Як у гімназіі № 1 Свіслачы выхоўваюць навучэнцаў у духу гуманізму

- 13:32Школа мира

Юныя міратворцы гімназіі № 1 імя П.Васіленка Свіслачы, выхаваныя на прыкладах герояў-­суайчыннікаў, разумеюць важнасць міру і згоды ў грамадстве. Сёлета ў Міжнародны дзень міру ўстанова першая ў раёне атрымала статус “Школа міру”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На прыкладзе малой радзімы

— “Школа міру” — унікальная магчымасць паказаць, што нашы вучні з’яўляюцца прадстаўнікамі аднаго з самых міралюбівых народаў. Але рабіць гэта трэба абавязкова на прыкладах сваёй малой радзімы, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Святлана Фёдараўна Гірэй. — Наша задача ў арганізацыі такой дзейнасці, якая, з аднаго боку, закранала б агульначалавечыя, маральныя, патрыя­тычныя каштоўнасці, а з другога — прыцягвала б увагу навучэнцаў да нацыянальных традыцый, гісторыі малой радзімы.

Важна, каб кожны з іх адчуваў гордасць за свой народ, імкнуўся данесці інфармацыю пра яе і свае пачуцці іншым. Усё павінна быць цікава дзецям і блізка ім. Калі яны расказваюць пра сваіх родных, горад, Радзіму, у іх гэта выклікае пачуццё гордасці і суперажывання. Напрыклад, навучэнцаў пачатковай школы вельмі зацікавіла тэма, звязаная з традыцыямі нашых бабуль, беларускімі нацыянальнымі стравамі. Нікога не пакінуў абыякавым праект аб нашых педагогах-ветэранах. Дзеці хадзілі да іх, бралі інтэрв’ю. Такія сустрэчы выхоўваюць не толькі павагу да настаўніцкай прафесіі, да педагога, які жыве побач і ўнёс уклад у развіццё нашай установы адукацыі, а і наогул да чалавека працы.

На працягу двух гадоў у гімназіі было рэалізавана 11 даследчых праектаў, сярод якіх такія значныя, як “Мы — нашчадкі Перамогі: Беларусь — Расія” і “Педагогі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”. Навучэнцы і настаўнікі прынялі ўдзел у трох міжнародных конкурсах, шматлікіх мерапрыемствах, дабрачынных і валанцёрскіх акцыях.

Фарміраванню ў вучняў пачуцця любові і прыхільнасці да родных мясцін, цікавасці да гісторыі сваёй малой радзімы, павагі да яе традыцый і культуры спрыяў удзел 11-класнікаў у даследчым праекце “Свіслач гістарычная”. А ў рамках гімназічнага праекта “Памятаем, каб жыць!” право­дзяцца ўрокі памяці, сустрэчы з прадстаўнікамі пракуратуры горада, падчас якіх навучэнцы даведваюцца аб трагічных лёсах лю­дзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жахлівых злачынстваў фашызму. Расказваючы пра Хатынь, педагогі нагад­ваюць дзецям пра мноства па-зверску знішчаных вёсак.

Рэалізацыя праекта “Установа адукацыі Мэт устойлівага развіцця” дазволіла гімназіі заняць 2-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе па доб­раўпарадкаванні і навядзенні парадку сярод населеных пунктаў, падведамасных тэрыторый суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці і прыватных домаўладанняў. Гімназісты актыўна праявілі сябе ў акцыі “Наш утульны чысты двор”, рэспубліканскіх суботніках. Таксама прынялі ўдзел у праекце “Новае жыццё вучнёўскага сшытка”, акцыі “Зрабі свет чысцейшым”, тэматычных мерапрыемствах “Доб­рая чараўніца Зямля”, прысвечаных Дню Зямлі.

Навучэнцы, педагогі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі гімназіі пасадзілі яблыневы сад у гонар Вялікай Перамогі. Вучні ўзялі на сябе абавязак па доглядзе дрэў.

Кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні наладжана супрацоўніцтва з 11-й, 12-й пагранічнымі заставамі, аддзяленнем пагранічнага кантролю “Бераста­віца” Гродзенскай пагранічнай групы. Праводзяцца сумесныя ўрокі мужнасці з прадстаўнікамі пагранічных застаў.

Праектная дзейнасць

У рамках гімназічнага праек­та “Валанцёр — гэта крута!” ва ўстанове адукацыі створана 5 валанцёрскіх атрадаў. Валанцёры падтрымліваюць у належным стане месцы воінскіх пахаванняў, аказваюць дапамогу ветэранам педагагічнай працы і адзінокім гараджанам, удзельнічаюць у даб­рачынных акцыях.

З 2022 года вядзецца работа па рэарганізацыі музея гісторыі школы ў музей гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна. З мэтай папаўнення яго экспазіцый рэалізуюцца такія праекты, як “Педагогі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны” і “Старонкі пажоўклага альбома”. Школьнікі збіраюць матэрыялы пра педагогаў — ветэранаў вайны і запісваюць відэаінтэрв’ю з ветэранамі педагагічнай працы. Сёлета ў даследчую дзейнасць уключыцца кожны клас, у выніку будзе створана новая экспазіцыя для музея гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна.

— Праектная дзейнасць гімназіі зацікавіла нашых сяброў з Расійскай Федэрацыі, — расказала С.Ф.Гірэй. — Дарэчы, з 2022 года ў гімназіі рэалізуецца міжнародны праект “Мы — нашчадкі Перамогі: Беларусь — Расія”. У яго рамках наладжана супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 8 горада Яльца. У прыватнасці, навучэнцы і педагогі расійскай школы вырашылі прадоўжыць аўтарскі праект нашай гімназіі “Ветэран у маёй сям’і”, да рэалізацыі якога прыцягнулі баць­коў дзяцей, запісалі іх відэааповеды пра родных. Зрабілі агульны рэсурс, адно відэа патрыятычнай накіраванасці пра герояў, якія ра­зам ваявалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пачатак ёсць, упэўнена, будзе і працяг. Шмат планаў і ідэй на год бягучы, сярод іх наладжванне супрацоўніцтва з Калініградскай і Ніжагародскай абласцямі.

У гімназіі склаліся цесныя сувязі з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Арганізуюцца сустрэчы гімназістаў з настаяцелямі праваслаўных храмаў. Разглядаюцца пытанні маральнага выхавання падрастаючага пакалення, празмернага захаплення камп’ютарнымі гульнямі, непаслушэнства бацькам, распаўсюджвання сярод непаўналетніх шкодных звычак. На такіх сустрэчах адзначаецца важнасць сямейных каштоўнасцей.

Педагогі і гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях і конкурсах і нярэдка становяцца пераможцамі. На міжнародным конкурсе творчых і да­следчых работ у гонар мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, “Філарэтаўскія чытанні” Настасся Курбат атрымала дыплом I ступені. На міжнародным конкурсе Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” Ілья Гуштын заваяваў 1-е месца. Дар’я Кудракова атрымала дыплом II ступені на IV Міжнародным конкурсе выканальніцкіх відаў мастацтва “#СЯБРЫ-2022” і дыплом I ступені на міжнародным шматжанравым конкурсе “Мечтай с Музыкантофф”. Педагогі Л.А.Пабу­дзей і А.У.Калюта сталі дыпламантамі, а А.В.Тарасевіч — лаўрэатам VIII Між­рэгіянальнага фестывалю інавацыйных педагагічных ідэй “Стратэгія будучыні” сярод прадстаўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэс­публікі Беларусь. У бягучым годзе навучэнка гімназіі Ганна Пекар стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” і ўдзельніцай беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”.

Ганаровае званне “Школа міру” абавязвае педагогаў і далей выхоўваць моладзь у духу гуманізму, узаемаразумення і дружбы паміж народамі.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі