сазановіч лічыць, што сярод асноўных задач павінна быць навукова-метадычная дапамога. Кансультатыўная падтрымка пры падрыхтоўцы да атэстацыі, падключэнне да ўдзелу ў семінарах-практыкумах і канферэнцыях, знаёмства з інавацыйнай дзейнасцю добра матывуюць педагогаў да развіцця творчых магчымасцей.

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі выклікала выступ­ленне намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Бабруйска Наталлі Мількевіч і настаўніка працоўнага навучання гэтай установы Аляксея Шунько, які сёлета стаў пераможцам рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Сумесна яны прадставілі вопыт работы ў падрыхтоўцы педагогаў да прафесійных конкурсаў і адпаведны майстар-клас.

Усе прадстаўленыя перадавыя напрацоўкі будуць распаўсюджаны ва ўстановах адукацыі вобласці, дзе ў найбліжэйшы час іх пачнуць прымяняць на практыцы.

Кацярына ЕЛІСЕЕНКА,
 метадыст аддзела арганізатараў адукацыі і

педагагічнага працэсу МДАІРА