Як у сярэдняй школе № 1 Жабінкі ўкараняюць тэхналогію мнагамернага чытання

- 12:03Образование

У сярэдняй школе № 1 Жабінкі імя І.М.Зубачова паспяхова рэалізаваны рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці ў малодшых вучняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння шмат гаво­раць пра функцыя­нальную дасведчанасць, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Інга Лазоўская. — І гэта не дзіўна. У сучасным зменлівым свеце дзеці павінны хутка арыентавацца ў розных сітуацыях і вялікім інфармацыйным патоку, актыўна выкарыстоўваць набытыя веды, уменні і навыкі для вырашэння пэўных жыццёвых задач у розных сферах дзейнасці і сацыяльных зносін. Найбольш важным этапам у развіцці функцыянальнай дасведчанасці вучняў з’яўляецца пачатковая школа, калі яны інтэнсіўна асвойваюць розныя віды маўленчай дзейнасці: пісьмо, чытанне, гаварэнне і слуханне. Тэхналогія мнагамернага чытання вельмі дапамагае ў гэтым.

На працягу двух гадоў жабінкаўскія педагогі рэалізоўвалі адпаведны праект, распрацоўшчыкам і кансультантам якога выступіла прафесар кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога ІРА кандыдат педагагічных навук Святлана Гін. У праекце ўдзельнічалі 44 малодшыя школьнікі і настаўнікі пачатковых класаў Наталля Рашоўская, Святлана Галавенка і Святлана Чыжыкава пад кіраўніц­твам дырэктара Ірыны Панфіла і яе намесніка Інгі Лазоўскай.

— Дзеці працавалі па адмысловых маляўнічых падручніках-сшытках “Будаўніцтва дома дружбы” (2 клас), “Што расказалі Ушаны?” (3 клас) і “Я ахоўваю…” (4 клас), — расказвае Інга Лазоўская. — Акрамя таго, школьнікі з задавальненнем вывучалі міксы з дадатковымі заданнямі, накіраванымі на пашырэнне кругагляду, развіццё ўвагі і логікі. Педагогі працавалі па спецыяльных дапаможніках для заняткаў на аснове рэкамендацый да ўсіх заданняў. Работа над праектам нікога не пакінула абыякавым. Навізна і незвычайнасць заданняў прыцягвалі ўвагу кожнага, у тым ліку настаўнікаў, якія часам станавіліся вучнямі, бо не ведалі, куды іх завядзе ланцужок асацыяцый і адказаў і якім атрымаецца канчатковы вынік.

Па словах Інгі Лазоўскай, заняткі па тэхналогіі мнагамернага чытання адрозніваюцца па структуры ад звычайных урокаў і накіраваны найперш на развіццё лагічнага мыслення, аналітычных навыкаў, уменняў ставіць пытанні, абагульняць атрыманую інфармацыю і рабіць высновы, што забяспечвае метапрадметнасць і інтэграцыйны характар адукацыйнага працэсу.

Вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню камфортнага псіхалагічнага асяроддзя на занятках і сітуацыі поспеху, адсутнасці часавых і якасных рамак у навучанні, максімальнай самастойнасці дзяцей.

— Для вучняў ладзіліся дні самаадукацыі, біржы працы, дынамічныя паўзы, — працягвае Інга Лазоўская. — Дзеці наведвалі школьную і раённую бібліятэкі, удзельнічалі ў літаратурных і інтэлектуальных конкурсах і віктарынах. Так, напрыканцы першага года рэалізацыі праекта яго ўдзельнікі вырабілі домікі дружбы, вылепілі іх жыхароў (Чабурашак) і падарылі ўсё гэта выхаванцам дзіцячага сада № 6 Жабінкі. Настаўнікі Наталля Рашоўская і Святлана Чыжыкава правялі з дашкольнікамі гутарку на тэму дружбы. Дзетсадаўцы з вялікай цікавасцю разглядалі падарункі, абмяркоўвалі, якіх яшчэ жыхароў паселяць у новыя домікі і як здорава мець сапраўдных сяброў. У сваю чаргу школьнікі азнаёміліся з сучасным дзіцячым садам, адкрытым у 2022 годзе. А развучыўшы новыя рухальныя практыкаванні, вучні адправіліся ў групы прадоўжанага дня, дзе правялі вясёлыя дынамічныя фізкультмінуткі. Дзецям спадабалася выступаць у ролі настаўнікаў і вучыць іншых таму, чаму навучыліся самі.

Эфектыўнасць інавацыйнай дзейнасці ацэньвалася з дапамогай дыягнастычных мерапрыемстваў па розных методыках. Акрамя таго, чацвёртакласнікі выканалі комплексную работу па літаратурным чытанні, рускай мове, матэматыцы і прадмеце “Чалавек і свет”, а таксама паў­дзельнічалі ў школьным, раённым і абласным этапах алімпіяды па функцыянальнай дасведчанасці “Пасля ўрокаў” для малодшых школьнікаў, каб замацаваць навыкі па выкарыстанні несуцэльных тэкстаў у рэальнай жыцця­дзейнасці.

— Педагогі-інаватары на працягу трох гадоў вялі дзённікі, дзе занатоўвалі асабістыя і творчыя дасягненні, паказчыкі эфектыўнай інавацыйнай дзейнасці і праблемы, аналізавалі і асэнсоўвалі ўласны прафесійны вопыт, — заўважае Інга Лазоўская. — Акрамя таго, настаўнікі актыўна займаліся самаадукацыяй, удзельнічалі ў тэматычных семінарах і вэбінарах, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню. Назапашаны інавацыйны вопыт прэзентаваўся на абласным семінары для кіраўнікоў раённых (гарадскіх) метадычных аб’яднанняў дырэктараў устаноў адукацыі, І Міжнародным форуме настаўнікаў пачатковых класаў, раённых семінарах-практыкумах для калег, майстар-класе для студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, абласной панараме вопыту… Матэрыялы ўдзельнікаў праекта размешчаны ў зборніку работ пад рэдакцыяй Святланы Гін.

Дзякуючы інавацыйнай дзейнасці, жабінкаўскія педагогі на практыцы пацвердзілі эфектыўнасць тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў, павысілі прафесійныя кампетэнцыі. З завяршэннем праекта работа ў гэтым кірунку не спынілася. Так, інавацыйны педагагічны вопыт выкарыстоўваецца як навучальны рэсурс на розных метадычных мерапрыемствах. На базе аднаго з 3-х класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Калі вучыцца лёгка. У свеце ведання і пазнання” па фарміраванні чытацкай дасведчанасці вучняў.

— Інавацыйны праект дазволіў нам не толькі па-новаму паглядзець на адукацыйны працэс, укараніць эфектыўныя тэхналогіі ў работу педагогаў і заняцца пошукам новых, але і павысіць пазнавальную актыўнасць дзяцей, развіць іх увагу і мысленне, — падагульняе Інга Лазоўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ