Як сумясціць фізкультуру і беларускія народныя гульні, ведае кіраўнік фізвыхавання Хрысціна Мароз з дзіцячага сада № 4 Пінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Сучасныя дзеці, як правіла, вядуць маларухавы лад жыцця, беручы прыклад з дарослых, і даволі часта не ведаюць народных традыцый, — гаворыць педагог. — Выправіць сітуацыю дапамагаюць беларускія народныя гульні, якія адначасова дазваляюць засвоіць маральна-этычныя каштоўнасці продкаў, развіць важныя фізічныя якасці, далучыцца да здаровага ладу жыцця, сацыялізавацца і атрымаць станоўчыя эмоцыі. Але асноўная функцыя такіх гульняў заключаецца ў выхаванні, бо яны, апроч іншага, развіваюць мысленне, уяўленне, кемлівасць, ініцыятыву, актыўнасць… Дзеці вучацца пераадольваць няўдачы і верыць у сябе.
У большасці выпадкаў беларускія народныя гульні з’яўляюцца рухавымі. Адны маюць пэўныя традыцыйныя формы і слоўнае афармленне, што ператварае іх у драматызаванае дзейства (“Хворы верабей”, “Гаспадыня і кот”, “Каршун”, “Лавіць куры”), іншыя прадугледжваюць строгае размеркаванне роляў паміж удзельнікамі, дзе словы выступаюць сігналам да розных дзеянняў (“Змяя”, “Спрытны верабей”, “Замарожаныя”, “Падсечка”). Ёсць таксама гульні-карагоды, у якіх спалучаюцца мелодыі, словы і рухі. Яны выхоўваюць цікавасць да народнай творчасці і роднай мовы (“Бярозка”, “Лянок”, “Пляцень”, “Грушка”, “Агароднік”, “Маўчанка”).
— Праводзячы гульні, абавязкова ўлічваю ўзроставыя асаблівасці дзяцей, іх рухальную падрыхтоўку, педагагічныя задачы, — працягвае Хрысціна Мароз. — У першай палове дня выкарыстоўваю больш дынамічныя гульні (“Пастух i воўк”, “Проса”, “Малако”, “Кацяняткi”), а ў другой — гульні рознай рухальнай актыўнасці, у тым ліку самастойнай.
Да пачатку гульні педагог рыхтуе пляцоўку і падбірае неабходнае абсталяванне: для гульні “Вугольчык” — палку ці вяроўку, канат, вугольчык, маску чорта; для гульні “Рэдзька” — маскі рэдзькі. Збор на гульню Хрысціна Мароз імкнецца рабіць максімальна дынамічным і цікавым: дзеці збіраюцца з дапамогай заклічак ці самі дамаўляюцца быць у пэўны час у пэўным месцы. Даволі эфектыўныя абыгрыванне атрыбутаў і выкарыстанне вершаваных радкоў, песень і загадак: “На гульню вас запрашаем і ўсмешку абяцаем! Дружна ў кола ўставайце ўсе — шмат радасці ў гульні!”, “Дзеці, дзеці, усе сюды! Тут вясёлая гульня! Раз, два, тры, чатыры, пяць — мы збіраемся гуляць!”. Важна памятаць, што тлумачэнне гульнявых правіл павінна быць як мага больш кароткім, зразумелым, эмацыянальным і цікавым для дашкольнікаў.
— Беларускія народныя гульні дазваляюць у займальнай форме замацаваць і ўдасканаліць асноўныя віды рухаў, — заўважае Хрысціна Мароз. — Так, у гульні “Конiкi” замацоўваюцца скачкі на дзвюх нагах з прасоўваннем наперад, а ў гульні “Барада” — кіданне мяча.
Педагог абавязкова акцэнтуе ўвагу дзяцей на нацыянальных асаблівасцях гульняў, актыўна звяртаецца да малых фальклорных жанраў народнай творчасці, такіх як заклічкі, лічылкі, дражнілкі, песенькі: “Раз, два, тры, чатыры, пяць, // Выйшаў зайчык пагуляць, // А за зайцам — шэры воўк, // Воўк у зайцах знае толк!”; “Раз, два, тры, чатыры, // Кошку грамаце вучылі: // Не чытаць, не пісаць, // А за мышкамі скакаць”. Усё гэта не толькі развівае маўленне, але і выхоўвае паважлівыя і каштоўнасныя адносіны дашкольнікаў да роднай мовы. Набыты рухальны вопыт дзеці выкарыстоўваюць у іншых відах дзейнасці, напрыклад, у гульнях-драматызацыях.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ