Як трапіць у зорку,

- 11:54Практыкум

альбо Лічбавыя інструменты на ўроках у школе

Выкарыстанне лічбавых інструментаў у працэсе навучання дапамагае педагогу сістэматызаваць матэрыял і пабудаваць вучэбныя заняткі з улікам прынцыпаў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання, адкрывае дадатковыя дыдактычныя магчымасці: наладзіць зваротную сувязь, забяспечыць інтэрактыўны дыялог, камп’ютарную візуалізацыю вучэбнай інфармацыі, правесці камп’ютарнае мадэляванне, аўтаматызаваць працэсы кіравання вучэбнай дзейнасцю. Гэта засведчыла адкрытая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дарожная карта лічбавай трансфармацыі адукацыі”, арганізаваная Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі.

Настаўніцы матэматыкі і інфарматыкі Мінскай міжнароднай гімназіі Людміле Варонінай зрабіць урокі больш глыбокімі і цікавымі дапамагае лічбавае асяроддзе Desmos — бясплатны анлайн-калькулятар для пабудовы графікаў, які працуе як дадатак для браўзера і як мабільны дадатак. З ім матэматычныя функцыі могуць быць адлюстраваны графічна ў самыя кароткія тэрміны.

— Desmos — гэта не класічная геаметрычная праграма, такая як Geogebra, у якой вы можаце ствараць пункты, лініі і кругі пстрычкамі або дотыкамі, — адзначае Людміла Аляксееўна. — Desmos патрабуе ўводу адпаведнага функцыянальнага ўраўнення пры адлюстраванні функцыі. Вопытныя і навучаныя карыстальнікі могуць адлюстроўваць функцыі сінуса і косінуса і многае іншае. Мяняючы значэнні, можна непасрэдна назіраць эфекты на графіку. Пры рабоце важна выкарыстоўвац­ь розныя дзеясловы і назоўнікі. Практыкаванне становіцца нецікавым і стамляльным, калі навучэнцы бачаць у заданні а­дзін і той жа дзеяслоў зноў і зноў (скажам, вылічыць). Павінна быць разнастайнасць: лічыць, спрачацца, прадказваць, пацвяр­джаць, параўноўваць і г.д. Напрыклад, у практыкаванні для адпрацоўкі пабудовы графікаў я прашу навучэнцаў малявац­ь накіды, вырашыць спрэчку, прааналізаваць. Камп’ютарная матэматыка звычайна робіць упор на найбольш фармальную, абстрактную і дакладную матэматыку. Мы ведаем, што такая матэматыка дакладная і эфектыўная. Гэта таксама тая матэматыка, якую камп’ютары добра ўмеюць ацэньваць. Але нам таксама неабходна атрымаць доступ да нефармальнага разумення матэматыкі вучнем і выкарыстоўваць яго як сродак падрыхтоўкі да вывучэння гэтай фармальнай матэматыкі. Так што спачатку я прашу ацэнак перад разлікамі, здагадак перад доказамі, эскізаў перад графікамі. Напрыклад, у актыўнасці “Волат Марчэла” мы адказваем на пытанні: “Як вы думаеце, што робіць волатаў прапарцыянальнымі?”, “Што робіць волатаў непрапарцыянальнымі?”, “Пабудуйце прапарцыянальнага волата Марчэла. У колькі разоў вы зробіце Марчэла вышэйшым за Дэна?”. Далей будуем вочы, рот і меч у тых жа прапарцыянальных адносінах з дапамогай рухомых паўзункоў. Задаём пытанне: гэта тое, што вы прадугледзелі? Вяртаемся на папярэдні экран і спрабуем зноў да таго часу, пакуль не бу­дзем упэўнены, што, паглядзеўшы на любы графік, мы зможам прадказаць, як будзе выглядаць волат.

У рабоце з Desmos настаўніца імкнецца ствараць праблемныя сітуацыі. Напрыклад, у актыўнасці “Пасадка самалёта” першы экран просіць вучняў “пасадзіць самалёт”. Пры гэтым цэнтральнай праблемай выступае вывучэнне лінейных функцый. На занятках Л.А.Вароніна прапануе вучням заданні для разважанняў. Навучэнец маніпулюе адной часткай графіка, а іншая частка мяняецца. “Калі мы папросім навучэнцаў змяніць першую частку графіка так, каб другая дасягнула пэўнага мэтавага значэння ці каардынаты, магчыма, нават верагодна, навучэнец выканае заданне шляхам здагадак і праверкі, наогул не думаючы матэматычна. Замест гэтага можна ненадоўга адкласці гэтую зваротную сувязь і папрасіць вучня падумаць, дзе павінна быць першая частка графіка, каб другая дасягнула мэты. Затым праверыць свой прагноз на наступным экране. Гэтае ўмяшанне ў цыкл зваротнай сувязі можа аднавіць рэфлексію і метапазнанне задачы”, — заўважае педагог.

Серыя гульняў Marble, а таксама такія актыўнасці, як “Гульня ў шарыкі”, “Пападзі ў зорку” і інш., прапануе навучэнцам мноства магчымасцей для дынамічных проб і памылак, для маніпулявання схіламі, пакуль яны не збяруць усе зоркі. Таксама ў гэтых заданнях прапанавана некалькі пытанняў, дзе навучэнцы не могуць маніпуляваць графікам, перш чым адказац­ь. Магчымасць праверыць сваю работу з’явіцца толькі пасля таго, як яны дадуць адказ. Сярод актыўнасцей Desmos ёсць заданні на мадэляванне, калі дзеці эксперыментуюць, працуючы з паўзунком, і бачаць змены непасрэдна на гэтай інтэр­актыўнай “клятчатай паперы”. Тут няма нічога тыпавога, а ёсць пошук і эксперымент. Прычым актыўнасці маюць цікавыя наз­вы, напрыклад, “Паляванне на зомбі”, а не “Рашэнне лінейных і квадратных няроўнасцей”, што, безумоўна, уплывае на матывацыю школьнікаў да вывучэння матэматыкі.

Адной з эфектыўных платформ настаўніца матэматыкі ліцэя № 1 Мінска Таццяна Дудкіна лічыць Online Test Pad — адукацыйны анлайн-сэрвіс для стварэння тэстаў, апытальнікаў, крыжаванак, лагічных гульняў і комплексных заданняў. Online Test Pad дае магчымасць выкарыстоўвац­ь гатовыя матэрыялы іншых настаўнікаў; ствараць аўтарскія апытанні, тэсты; канструяваць крыжаванкі; распрацоўваць комплексныя заданні; пісаць сцэнарыі ўрокаў; арганізоўваць сістэму дыстанцыйнага навучання; трэнінг-кабінет дазваляе аб’яднаць заданні розных настаўнікаў у адным месцы (код доступу і пароль прадастаўляе настаўнік).

— Сэрвіс Online Test Pad — гэта цудоўны інструмент для арганізацыі як бягучага, так і тэматычнага кантролю, што значна аблягчае працу настаўніка, — адзначае Таццяна Рыгораўна. — Разгледзім перавагі анлайн-сэрвісу ў выглядзе тэстаў па тэмах. Першае, што хацелася б адзначыць, гэта просты і зразумелы інтэрфейс. Для таго каб пачаць работу з гэтым анлайн-сэрвісам, вам дастаткова будзе зарэгістравацца на сайце https://onlinetestpad.com/ru/account/register. Зручная панэль інструментаў дапаможа інтуітыўна знайсці па­трэбны элемент. Напрыклад, каб стварыць тэст, карыстальніку неабходна на верхняй панэлі галоўнай старонкі націснуць кнопку “Тэсты” і затым выбраць патрэбны раздзел (адукацыйныя, псіхалагічныя, забаўляльныя). Прычым рэсурс дазваляе не толькі выкарыстоўваць гатовыя тэсты, але і ствараць свае: для гэтага неабходна зайсці ў створаны профіль і выбраць на панэлі інструментаў злева іконку “Тэсты”.

Гэты анлайн-сэрвіс вылучаецца сваімі пашыранымі магчымасцямі. На галоўнай старонцы справа, на ўкладцы з вашым імем у выпадаючым спісе выбіраеце “Тэсты”. Затым на экране можна ўбачыць акно, падзеленае на 3 зоны: панэль рэдактара, панэль пытанняў і панэль тыпаў пытанняў. Па­нэль рэдактара ўключае ў сябе “Дашборд”, “Настройкі”, “Пачатковую старонку”, “Пытанні” і інш. Панэль тыпаў пытанняў прапануе шэраг функцый: адзіночны выбар, множны выбар, увод ліку (як частка В на цэнтралізаваным тэсціраванні), адказ у адвольнай форме, устанаўленне паслядоўнасці, інтэрактыўная дыктоўка і інш. А таксама ёсць магчымасць скапіраваць заданні з іншага тэста. Шырокі пералік тыпаў пытанняў дазваляе настаўніку праявіць творчасць і крэатыўнасць пры складанні тэставых заданняў.

Яшчэ адной перавагай сэрвісу з’яўляецца наяўнасць зваротнай сувязі, гэта значыць магчымасць бачыць вынікі пройдзенага тэста навучэнцамі. Распрацоўшчыкі добра прадумалі гэты момант. Напрыклад, калі тэст складзены, можна зрабіць наступныя крокі: змешваць пытанні, змешвац­ь варыянты адказаў, забараніць не адказваць на якое-небудзь пытанне, абмежаваць час праходжання тэста, адразу паказвац­ь правільны варыянт адказу і многае іншае. Вельмі важным момантам з’яўляецца абмежаванне па праходжанні, гэта значыць, навучэнец не можа з адной і той жа прылады прайсці тэст больш за адзін раз. Таксама можна зрабіць так, каб навучэнцы адразу не бачылі свой вынік, а толькі настаўнік у сваім акаўнце мог убачыць вынікі ўсіх навучэнцаў. Сёння актыўна ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца электронныя дзённікі і журналы, таму настаўніку дастаткова пакінуць спасылку на тэст, каб навучэнцы маглі яго прайсці, а можна выкарыстац­ь кодавае слова ці абысціся без яго.

Настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 15 Мінска Вольга Ганчар у практыцы сваёй работы выкарыстоўвае анлайн-сэрвіс Wizer.me для стварэння рэсурсаў з мэтай рэалізацыі тэхналогій перавернутых заняткаў, фармірую­чага ацэньвання, змешанага навучання (інтэрактыўных рабочых лістоў для практычнай работы або дамашніх заданняў, бланкаў для выніковай ацэнкі, анкет і форм зваротнай сувязі).

— Wizer.me — гэта просты і хуткі інструмент для стварэння інтэрактыўных рабочых лістоў па гісторыі з заданнямі і практыкаваннямі, у тым ліку і на аснове відэа, — адзначае Вольга Мікалаеўна. — Можна скарыстацца ўжо створанымі рабочымі лістамі па многіх тэмах, а можна стварыць свае. Ёсць магчымасць арганізацыі групавой работы ў сэрвісе. Настаўнік стварае працоўныя лісты на аснове відэаўрокаў, прымацоўвае да іх розныя заданні і запрашае навучэнцаў да работы. Навучэнцы рэгіструюцца ў сэрвісе і выконваюц­ь прапанаваныя заданні. Педагог можа праглядаць адказы вучняў у асабістым кабінеце. З дапамогай сэрвісу можна ствараць цікавыя дыдактычныя матэрыялы па любой тэме школьнай праграмы па сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі з выкарыстаннем тэкстаў, відэа, аўдыя, малюнкаў, у тым ліку інтэрактыўных. Відэаўрок можна ўбудаваць у старонку сайта або блога. Створанай работай настаўнік можа падзяліцца па электроннай пошце і ў сацыяльных сетках.

Сярод тыпаў заданняў, якія прапаноўваюцца вучням, Open Question — адкрытае пытанне (настаўніца задае памер поля, у якое будзе ўведзены адказ; адказы, якія потым ацэньваюцца педагогам, вучні друкуюць або запісваюць у выглядзе аўдыяфайла); Multiple Choice — выбар адказаў з прапанаванага спіса (у якасці варыянтаў адказу выкарыстоўваецца тэкст, карцінка; правільны варыянт адказу задаецца настаўніцай, праверка ажыццяўляецца аўтаматычна); Blanks — у­стаўка прапушчаных у тэксце слоў; Fill On An Image — подпісы на малюнку (адказы задаюцца для аўтаматычнай праверкі); Matching — адпаведнасць (вучням неабходна ўстанавіць адпаведнасць і злучыць лініяй) і інш.

Пасля завяршэння работы па складанні заданняў педагог адпраўляе спасылку на гатовы інтэрактыўны працоўны ліст навучэнцам. Каб адправіць запоўнены працоўны ліст, навучэнец націскае Hand in. Work (“Адправіць”). Дадаць водгук аб рабоце ці дадатковыя каментарыі педагог зможа ў дыялогавым акне, размешчаным у ніжняй частцы ліста з адказамі навучэнца. Водгук неабходна захаваць і адправіць.

На думку В.М.Ганчар, выкарыстанне адукацыйных дадаткаў на вучэбных занятках па гісторыі спрыяе фарміраванню большасці ўніверсальных вучэбных дзеянняў навучэнца: асобасных, рэгулятыўных, пазнавальных, камунікатыўных.

Для праверкі ведаў навучэнцаў і атрымання зваротнай сувязі настаўніца хіміі сярэдняй школы № 54 Мінска Вольга Іванова лічыць эфектыўным інтэрнэт-сэрвіс Testmoz, які дазваляе ствараць заданні анлайн. Гэты лічбавы інструмент мае дастаткова просты інтэрфейс, на аснове якога можна складаць не толькі тэсты з адназначным, множным выбарам, адказам “так” / “не”, але і арганізоўваць заданні па знаходжанні правільных суадносін, адказу на пытанне. Інтэрнэт-сэрвіс таксама дазваляе пісаць тэксты, паведамленні, эсэ, што пашырае магчымасці выкарыстання яго настаўнікамі-філолагамі. Пры праверцы тэставых заданняў праграма аўтаматычна прадастаўляе падрабязную справаздачу аб выніках тэсціравання ў выглядзе агульнага працэнта выкананай работы, а таксама колькасць атрыманых балаў за кожнае заданне. У справаздачы адлюстраваны дата, час, выдаткаваны на саму работу. Пры неабходнасці можна разгарнуць выкананую работу кожнага навучэнца і самастойна праверыць, калі ў заданні прысутнічае адкрытае пытанне. Прыемнымі бонусамі сэрвісу Testmoz з’яўляюцца абмежаванні, якія можна ўстанаўліваць самастойна: заданні бачны ўсе цалкам альбо кожнае на асобнай старонцы; пераходзіць да наступнага задання можна толькі пасля адказу альбо вяртацца зноў і зноў; паказваць правільныя адказы пасля праходжання альбо не (для выключэння перадачы аднакласнікам); паказвац­ь вынік ці не (калі прысутнічаюць заданні адкрытага тыпу). Можна абмяжоўваць час выканання і выстаўляць колькасць спроб для аднаго навучэнца. Для ажыццяўлення зваротнай сувязі дастаткова бясплатных функцый, але гэты сэрвіс валодае вялікай колькасцю пашыраных магчымасцей, якія прадастаўляюцца на платнай аснове.

— Для сябе я знайшла наступныя вартасці і недахопы, — адзначае Вольга Алегаўна. — Сярод вартасцей — прыемны знешні выгляд з магчымасцю выбару пэўнай каляровай схемы; адсутнасць рэкламы пры выкананні заданняў анлайн; абавязковая наяўнасць пароля, які ўводзіць педагог пры стварэнні тэста, што не дае магчымасць праглядзець вынікі пабочным асобам. А таксама падрабязныя справа­здачы з магчымасцю прагляду вынікаў, адказаў на пытанні; адсутнасц­ь рэгістрацыі для тэсціруемых, што дазваляе працаваць з навучэнцамі пачатковай школы альбо не вельмі прасунутымі карыстальнікамі. Недахопы: функцыянальныя абмежаванні, калі выкарыстоўваць Testmoz бясплатна.

У цяперашні час існуе вялікая колькасць ужо распрацаваных электронных сродкаў навучання па англійскай мове. Аднак яны не заўсёды адпавядаюць мэтам і задачам канкрэтных вучэбных заняткаў, індывідуальным асаблівасцям навучэнцаў. У гэтым выпадку педагог стварае ўласныя электронныя сродкі навучання, выкарыстоўваючы розныя праграмы. Так зрабіла і настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 15 Мінска Ганна Казачок, стварыўшы з дапамогай праграм MS PowerPoint і ISpring Suite ЭСН Cooking Academy. Гэты сродак з’яўляецца трэнажорам для завучвання замежных слоў для навучэнцаў 3—5 класаў. Ён уключае ў сябе інтэрактыўныя візуальныя тэматычныя слоўнікі, практыкаванні на запамінанне новай лексікі, тэсты. З назвы Cooking Academy вынікае, што навучэнец праходзіць тры прыступкі засваення матэрыя­лу: знаёмства з новай лексікай, практыкаванні на запамінанне вывучаных слоў, кантроль атрыманых ведаў. Практыкаванні і тэсты падзяляюцца па ўзроўнях (у залежнасці ад ахопу лексікі), якія, у сваю чаргу, падзяляюцца па падузроўнях (у залежнасці ад ступені складанасці). Тэматычныя слоўнікі разбіты на семантычныя групы. Так, напрыклад, група Food уключае ў сябе падгрупы: Garden, Supermarket, Cafй — у залежнасці ад таго, дзе можна знайсці тыя ці іншыя прадукты харчавання. Інтэрактыўныя візуальныя слоўнікі дазваляюць навучэнцам не проста завучваць новыя словы, але адразу ж праводзіць асацыяцыю з прадметам, з якім яны даўно знаёмы ў навакольным свеце. Створаны з выкарыстаннем яркіх малюнкаў, мноствам візуальных эфектаў, уключаючы розныя формы трэніровачных практыкаванняў, гэты рэсурс дазваляе засяродзіць увагу школьніка на вучэбным матэрыяле і забяспечвае яго цікавасц­ь да тэмы

На думку Г.С.Казачок, выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў дазваляе не толькі павысіць эфектыўнасць навучання, але і стымуляваць навучэнцаў да далейшага самастойнага вывучэння англійскай мовы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.