Як у Светлагорску захоўваюць памяць пра Ізяслава Катлярова, які напаўняў сэрцы людзей светлымі марамі і памкненнямі

- 14:15Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сімвалічна, што ў Год якасці і ў Міжнародны дзень роднай мовы сярэдняй школе № 12 Светлагорска было прысвоена імя паэта, журналіста, грамадскага дзеяча Ізяслава Катлярова. Тут беражліва захоўваюць памяць пра чалавека, які напаўняў людскія сэрцы светлымі марамі і памкненнямі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Імянная гісторыя

— Насіць імя гэтага таленавітага чалавека для нашай установы — вялікая адказнасць, — адзначыла дырэктар школы Марына Тушынская. — Ён шмат зрабіў для нашага горада і ўсёй краіны. А творчасць Ізяслава Рыгоравіча — гэта адлюстраванне нашай гісторыі, культуры і традыцый. Яго вершы апяваюць любоў да роднага краю, вучаць паважаць мінулае і верыць у будучыню.

Мемарыяльная дошка ў яго гонар, якая з’явілася на будынку школы ў мінулым навучальным годзе, — толькі малая часцінка нашай памяці, мы захоўваем імя Ізяслава Катлярова ў сваіх сэрцах. Ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, у тым, што юнакі і дзяўчаты будуць з гонарам і годнасцю несці званне навучэнцаў школы імя Ізяслава Рыгоравіча, шанаваць яго памяць і, вядома, прытрымлівацца ідэйных і маральных прынцыпаў паэта: будуць патрабавальнымі да сябе, мэтанакіраванымі, развіваць цікавасць да вывучэння гісторыі і культуры сваёй краіны, раёна.

Адкрыццё музейнага пакоя — знамянальная падзея, якая стала новым пунктам адліку ў гісторыі ўстановы адукацыі. Гэтая прастора — школьны інфармацыйны цэнтр, дзе навучэнцы могуць раскрываць таленты, займацца даследчай дзейнасцю, даведвацца шмат новага і цікавага пра паэтычную спадчыну, гісторыю горада, раёна і краіны.

 

Жонка Ізяслава Катлярова Соф’я Шах

У прасторнай зале ўсё нагадвае пра неверагодна таленавітага чалавека: яркія стэнды, маляў­нічыя фотапано, якія адлюстроў­ваюць этапы жыцця, творчасці і грамадскай дзейнасці Ізяслава Рыгоравіча. На стэлажах занялі сваё пачэснае месца зборнікі з аўтографамі аўтара і яго жонкі Соф’і Шах, чорна-белыя здымкі з асабістага архіва. Гэтая музейная экспазіцыя атрымала назву “Изяслав Котляров — человек на все времена”, кожная яе частка тэматычная і адлюстроўвае адзін з бакоў шматграннай асобы.

— Адкрыццё музейнага пакоя мае важнае выхаваўчае значэнне, бо стане пастаянным напамінам падрастаючаму пакаленню аб пат­рыятызме, шчырай прыхільнасці роднаму гораду, — пад­крэсліла Марына Тушынская. — Пакой дапаможа сфарміраваць у навучэнцаў пачуццё гордасці за сваю школу і краіну, падштурхне хлопцаў і дзяўчат да актыўнага ўдзелу ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. Акрамя таго, і мемарыяльная дошка, і музейная экспазіцыя паслужаць напамінам аб тым, што школа — культурны цэнтр, дзе вучні могуць выву­чаць творчасць беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, развіваць свае таленты і здольнасці.

Педагогі праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці пісьменніка: літаратурныя гасцёўні, вечары літаратурных чытанняў. Створана кніга “Залатыя словы паэта” з выбранымі цытатамі, урыўкамі з вершаў. Выпускнік, а сёння ўжо студэнт Іван Ляцяга рэалізаваў праект “Баграціён”, “Ала”, “Шацілкі” сродкамі гра­фічнага дызайну, камп’ютарнай графікі, увасобіўшы тым самым ідэі і вобразы Ізяслава Рыгоравіча. Таксама школьнікі стварылі памятныя закладкі, прысвечаныя яго дасягненням як у творчасці, так і ў грамадскай дзейнасці. Далёка не кожны музейны пакой можа пахваліцца такой колькасцю мерапрыемстваў, якія з размахам тут праводзяцца: гутаркі, сустрэчы, дыялогі з моладдзю на актуальныя тэмы, семінары з педагагічнай грамадскасцю.

Сімвал вогненных вёсак

Жыхары Светлагорскага раёна ўспамінаюць, што раней нямым напамінам пра страшную трагедыю вёскі Ала была толькі брацкая магіла. У 1958 годзе быў устаноўлены помнік — скульптура салдата з вянком.

Энтузіясты спрабавалі збіраць грошы на больш маштабны помнік. Ініцыятарам выступіў Ізяслаў Рыгоравіч Катляроў. Пра жахлівую гісторыю ён расказваў у публікацыях у раённых, абласных і рэспуб­ліканскіх выданнях, напісаў паэму “Ала”, якую можна назваць дакументальнай, бо ўсе факты, імёны і прозвішчы ў ёй рэальныя.

У снежні 2019 года ў час сустрэчы кіраўніка дзяржавы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх УВА адна з удзельніц дыялогу расказала Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку аб трагедыі Алы і аб праекце. Паабяцаўшы садзейнічанне, Прэзідэнт стрымаў слова. Пасля таго як аб’явілі збор сродкаў, будучы помнік стаў па-сапраўднаму народным. Ізяслаў Катляроў першым пералічыў на дабрачынны рахунак грошы, падораныя яму на дзень нараджэння. Яго прыклад паўтарылі і іншыя жыхары Гомельшчыны. Так, былі пераведзены сродкі, заробленыя падчас абласнога суботніка ў гонар 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 21 чэрвеня 2020 года мемарыял афіцыйна быў адкрыты Прэзідэнтам Беларусі.

Быў зроблены яшчэ адзін важны крок на шляху аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Мемарыяльны комплекс “Ала” — сімвалічнае месца, дзе не трэба нагадваць, якой можа быць цана міру. Тут усіх аб’ядноўваюць агульны боль і смутак, а таксама на­дзея і вера ў тое, што такая трагедыя больш ніколі не паўторыцца. Тут знішчана 1758 жыццяў, з іх 950 дзіцячых.

Кожная дэталь мемарыяльнага комплексу напоўнена глыбокім сэнсам. Так, цэнтральная дарожка, якая ідзе праз увесь мемарыял, паўтарае напрамак былой цэнтральнай вясковай вуліцы. Па задуме аўтараў, адноўлены маршрут сваёй няроўнасцю не дае расслабіцца і ўвесь час трымае наведвальнікаў у напружанні. Няроўныя пліткі чырвонага колеру адлюс­троўваюць шлях праз вуглі на папялішчы. На месцы згарэлых дамоў — стылізаваныя брамкі. Бетонныя пліты з выразанымі ў іх сілуэтамі людзей ствараюць нябачную прысутнасць мясцовых жыхароў. Да асноўнай мемарыяльнай зоны, дзе размешчаны брацкая магіла, званіца, стэла з набатным звонам, трэба ісці праз парталы, на якіх напісана колькасць ахвяр таго страшнага дня: 1758 мірных жыхароў, з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 100 мужчын. А бетонныя прамавугольнікі — ці то парты, за якія ніколі не сядуць дзеці, ці то памінальныя сталы…

Эмоцый дабаўляюць камяні — скульптуры ў цэнтральнай кампазіцыі. Гэта таксама заслуга Ізя­слава Катлярова. Іх стварылі на арганізаваным ім тэматычным пленэры скульптары з усёй краіны.

Майстар слова

Ізяслаў Рыгоравіч Катляроў нарадзіўся ў 1938 годзе ў Чавусах Магілёўскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Быў літаратурным супрацоўнікам газеты лётчыкаў грамадзянскай авіяцыі. З 1966 года жыў у Светлагорс­ку. Амаль 35 гадоў аддаў раённай газеце “Светлагорскія навіны”: літсупрацоўнік, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара. Многія яго публікацыі сталі журналісцкім летапісам горада і раёна.

Ізяслаў Катляроў — аўтар 44 кніг паэзіі і прозы. Ім перакла­дзены на рускую мову вершы многіх знакавых беларускіх паэтаў. Пра незвычайны талент гэтага чалавека сведчаць яго шматлікія зборнікі, дакументальныя аповесці, вершы, сярод якіх “Вернасць”, “Бэз на папялішчы”, “Дыялог”. Ён аўтар кніг паэзіі пра Вялікую Айчынную вайну і пасляваенны час, а таксама зборніка праваслаўнай паэзіі, вершаў, адрасаваных дзецям. Усе творы ўражваюць сваёй глыбінёй і змястоўнасцю, жыццёвай мудрасцю.

Пра творчы працэс майстар паэтычнага слова казаў так: “Вершы не пішуцца, а дыхаюцца, а дакладней — выдыхаюцца словы…” І гэта паэт рабіў філігранна. Словы складаліся ў непераўзыдзеныя метафары, нечаканыя эпітэты і разгорнутыя параўнанні. І ад гэтага яго паэзія здаецца па-за часам і па-за прасторай.

Ізяслаў Рыгоравіч стаў адным з ініцыятараў і стваральнікаў Светлагорскай гарадской карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пра­нішнікава, якую ў далейшым ён узначальваў на працягу 16 гадоў. Быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Гомельскага аблвыканкама і інш.

Яму належаць ідэі стварэння памятнага знака, прысвечанага пачатку аперацыі “Баграціён”, мемарыяльнага комплексу “Ала”, помніка шляхцічу Раману Шацілу. За актыўны ўдзел у захаванні гістарычнай памяці ў 2021 годзе Ізяслаў Катляроў стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі яму было прысвоена званне “Пісьменнік года”. Паэт узнагароджаны памятным медалём “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”. Дзякуючы яго ініцыятыве, Светлагорск Гомельскай вобласці стаў пабрацімам аднайменнага горада Калінінградскай вобласці.

На жаль, 26 чэрвеня 2023 года на 86-м годзе жыцця сэрца Ізяслава Рыгоравіча перастала біцца. Маштаб яго асобы такі, што, успамінаючы Ізяслава Катлярова, думаеш пра гісторыю краіны, народа. З калегамі-журналістамі ў адным з інтэрв’ю ён сказаў: “Мой чалавечы прынцып: адносіны з людзьмі добрыя, альбо вельмі добрыя, альбо ніякія. Вазьміце яго на заметку і не памыліцеся!”

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара