У спецыяльным дзіцячым садзе № 30 Мазыра, дзе займаюцца выхаванцы з парушэннямі зроку, распрацавалі свой алгарытм работы ў праекце «Інфарматыка без разеткі», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Ініцыятыва рэалізоўваецца чацвёрты год. Са 109 выхаванцаў сада 24 наведваюць адпаведнае аб’яднанне па інтарэсах.
— Першая і асноўная прычына, па якой мы выбралі адукацыйны праект «Інфарматыка без разеткі», заключаецца ў тым, што гэта выдатная магчымасць захаваць рэшткавы зрок у нашых выхаванцаў. Бо спасцігаюць алгарытмічную дасведчанасць малыя без выкарыстання камп’ютара. А значыць, рэалізоўваецца галоўны прынцып педагогікі «не нашкодзь!», — расказала загадчыца сада Людміла Каўшарова. — Другая прычына — магчымасць у гульнявой і займальнай форме развіваць у дзяцей лагічнае мысленне і алгарытмічныя ўменні, камунікабельнасць і ўпэўненасць. Трэцяя — тыя кампетэнцыі, якія атрымліваюць на занятках па «Інфарматыцы без разеткі» нашы выхаванцы, дазваляюць настаўнікам-дэфектолагам (тыфлапедагогам) комплексна рэалізоўваць карэкцыйныя задачы, накіраваныя на пазнавальнае развіццё, прасторавую арыенціроўку і мабільнасць, зрокавае ўспрыманне, сацыяльна-бытавую арыенціроўку.
Прымаючы рашэнне аб укараненні гэтай адукацыйнай паслугі, варта паклапаціцца аб стварэнні належных умоў для гэтага. Павінна быць асобнае памяшканне для заняткаў і захоўвання вучэбна-дыдактычнага матэрыялу. Калі гэта немагчыма, то заняткі можна арганізаваць у музычнай або спартыўнай залах. Яшчэ адзін важны момант — наяўнасць камп’ютара і каляровага прынтара. Пажадана набыць ламінатар (пры ламініраванні выкарыстоўваць толькі матавую плёнку, каб не было блікаў).
— Рэалізоўваюць праграму «Інфарматыка без разеткі» ў нашай установе не толькі выхавальнікі, але і настаўнікі-дэфектолагі, бо яны маюць спецыяльную падрыхтоўку і могуць своечасова ўнесці карэктывы па адаптацыі вучэбнага і нагляднага матэрыялу для дзяцей з парушэннямі зроку, — адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Жанна Кірынская.
Дзесяць педагогаў сада прайшлі навучанне і атрымалі сертыфікаты цьютараў. За кожнай групай выхаванцаў замацавана па два спецыялісты. Аптымальная колькасць — 6—8 дзяцей у групе.
Важны крок — пошук падтрымкі ў бацькоў выхаванцаў. Уся інфармацыя аб праекце размешчана на сайце дзіцячага сада. Каардынатары і цьютары выступілі перад бацькамі з мультымедыйнай прэзентацыяй, раздалі буклеты з апісаннем праекта. Адпаведныя рэкламныя ролікі з’явіліся на YouTube і ў Instagram. Каманда праекта правяла чэлендж «5 дзён спазнаём свет без тэлевізара, камп’ютара і гаджэтаў!». Бацькі на сабе апрабавалі гульні, у якія будуць гуляць іх дзеці.
— Падрыхтоўка да заняткаў уключае вывучэнне інфармацыйна-метадычных матэрыялаў, прапанаваных ПВТ, адаптацыю ілюстрацый і малюнкаў і іх раздрукоўку з улікам асаблівасцей нашых выхаванцаў, — падкрэсліла настаўнік-дэфектолаг Марына Філіпчык. — Мы ўдзяляем вялікую ўвагу рассадцы дзяцей, патрабаванням да нагляднасці. Выбіраем простыя малюнкі, без лішніх дэталей, з выразным контурам, пры неабходнасці малюнак кантурыруем. Прымяняем падстаўкі і падкладкі, а таксама ўказкі, кончык якіх афарбаваны ў чырвоны колер, для таго, каб дзеці са слабым зрокам маглі разгледзець ілюстрацыі. Павялічваем пры неабходнасці ў памерах дэманстрацыйны і раздатачны матэрыял. На 12—15-й мінуце заняткаў абавязкова праводзім зрокавую гімнастыку.
Выкарыстоўваецца таксама і вучэбнае абсталяванне, прызначанае для развіцця зрокавага ўспрымання і арыенціроўкі ў мікрапрасторы. Напрыклад, графічная празрыстая панэль падыдзе для правядзення 34 дыдактычных гульняў і практыкаванняў па дзевяці тэмах праграмы.
— Развіццё разумовых аперацый, схематычнага мыслення, зрокава-прасторавых уяўленняў — гэта яшчэ і падрыхтоўка дзяцей да школы, — канстатавала Л. Каўшарова. — І педагогі, і бацькі заўважылі, што іх малышы сталі больш эрудзіраванымі, кантактнымі. І прыемна здзіўляюць дарослых выкарыстаннем такіх слоў, як ісціна, хлусня, кадзіраванне, алгарытм. Работа ў праекце дазволіла сабраць каманду аднадумцаў і павысіць рэйтынг установы ў Мазырскім раёне. Да таго ж мы ўдасканалілі і ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную і вучэбную базу, у нас з’явіліся новыя гульнявыя персанажы, сучасныя дапаможнікі і гульні.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





