Настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска настаўнік-метадыст Алена Дубанос выкарыстоўвае праектную дзейнасць для развіцця функцыянальнай адукаванасці дзяцей. Творчыя і сацыяльныя праекты паступова ператварыліся ў праекты школьнай бізнес-кампаніі «Будуем разам!», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
На ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці педагог развівае ў сваіх выхаванак практычныя прадпрымальніцкія навыкі. Так, пры вывучэнні раздзела праграмы «Асновы гатавання ежы» яны разлічваюць каларыйнасць прадуктаў і страў, складаць меню з улікам патрэб сям’і. У рамках тэмы «Этыкет дзелавога чалавека» (раздзел праграмы «Асновы дамаводства») асвойваюць асновы дзелавога этыкету і правілы яго выканання, знаёмяцца з паняццем рэзюмэ і вучацца яго складаць. Працуючы над швейнымі вырабамі, атрымліваюць уяўленне аб эканомным расходаванні матэрыялаў.
Алена Дубанос праходзіць з дзяўчынкамі шлях ад выкарыстання элементаў праектнай дзейнасці ў 5-х класах да самастойнага выканання індывідуальных праектаў у 9-х.
– Падрыхтоўчая частка праекта выконваецца пад маім кіраўніцтвам. Пасля вучаніца працуе самастойна, прадумваючы асаблівасці свайго вырабу. Стварае эскіз, рыхтуе чарцёжную дакументацыю, падбірае неабходныя матэрыялы і інструменты, аптымальную тэхналогію вытворчасці. Далей праект рэалізоўваецца на практыцы, складаецца растлумачальная запіска, рыхтуюцца варыянты прэзентацыі гатовага вырабу, – адзначае настаўніца.
Пяцікласніцы пад кіраўніцтвам Алены Дубанос вучацца асновам эканамічнай адукаванасці, разлічваюць сабекошт будучага вырабу, параўноўваць выдаткі на яго вытворчасць з коштам гатовага прадукту. У 6-м класе, калі вывучаецца раздзел «Асновы дамаводства», дзяўчынкі выконваюць індывідуальны міні-праект па арганізацыі прыёму гасцей і вырабе кувертнай карткі. Работа над такім міні-праектам фарміруе асновы дамашняй эканомікі. Сямікласніцы даюць абгрунтаваную ацэнку вырабу, эканамічна разлічваюць яго рэнтабельнасць і распрацоўваюць рэкламу. Пры асваенні раздзела «Асновы вырабу швейных вырабаў» дзяўчынкі ствараюць эскіз штор для швейнай майстэрні, падбіраюць матэрыялы, разлічваюць сабекошт вырабу і рэкламуюць яго. У 8-м класе кожная вучаніца ўмее паэтапна распрацоўваць мадэль, складаць тэхналагічную карту, ствараць выраб, разлічваць яго эканамічную вартасць, прапаноўваць варыянты яго прымянення. У 9-м дзеці самастойна выконваюць праект, даказваюць рацыянальнасць свайго рашэння. На абарону распрацоўкі вучаніца выходзіць з гатовым вырабам і апісаннем этапаў яго выканання.
– Мы далучаем дзяўчынак да вырашэння канкрэтных сацыяльна значных праблем. Падтрымліваем іх ініцыятыву праз вучнёўскія сацыяльныя праекты, якія рэалізоўваем на факультатыўных занятках і ў аб’яднаннях па інтарэсах, – расказвае Алена Дубанос. – Вучаніцы майструюць сувеніры для выхаванцаў дзіцячага дома. Летам, напрыклад, дзяўчынкі з 9–10-х класаў далучыліся да сацыяльнага праекта «Падары радасць». У рамках часовай занятасці яны працавалі швачкамі на працягу 10 дзён. Пашылі камплекты пасцельнай бялізны, якія падарылі падапечным Ваўкавыскага раённага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Паступова мы прыйшлі да ідэі арганізаваць школьную бізнес-кампанію, якую назвалі «Будуем разам!».
Дзяўчынкі пачалі шыць рабочыя рукавіцы для будаўнічых арганізацый, атрыбутыку для аздараўленчых лагераў, спецадзенне для ўрокаў працы і дзяжурства ў сталовай. Заказы паступаюць у школу, заключаецца дагавор, а аплата ажыццяўляецца безнаяўным шляхам (на рахунак установы). Для камерцыйнага заказу грошы бяруцца са статутнага капіталу кампаніі, а на сацыяльныя праекты – з прыбытку.
Юныя прадпрымальніцы прыдумваюць ідэі, пішуць бізнес-планы, арганізоўваюць вытворчасць, клапоцяцца пра рэалізацыю прадукцыі, рыхтуюць справаздачныя і фінансавыя дакументы і прэзентуюць кампанію на выставах.
– Функцыянальная адукаванасць заключаецца ва ўменні выкарыстоўваць набытыя веды, уменні і навыкі для вырашэння жыццёвых задач ва ўсіх сферах дзейнасці. Праектная дзейнасць дазваляе інтэграваць тэорыю з практыкай, фарміруе ключавыя кампетэнцыі, неабходныя ў сучасным свеце. Мае вучаніцы не проста засвойваюць пэўны матэрыял, яны становяцца актыўнымі ўдзельніцамі адукацыйнага працэсу, а значыць больш падрыхтаванымі да жыцця і прафесійнай дзейнасці, – падсумоўвае Алена Дубанос.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы