Як у Наваполацку ўдзельнікі «Марафону адзінства» зазірнулі за далягляд дзякуючы вучоным НАН Беларусі

- 16:19Марафон единства, Новости

Выстава НАН Беларусі «Погляд за далягляд» стала рэзананснай падзеяй на наваполацкім этапе марафону, многія навучэнцы пасля яе наведвання прадметна задумаліся пра ўласны шлях у навуку. Тым больш, што выдатныя ўмовы для старту прадастаўляе ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, дзе была разгорнута экспазіцыя. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Па словах рэктара ПДУ кандыдата фізіка-матэматычных навук Юрыя Раманоўскага, універсітэт актыўна супрацоўнічае з Акадэміяй навук, ажыццяўляе сумесныя праекты, якія, у прыватнасці,  былі прадстаўлены на гэтай пляцоўцы і на выставе «Мая Беларусь» у Мінску. Кожны поспех уяўляе сабой плён руплівай працы вучоных, навуковых школ. Характэрна, што ў даследаваннях актыўна задзейнічаны аспіранты, магістранты і студэнты.  

— Стараемся іх па максімуме далучаць да навуковай дзейнасці, бо яны наша будучыня і яе будаўнікі, — падкрэсліў Ю. Раманоўскі. — Магчымасць быць пляцоўкай для правядзення марафону паказвае наша адзінства ў вырашэнні агульнай задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, — дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту. Навукова-тэхнічны прагрэс і незалежнасць у пазначанай сферы з’яўляюцца найважнейшымі задачамі для ўніверсітэтаў. Выстава дазволіла моладзі азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі Акадэміі навук, пачарпнуць ідэі для дыпломных і курсавых праектаў. Для вучоных гэта спосаб наладзіць новыя кантакты, каб дасягнуць яшчэ больш значных вынікаў на карысць Беларусі. Для школьнікаў — цудоўная прафарыентацыя. Безумоўна, для ўсіх нас — натхненне і нагода для шчырай гордасці і ўдзячнасці роднай краіне.

Прадстаўнічая каманда вучоных Акадэміі навук ярка прэзентавала айчынныя даследаванні. Авіякасмічныя і біятэхналогіі, лекі і ветэрынарныя прэпараты, функцыянальнае харчаванне і генетыка прыгажосці, шматслойныя плёначныя электрамагнітныя экраны і монакрышталі… Між іншым, у Наваполацку ўпершыню ў ходзе «Марафону адзінства» паказалі ў калекцыі штучных каштоўных камянёў не толькі сапфіры з ізумрудамі, але і рэдкі чырвоны берыл. Наведвальнікі розных узростаў у адзіным захапленні паглыбіліся ў свет унікальных лабараторных эксперыментаў, навуковага пошуку, інавацыйных праектаў, якія адлюстроўваюць важкі ўклад вучоных у развіццё навукі і тэхнікі.

Дзякуючы факсіміле даведаліся, напрыклад, як выглядае легендарнае «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча 1729 года, дзе аўтар на 250 гадоў раней за Канстанціна Цыялкоўскага прапанаваў ідэю шматступеньчатай ракеты. Атрымалі адказы, чаму ў Арктыцы дэфіцыт марожанага, па якой прычыне менавіта да беларускіх палярнікаў прыходзяць у госці замежныя калегі, каб пачаставацца гэтым халодным ласункам, і якое практычнае прымяненне маюць эксперыменты, праведзеныя ў космасе Марынай Васілеўскай. А таксама — чым можа дапамагчы выраблены беларусамі графен у выпадку тэхнагеннай катастрофы з разлівам нафтапрадуктаў, навошта чалавеку генетычны пашпарт здароўя, як выглядаюць беларускі касмічны спадарожнік і эксперыментальны лазер для рэзкі металу…

Далёка не поўны пералік, бо на выставе кожны знайшоў карыснае, перспектыўнае ў плане развіцця і прывабнае для сябе асабіста. У настаўнікаў і навучэнцаў гарэлі вочы! Характэрная дэталь: колькасць юных новапалачан, якія выбіраюць ПДУ для далейшай вучобы, штогод павялічваецца. Як паведаміў начальнік аддзела па адукацыі гарвыканкама Пётр Апановіч, сёлета ў рэгіянальны ўніверсітэт паступілі 159 з 435 выпускнікоў 11-х класаў. Іх наступны крок — навуковая кар’ера або работа на прадпрыемствах Наваполацка і суседняга Полацка.

— Наша партнёрства з сістэмай агульнай сярэдняй адукацыі і вытворчасцю грунтуецца на тым жа ключавым прынцыпе, які закладзены ў аснову «Марафону адзінства»: мы адну справу робім, — акцэнтавала ўвагу прарэктар ПДУ па навуковай рабоце кандыдат педагагічных навук Ірына Бурая. — Універсітэт быў пабудаваны, каб забяспечыць кадрамі прамысловы вузел рэгіёна, і мы з пастаўленай задачай спраўляемся. Так, згодна са статыстыкай, 70 % спецыялістаў «Нафтана» з вышэйшай адукацыяй — выпускнікі нашага ўніверсітэта. Узаемадзеянне працягваецца і тады, калі яны ўваходзяць у топ-менеджмент, займаюць кіраўніцкія пасады на прадпрыемствах. Такім чынам, мы пачынаем з інжынерных класаў і груп у школах, затым выпускаем маладыя кадры і арганізуем павышэнне кваліфікацыі для спецыялістаў плюс навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Магчыма, аднойчы гэтае трыадзінства знойдзе адлюстраванне ў новых мерапрыемствах выдатнай рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі, часцінкай якой мы цяпер маем гонар сябе называць.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара