Лоеўская сярэдняя школа ганарова носіць імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Васільевіча Казлова, а ў гэтым годзе ёй быў прысвоены статус Школы міру. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Памяць пра штурмана далёкай разведвальнай авіяэскадрыллі, які 248 разоў узнімаўся ў неба і збіў 14 самалётаў праціўніка, разграміў штаб гітлераўскага егерскага корпуса і бамбіў склады са зброяй і боепрыпасамі, беражліва захоўваюць. У ваенны час Аляксей Казлоў страціў ступні абедзвюх ног, яго лёсам і подзвігамі цікавяцца школьнікі, якіх у даследчай дзейнасці падтрымліваюць педагогі. Дарэчы, цікавасць да навучальнай установы падагравае і той факт, што тут вучыліся дзеці, унукі і праўнукі героя.
Дырэктар школы Таццяна Кукса і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Хамічэнка
— Мы вельмі ганарымся, што наша школа з 2008 года носіць імя земляка Аляксея Васільевіча Казлова, — адзначае дырэктар школы Таццяна Кукса. — Адукацыйнае асяроддзе штосекундна нагадвае школьнікам аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і героях таго часу. На другім паверсе створана вялікая тэматычная экспазіцыя, якая дазваляе праводзіць урокі мужнасці і патрыятызму, пазакласныя мерапрыемствы. Несумненна, навучэнцы ведаюць, што Аляксей Васільевіч жыў у нашым раёне, хлопцы і дзяўчаты ў даніну памяці і павагі прыбіраюць яго магілу, а класныя і інфармацыйныя гадзіны часта прысвячаюцца гераічнаму подзвігу лаяўчаніна.
З гэтага года школа таксама атрымала ганаровы статус “Школа міру”. Навучэнцы імкнуцца прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх міратворчых ініцыятывах.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Хамічэнка працуе ў школе ўжо 17 гадоў, расказвае, што кожны год дружны калектыў стараецца ўнесці нейкую адметнасць у выхаваўчую работу.
— Несумненна, адзін з прыярытэтных напрамкаў работы з падрастаючым пакаленнем — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, аднак у апошні час таксама плённа працуем па сямейным выхаванні. Працэс педагагічнага ўзаемадзеяння з бацькамі школьнікаў дае магчымасць стварыць неабходныя ўмовы для гарманічнага развіцця асобы дзіцяці, фарміруючы ў яго жыццёва важныя якасці, — гаворыць Ларыса Уладзіміраўна. — Так, у мінулым навучальным годзе ў рамках акцыі “Шчаслівая сям’я — шчаслівае дзяцінства” арганізавалі фестываль “Алея сямейных традыцый”. Прыняць удзел адгукнуліся больш за 20 сем’яў, якія не толькі расказалі пра свае звычаі, пра спецыфіку работы, але і на справе прадэманстравалі майстэрства і талент. Кожная сям’я папрацавала на славу, прэзентавала сябе. Аказалася, што сярод удзельнікаў ёсць заўзятыя рыбакі, майстрыхі, якія пішуць карціны, шыюць, вяжуць, вышываюць, пякуць неверагодна смачныя дэсерты, вырабляюць аўтарскія мяккія цацкі, кампазіцыі з шароў, развіваюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Таксама ёсць сем’і, у якіх дарослыя і дзеці са спортам на ты, іх спартыўныя дасягненні ўражваюць. Шмат творчых сем’яў, у якіх выхоўваецца таленавітая моладзь. Былі такія ўдзельнікі, пра традыцыі якіх у школе нават не здагадваліся. Напрыклад, тата з залатымі рукамі з сям’і Кошчанка, які дорыць другое жыццё пням з каранямі, ператвараючы іх у арыгінальныя і непаўторныя прадметы інтэр’ера — сталы і крэслы. У іх сям’і выхоўваецца чацвёра дзяцей, сыны актыўна дапамагаюць бацьку ў дрэваапрацоўцы.
Педагогі заўважылі, што пасля мерапрыемства ў навучэнцаў з’явілася дадатковая матывацыя да вучобы: дзеці ганарацца дасягненнямі сваіх бацькоў, ім самім хочацца стаць крышачку лепшымі і атрымаць поспех спачатку ў вучобе. Таму калектыў вырашыў прадоўжыць працаваць у гэтым напрамку. Таксама ва ўстанове актыўна праводзіцца тата-зала, дзецям і дарослым даецца магчымасць паўдзельнічаць у спартыўных эстафетах. Па традыцыі мерапрыемства заканчваецца чаяваннем у школьнай сталовай з усімі ўдзельнікамі. Тут імкнуцца стварыць тую атмасферу, пры якой бацькі больш часу праводзілі б са сваімі дзецьмі. Вядома, спачатку зацікаўленых было не так ужо і шмат, затое зараз мора жадаючых. У школе перакананы, што работу з бацькамі трэба будаваць і падтрымліваць, таму іх разам са школьнікамі запрашаюць стаць актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праводзяцца і ў шосты школьны дзень.
— Прызнацца, няма чароўнай палачкі, па ўзмаху якой пад дахам установы аб’ядноўваліся б некалькі пакаленняў — дзеці, бацькі, бабулі і дзядулі. Таму кожны раз, аб’яўляючы новы праект, ініцыятыву, імкнёмся зрабіць гэта неардынарна і крэатыўна. І ў нас атрымліваецца. Дарэчы, дзеці зазначаюць, што школа ідзе ў нагу з часам. Напрыклад, нядаўна запусцілі чэлендж “Жураўлі нашай памяці”, у якім школьнікі самі або пры падтрымцы бацькоў павінны зняць ролік, у якім раскажуць пра сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў ваенных падзеях. Сюжэты размесцім на сайце ўстановы і ў сацсетках, за якімі зараз так сочаць выхаванцы, — падсумавала дырэктар.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара