У дзіцячым садзе № 7 Рагачова на працягу 16 гадоў выхоўваюць на праваслаўных традыцыях беларускага народа

- 9:00Главная, Духовность и патриотизм, Образование

Упершыню на Рагачоўшчыне ідэя духоўна-­маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа прагучала ў 2007 годзе. І адразу зацікавіла педагогаў дзіцячага сада № 7 Рагачова. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На агульнагарадской бацькоў­скай канферэнцыі ў 2007 го­дзе тэму духоўна-маральнага выхавання дзяцей узняў настаяцель храма Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Рагачове протаіерэй Аляксей (Сматрыцкі), які ў той час яшчэ толькі прыступаў да службы, — успамінае загадчыца дзіцячага сада Таццяна Міхайлаўна Маголла. — І адразу ж наша ўстанова ўключылася ў інавацыйны праект “Укараненне праграмы “Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. З таго часу на аснове праграмы мы рэалізавалі чатыры праекты, якія адрозніваліся некаторымі акцэнтамі, пад навуковым кіраўніцтвам Л.У.Фінькевіч, загадчыцы кафедры псіхалогіі БДПУ, і А.В.Бройка, дырэктара Цэнтра праваслаўнай асветы прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Чарговы праект завершыцца ў 2024 годзе, але ж мы, безумоўна, працягнем працаваць з нашымі выхаванцамі ў названым кірунку.

Таццяна Міхайлаўна адзначыла, што недастатковыя веды пра праваслаўныя традыцыі не павінны быць перашкодай для педагогаў у іх жаданні ўзяцца за новы напрамак у выхаванні. Сёлета тым, хто рэалізуе інавацыйны праект, працуе ў групе, дзе ўкараняецца праграма выхавання на праваслаўных традыцыях, прадставілася ўнікальная магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень — наведаць курсы пры храме Аляксандра Неўскага. Адпаведную метадычную падрыхтоўку можна прайсці ў Гомельскім абласным ІРА. 

Адчуваю вялікую радасць і захапленне ад сваёй работы. Духоўна-маральнае выхаванне — адзін з самых любімых напрамкаў маёй дзейнасці. Гэтая тэма блізкая дашкольнікам, пранікае ва ўсе аспекты жыцця дзіцячага сада, праходзіць праз выхаванне любові да прыроды, Радзімы, сям’і, традыцый. А мы, педагогі, з’яўляемся праваднікамі гэтай любові.

Выхавальніца Таццяна Леанідаўна Жураўлёва з 2009 года далучае дзяцей да праваслаўнай культуры, фарміруе ў іх базавыя паняцці (Бог, малітва, храм і г.д.), знаёміць з формамі традыцыйнага сямейнага ўкладу. У яе групе пануе асаблівая, узнёслая атмасфера, што адлюстроўваецца і ў афармленні памяшканняў. Усё нацэлена на выхаванне ў дзецях дабрыні, спагадлівасці, увагі да людзей і прыроды, адказнасці.

Педагогі 7-га дзіцячага сада наведва­юць міжнародныя і рэспубліканскія семінары і мерапрыемствы, што праводзяцца ў рамках супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой. У маі 2023 года вопыт работы сада быў прадстаўлены на міжнародным навуковым форуме “Дэмаграфія і сямейная палітыка — 2030: апора на традыцыйныя каштоўнасці” пры ўрадзе Масквы і ўдастоены падзячнага ліста Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі. Неаднаразова ўстанова дзялілася напрацоўкамі на Свята-Еўфрасіннеўскіх педагагічных чытаннях, раённых і абласных Пакроўскіх адукацыйных чытаннях. У гэтым навучальным годзе педагогі прадставілі вопыт правядзення экскурсій па памятных месцах роднага краю на X Тураўскіх епархіяльных адукацыйных чытаннях “Праваслаўе і айчынная культура: страты і здабыткі мінулага, вобраз будучыні” і атрымалі высокую ацэнку арганізатараў і ўдзельнікаў чытанняў.

Дзіцячы сад № 7 Рагачова з’яўляецца абласной апорнай пляцоўкай па ўкараненні праграмы “Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. Гэтая праграма добра інтэгравалася з асноўнай вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. У яе ўключаны два асноўныя напрамкі — “Праваслаўная прамудрасць” і “Набожныя традыцыі”. Апошні ўключае тэмы “Захаванне праваслаўнага календара” і “Духоўная чуласць і любоў да свету людзей і прыроды”, дзе праз святаайцоўскі вопыт разглядаюцца адносіны да людзей, сям’і, Айчыны, працы, прыроды і святынь нашага народа, праваслаўнага мастацтва.

Праграма рэалізуецца ў працэсе развіццёвай, гульнявой, тэатральна-маўленчай, мастацкай дзейнасці, падчас групавых і індывідуальных маральных размоў, сумеснай працоўнай і пошукавай дзей­насці, на занятках па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства”, “Мастацтва” і інш. Для правядзення забаў, свят педагогі часта выкарыстоўваюць батлейку.

— За гады работы ва ўстанове з’явіліся свае адметнасці ва ўзаемадзеянні з прыходамі, — адзначае Таццяна Міхайлаўна. — Па добрай традыцыі з асаблівай цеплынёй праходзяць пасяджэнні бацькоўскага клуба “Крыніца”. Любім запрашаць на іх татаў, якія заўсёды знахо­дзяць агульную мову з нашым іерэем Аляксеем (Сяргеевым) — пастаянным удзельнікам сустрэч. Мэта работы клуба — павышэнне адукацыйнага і культурнага ўзроўню маладых сем’яў, прапаганда праваслаўных каштоўнасцей і традыцый.

Пры падтрымцы храма ва ўстанове створаны інфармацыйна-метадычны цэнтр, абсталяваны сучаснай аўдыя-, відэа- і мультымедыяапаратурай, з багатай бібліятэкай мастацкай і пазнавальнай літаратуры, відэатэкай для работы з бацькамі, фільмамі вядучых праваслаўных псіхолагаў, мульцікамі і пазнавальнымі перадачамі для дзяцей праваслаўнага зместу, рэпрадукцыямі са святынямі і біблейскімі сюжэтамі, фанатэкай твораў праваслаўнай музыкі.

У метадычным цэнтры захоўваюцца аўтарскія дыдактычныя гульні і дапаможнікі педагогаў сада. Сярод іх, напрыклад, гульня “Калядныя шашкі”, дапаможнік “Праваслаўныя кубікі “Выкладзі сюжэт”, які складаецца з 6 кубікаў, кожная грань якіх змяшчае малюнак аднаго з біблейскіх сюжэтаў. Згодна з правіламі, гульцам (ад 4 гадоў) трэба вызначыць, якому біблейскаму сюжэту адпавядае малюнак на грані кубіка, і скласці іх у правільнай паслядоўнасці, па сюжэтнай лініі. У дыдактычных гульнях “Гэтыя загадкавыя дабра­дзейнасці” і “Калядная ёлка” дзеці павінны выбраць дыдактычную картку з выявай ёлачнай шышкі (навагодняй цацкі) і паве­сіць яе на макет ёлкі, адгадаўшы пры гэтым загадку. Цікавы дапаможнік “Дрэва праваслаўных свят”, які складаецца з макета дрэва з 4 гранямі, кожная з якіх адпавядае адной пары года. На гранях размяшчаюцца карцінкі з выявамі абразоў асноўных праваслаўных свят, да якіх прапаноўваюцца дадатковыя карцінкі-сімвалы. У дапамогу педагогу ёсць кніжкі-малышкі, у якіх апісваецца гісторыя паходжання кожнага праваслаўнага свята, яго значэнне і духоўны сэнс.

За шматгадовую работу па рэалізацыі інавацыйных праектаў па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення і плённае супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой Таццяна Міхайлаўна Маголла ўзнагароджана медалём Гомельскай епархіі БПЦ у гонар прападобнай Манефы Гомельскай, а таксама за руплівую працу ў славу Царквы Божай адзначана медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

 У работу па духоўна-маральным выхаванні сёння ўключаны 15 устаноў адукацыі Рагачоўскага раёна. Сярод іх сярэдняя школа № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі.

— Першы кабінет права­слаўнага выхавання ў Рага­чоўскім раёне з’явіўся менавіта ў нашай школе ў 2012 го­дзе. Створаны ён быў сумесна з праваслаўным прыходам храма Аляксандра Неўскага, — расказвае дырэктар школы Аляксандр Самуілавіч Лейкін. — А натхніліся мы вопытам калег з дзіцячага сада № 7. Школа прымала першых выпускнікоў сада, якія вучыліся па праграме духоўна-маральнага выхавання на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Цяпер гэтыя дзеці ўжо студэнты. А мы па-ранейшаму прымаем у сябе выхаванцаў 7-га сада (дзве трэція з іх вучацца ў нас). У школе праводзіцца факультатыў па асновах праваслаўнага выхавання з 1 па 4 клас. Школьнікі задзейнічаны ў штогадовых велікодных і калядных фестывалях, якія арганізоўваюцца ва ўстанове з 2011 года. Кульмінацыяй свят з’яўляецца пастаноўка тэматычных спектакляў з удзелам дзяцей. Акрамя таго, праходзяць конкурсы малюнкаў, чытальнікаў, вырабаў, творчых праектаў. Адзін раз у 1—2 тыдні ў кабінеце праваслаўнага выхавання вядуцца духоўныя размовы святароў з вучнямі. Школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні, штогод удзельнічае ў міжнародных праваслаўных праектах сумесна з установамі адукацыі Расіі. 

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва дзіцячага сада