Як у сельскай школе стварыць здароўезберагальнае асяроддзе? Адказ ведаюць малагарадзішчанскія педагогі.
З 2016/2017 навучальнага года ў нашай установе дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр “Школа — тэрыторыя здароўя”. На рахунку цэнтра ўжо шмат узнагарод. Сярод іх — дыпломы, атрыманыя па выніках аднайменнага рэспубліканскага конкурсу на лепшую рэалізацыю міжведамаснага інфармацыйнага праекта і абласнога інтэрнэт-фестывалю “Пошук! Творчасць! Поспех!”. А з бягучага навучальнага года рэсурсны цэнтр уключаны ў рэспубліканскі праект міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, які таксама называецца “Школа — тэрыторыя здароўя”.

Ва ўстанове створаны належныя ўмовы для эфектыўнай рэалізацыі праекта. У пачатковых класах ён рэалізуецца пад назвай “Школа, якая прапагандуе здароўе”.
Для малодшых вучняў патрэба ў рухальнай актыўнасці вельмі высокая, але падчас урокаў яна, вядома, змяншаецца. Таму важна забяспечыць дзецям дастатковы аб’ём сутачнай рухальнай дзейнасці ў адпаведнасці з іх узростам і станам здароўя. Настаўнікі пачатковых класаў рэгулярна праводзяць дынамічныя перапынкі пад дэвізам “Жыццё ў руху”, якія прызначаны не для фізічнага ўдасканалення, а носяць пераважна рэлаксацыйны, аздараўленчы і гульнявы характар. Акрамя таго, сумесныя гульнявыя практыкаванні педагогаў і вучняў умацоўваюць іх зносіны.
Фізкультхвілінкі на ўроках — неабходная ўмова любой адукацыйнай дзейнасці, незалежна ад узросту дзяцей. Малодшыя школьнікі з-за фізіялагічных асаблівасцей хутка стамляюцца. Фізкультхвілінкі якраз дапамагаюць расслабіцца, знізіць псіхалагічную нагрузку і засяродзіцца на вучобе. Педагогі падбіраюць цікавыя і разнастайныя практыкаванні з улікам матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей кабінетаў: з выкарыстаннем мяшочкаў на галаве, для каардынацыі, сілы і мышачнага кантролю, для развіцця гнуткасці цела, паляпшэння балансу і паставы, для вачэй.
Вучэбныя канторкі даўно сталі натуральным элементам школьнага інтэр’ера. Іх мэта — не даць умацавацца ўстойліваму дынамічнаму стэрэатыпу, звязанаму з развіццём касцёва-мышачных паталогій.
Пра карысць вучэбных канторак расказваюць буклеты “Роля правільнай рабочай паставы ў захаванні здароўя дзяцей і падлеткаў”, якія ёсць на партах кожнага школьніка.
Вучні вельмі любяць працаваць за канторкамі: становяцца на спецыяльны дыванок у шкарпэтках, па пясочным гадзінніку па чарзе мяняюць сваё месца за партай і канторкай, для каардынацыі і раўнавагі, прафілактыкі парушэнняў апорна-рухальнага апарату кладуць мяшочкі на галаву. Калі адну частку ўрока дзеці сядзяць за партай, а другую — стаяць за канторкай, захоўваецца і ўмацоўваецца цялесная вертыкаль.
Каб прыцягнуць увагу вучняў да праблемы захавання здаровай паставы, штомесяц у спартыўнай зале праводзяцца практычныя заняткі на тэму “Правілы здаровага жыцця”.
Педагогі назапасілі метадычную скарбонку рухавых гульняў, фізкультхвілінак і выхаваўчых мерапрыемстваў “Здаровае пакаленне ХХІ стагоддзя”, а таксама распрацавалі памяткі і буклеты для вучняў і іх бацькоў “Я здароўе берагу, сам сабе дапамагу”.
Аксана САКУЦЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Малагарадзішчанскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна





