У Хатыніцкай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна аднаўляюць і захоўваюць мясцовыя спевы, танцы, гульні і абрады. Навучэнцы разам з бацькамі збіраюць сямейныя звычаі, пачутыя ў маленстве паданні і нават рэцэпты страў, якія гатавалі маці і бабулі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гэта толькі на першы погляд дробныя дэталі, а на самай справе — пачатак усіх пачаткаў. Сапраўды, усё вялікае пачынаецца з малога. У Хатыніцкай школе вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню народнай культурнай спадчыны. З 2019 года на базе ўстановы дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні на аснове нацыянальных традыцый. Курыруе гэтую дзейнасць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Зарына Амрэйчык.
— Гэта выдатная магчымасць збіраць у скарбонку народнае мастацтва, якое пакінулі нам продкі і якое прадаўжае жыць на Ганцаўшчыне. Нам важна захаваць традыцыі, каб і наступныя пакаленні цікавіліся і ведалі культурную спадчыну свайго краю, захапляліся і шанавалі яе, — расказвае Зарына Віктараўна.
У прыярытэце — даследчая дзейнасць. Школьнікамі апісаны абрады “Юр’е”, “Купалле”, “Вялікдзень”, “Каляда”, хатыніцкае вяселле, народны традыцыйны касцюм Хатыніч. Не абышлі ўвагай юныя даследчыкі і выкарыстанне элементаў народных матываў у сучасным касцюме, народную кухню.
Асобны кірунак дзейнасці — абагульненне і распаўсюджванне ў школах раёна педагагічнага вопыту па развіцці пазнавальнай цікавасці вучняў да культурна-гістарычнай спадчыны малой радзімы і нацыянальных традыцый. За ўвесь час работы цэнтра рэалізаваны 2 інавацыйныя праекты, а за апошнія тры гады праведзена 10 семінараў-практыкумаў, каля 30 майстар-класаў і звыш 45 іншых мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні на аснове нацыянальных традыцый. Усё гэта мела добрыя вынікі, пра што сведчаць шматлікія граматы і дыпломы навучэнцаў раёна на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Рэсурсны цэнтр актыўна дзеліцца сваім вопытам і напрацоўкамі. Так, нядаўна на пасяжэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў мастацтва (айчыннай і сусветнай мастацкай культуры) госці школы сталі ўдзельнікамі імпрэзы “Да вытокаў сваіх каранёў”, якую прадставіў дзіцячы фальклорны калектыў “Валошкі”. Цікава было назіраць, як вучні па-майстэрску валодаюць тэхнікай выцінанкі, вышываюць, ствараюць прыгожых народных лялек. Педагогі прымалі ўдзел у майстар-класах па вырабе лялькі-абярэга, гатаванні страў хатыніцкай кухні, а таксама развучвалі старадаўнія вясковыя гульні і танцы. Такія творчыя сустрэчы яднаюць іх удзельнікаў разуменнем важнасці ведаць мясцовую культуру і паважаць традыцыі народа, тым самым захоўваючы сувязь пакаленняў. Так ажываюць родныя вытокі, моладзь і дзеці вяртаюцца да сваіх каранёў.
Спяваць як дыхаць
Гадоў дваццаць назад Алена Казак, настаўніца музыкі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, стварыла ў школе калектыў “Валошкі” і пачала разам з дзецьмі спяваць і выконваць танцы кракавяк і “На рэчаньку”, падэспань і лявоніху. Да таго ж юныя артысты валодаюць майстэрствам біць у барабан і бубен, іграць на гармоніку і трашчотках. Для выступленняў яны аднавілі Хатыніцкі строй — мясцовае святочнае і паўсядзённае адзенне. Яно цалкам адпавядае таму, што некалі насілі карэнныя жыхары вёскі. Дарэчы, дзецям вельмі падабаецца апранаць доўгія спадніцы, сарочкі. Яны кажуць: “Народнае, яно ж самае моднае!”
Галоўная мэта гурта “Валошкі” — захаваць традыцыйнае мастацтва вёскі Хатынічы. Дзеці навучыліся працаваць на кроснах, вышываць, ствараць паясы, асвоілі хатыніцкую кухню. Але першараднае значэнне надаецца развучванню народных і абрадавых песень, саміх абрадаў, вясковых танцаў і гульняў. У скарбонцы калектыву таксама хатыніцкія павер’і, прыказкі і прымаўкі.
— Хлопчыкі і дзяўчынкі паказваюць незвычайны каларыт гучання старадаўніх вясковых песень, спрыт і грацыёзнасць у танцы, — адзначае Алена Дзмітрыеўна. — Мы ўдзячны мясцовым майстрыхам, якія навучылі дзяцей многім відам народнага майстэрства. Асабліва хочацца адзначыць народнага майстра Ніну Мікалаеўну Казак.
У Хатынічах і старэйшыя людзі, і моладзь трапятліва ставяцца да неверагодна багатай культурнай спадчыны малой радзімы. Чаго толькі варты самабытны фальклорны калектыў “Хатовічы” пад кіраўніцтвам Таццяны Іванаўны Буйкевіч. Галасы гэтых жанчын уражваюць хараством і дораць шмат радасці і натхнення. Для іх спяваць як дыхаць. За 45 гадоў існавання склад гурта паступова мяняўся. На змену старэйшым спявачкам прыйшлі маладзейшыя, і ўсе яны моцна трымаюцца свайго — у звычаях, адзенні, мове і, канечне, у спевах. Старажытная беларуская мелодыка ўвасабляецца ў гуках аўтэнтычных інструментаў, а самабытныя песні можна пачуць як у першародным варыянце, так і ў больш сучасным, пад жывую мелодыю гармоніка ў выкананні маладых салістаў. Сімвалічнае супрацоўніцтва “Хатовіч” і “Валошак”, якое знітоўвае мінулае і сучаснасць і тым самым пацвярджае правільнасць меркавання, што без ведання мінулага нельга пабудаваць будучыню. У аснове гэтай пераемнасці — сувязь пакаленняў, любоў да роднай зямлі, сваёй гісторыі, адзінства памкненняў.
Не спыніцца на дасягнутым
“Валошкі” прымаюць удзел у фальклорных святах, конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню. Прычым поспех амаль заўсёды спадарожнічае юным аматарам народнага. Так, за апошнія 3 гады калектыў атрымаў дыплом III ступені Брэсцкага аблвыканкама на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, гран-пры фестывалю фальклорнай творчасці “Палескія пераборы”. Скарбонку іх дасягненняў папоўнілі і дыплом II ступені абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” у намінацыі “Лепшая фальклорная праграма”, дыплом II ступені гэтага ж фестывалю ў намінацыі “Фальклорная спадчына”. Рэгіянальны конкурс народнай творчасці “Таленты Палесся” прынёс “Валошкам” перамогу ў намінацыі “Фальклорна-этнаграфічная творчасць”. Дыплом I ступені яны атрымалі на I адкрытым фестывалі-конкурсе вакальна-харавога мастацтва “Neoпесні.by” ў намінацыі “Аўтэнтычная песня”. Адным з апошніх дасягненняў сталі дыпломы II і III ступеней па выніках V адкрытага абласнога конкурсу тэатральнага мастацтва “Online тэатр”.
— Дадам, што нашы дзеці паказваюць заўсёды высокі ўзровень падрыхтаванасці. Гэта было б немагчыма без падтрымкі кіраўніцтва школы, без дапамогі настаўнікаў і бацькоў, — падсумоўвае Алена Дзмітрыеўна.
Гэта яшчэ адзін доказ таго, што толькі разам можна захаваць непаўторнасць і прыгажосць роднага краю, а значыць, і ўсёй краіны.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай