У дзіцячым садзе № 5 Жыткавіч створаны дзіцячы атрад аховы птушак. Разам з педагогамі выхаванцы распрацавалі інтэрактыўны гульнявы дапаможнік “Энцыклапедыя “Крылатыя насельнікі Палесся”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Фота Алега Ігнатовіча
— Ці бывалі вы на Тураўскім лузе? Гэта самае буйное месца гнездавання і прыпынку птушак падчас міграцыі, — гаворыць загадчык установы Алена Аўдзейчык. — На жаль, не ўсім птушкам удаецца прадоўжыць свой маршрут, некаторыя вымушаны застацца. Даведаўшыся пра такую праблему, мы стварылі атрад аховы птушак і пачалі клапаціцца пра крылатых, удзельнічаць у акцыях, вучыць гэтаму іншых. Бацькі выхаванцаў майструюць кармушкі і шпакоўні для экалагічнай сцежкі дзіцячага сада “Горад птушак”. Усе клапоцяцца пра тое, каб птушкі, якія засталіся на зімоўку, не галадалі: раздаюць лістоўкі жыхарам горада, пішуць лісты ў іншыя дзіцячыя сады і школы, каб ніхто не застаўся ў баку ад праблемы.
Для таго каб клапаціцца пра птушак, трэба ведаць іх асаблівасці. Педагогі разам з выхаванцамі наведалі станцыю кальцавання ў Тураве, дзе назіралі за работай арнітолагаў, менавіта за самім працэсам акальцоўвання крылатых. Тураўскі луг вельмі ўразіў дзяцей! Чаму б не стварыць мультфільм пра яго — вырашылі маладыя выхавальнікі дзіцячага сада, якія ўваходзяць у склад абласной творчай групы “Белы караблік” педагагічных работкаў сістэмы дашкольнай адукацыі. У калег адпаведны вопыт яны і перанялі. Так, на базе дзіцячага сада № 5 Жыткавіч з’явілася раённая мультстудыя “Вжык”, дзе выхаванцы 5—6 гадоў пачалі вучыцца здымаць мультфільмы. Першай іх работай стала серыя мультфільмаў “На Тураўскім лузе”.
— У мінулым навучальным годзе ва ўстанове рэалізоўвалася гадавая задача па вывучэнні птушак роднага краю. Мы знялі 53 адукацыйныя мультфільмы па тэме (5 тысяч кадраў), рэалізавалі 9 праектаў (“На Тураўскім лузе”, “Экасумка замест пакета”, “Дзіўны свет насякомых”, “Багацце з балота”, “Якія сакрэты захоўваюць першацветы” і інш.), — працягвае Алена Васільеўна. — Педагогі “ажывілі” птушак Тураўскага лугу, стварылі банк 3D-аб’ектаў “Птушкі”, відэагалаграмы, якія можна праглядаць як на галаграфічным праектары, так і на звычайным тэлевізары. Такі спосаб візуалізацыі аб’ектаў дазваляе разгледзець птушак у руху, паназіраць за іх звычкамі.
Вынікам работы калектыву сада і бацькоў выхаванцаў стала стварэнне інтэрактыўнага гульнявога дапаможніка “Энцыклапедыя “Крылатыя жыхары Палесся”. Умоўна кніга падзелена на два раздзелы. У першым расказваецца пра птушак, згодна з праграмай дашкольнай адукацыі (варона, шпак, кнігаўка, снягір, дзяцел, ластаўка, верабей), а ў другім раздзеле кнігі прадстаўлена інфармацыя пра птушак Тураўскага лугу, сярод якіх кулік-сарока, гальштучнік, турухтан, хадулачнік, вялікая вераценніца, жаваранак палявы, белы бусел, крыжанка. На кожнай старонцы размешчана біялагічная характарыстыка кожнай птушкі, можна нават разгледзець яе апярэнне (узоры пёраў сабраны на Тураўскім лузе). Уся інфармацыя агучваецца пры дапамозе мультымедыйных прылад з флэш-картамі. Педагогі зрабілі падборку кур’ёзных фактаў і цікавых звестак пра кожную птушку, а разам з выхаванцамі склалі пазнавальныя апавяданні пра птушак, некаторыя заснаваны на рэальных падзеях. Энцыклапедыя змяшчае разварот, дзе знаходзяцца QR-коды на 3D-выявы птушак, відэагалаграмы, зборнік мультфільмаў пра птушак, аўдыязборнік “Галасы птушак”.
Інтэрактыўны гульнявы дапаможнік “Энцыклапедыя “Крылатыя жыхары Палесся” педагогі выкарыстоўваюць у працэсе заняткаў з дзецьмі, у ім можна знайсці адказы на многія пытанні, раскрыць таямніцы і загадкі птушынага свету. Дапаможнік нядаўна быў прадстаўлены на выставе ў ходзе пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі па пытаннях дашкольнай адукацыі, дзе атрымаў высокую ацэнку. З матэрыяламі праекта можна азнаёміцца па спасылцы.
Цікавасць выклікае яшчэ адзін інтэрактыўны праект установы пад назвай “Маршрут выхаднога дня. Пункт на карце”, у якім выхаванцы запрашаюць наведаць адметныя мясціны Жыткаўшчыны.
Надзея ЦЕРАХАВА