Іванаўскі раённы цэнтр турызму, экалогіі і патрыятычнага выхавання сёлета атрымаў статус шматпрофільнай установы дадатковай адукацыі. У 2023 годзе тут адкрыўся раённы цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў “Шчыт”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Першапачаткова наш цэнтр меў турыстычна-краязнаўчы профіль. Некалькі гадоў назад мы пачалі развіваць эколага-біялагічны кірунак, а таксама ваенна-патрыятычны, — расказаў дырэктар установы Аляксандр Шурхай. — Са снежня 2023 года на нашай базе адкрыўся цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў Іванаўскага раёна “Шчыт”, які ўзначаліў маёр запасу Мікалай Маркевіч. На заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы для асваення тэм, якія патрабуюць адпаведнай матэрыяльнай базы, да нас прывозяць старшакласнікаў з усяго раёна. Тут дзейнічаюць чатыры аб’яднанні па інтарэсах “Абаронца Айчыны” і “Пошукавікі” і ваенна-гістарычны клуб “Гвардзеец”, удзельнікі якога, дарэчы, былі задзейнічаны ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Карасіна”. Наш цэнтр курыруе дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах, якія створаны ў школах раёна. Аказваем ім дапамогу ў адукацыйным працэсе, пры падрыхтоўцы спаборніцтваў.
— У нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з раённым ваенным камісарыятам, вайсковай часцю 92504 у Брэсце і з Пінскім пагранічным атрадам, — расказвае кіраўнік цэнтра “Шчыт” Мікалай Маркевіч. — У госці да нас прыходзяць прадстаўнікі ўстаноў адукацыі ваеннай накіраванасці. Заняткі праводзяць супрацоўнікі органаў пагранслужбы. У іх ліку першыя выпускнікі ваенна-патрыятычнага класа пагранічнага напрамку сярэдняй школы № 2 Іванава і выпускнікі Інстытута пагранічнай службы лейтэнанты Мікалай Вакульчык і Яўген Барысюк, якія расказваюць школьнікам пра сучасную пагранічную службу. Частыя госці цэнтра “Шчыт” — удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане. Мы наладзілі сувязі з раённай арганізацыяй “Беларускі саюз афіцэраў”, старшыня якой — падпалкоўнік Іван Мацейчык — з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ў мотальскай сярэдняй школе № 2 і выкладае ў нашым цэнтры.
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні мотальскай сярэдняй школы № 2 Іван Мацейчык праводзіць заняткі па ваеннай тапаграфіі
Тэарэтычныя заняткі і прафарыентацыйныя мерапрыемствы, урокі мужнасці і сустрэчы з удзельнікамі баявых дзеянняў, работнікамі ваенкамата, РАНС і іншых зацікаўленых структур звычайна праходзяць ва ўтульнай канферэнц-зале цэнтра “Шчыт”. Сёлета тут з’явіліся новыя стэнды, прысвечаныя партызанскаму руху ў Іванаўскім раёне, героям-афганцам і героям Беларусі. Паназіраць за тым, як навучэнцы цэнтра прымяняюць на практыцы атрыманыя веды, можна ў вучэбным класе, спартыўнай зале і ціры.
— Наша спартыўная зала падыходзіць для правядзення раённых і абласных спаборніцтваў па турызме розных катэгорый і кірункаў. Сёлета ў нас быў адкрыты цір для пнеўматычнай стральбы. На яго будаўніцтва выдзелены сродкі з раённага суботніка ў памеры 20 тысяч рублёў, а таксама спонсарскія і бюджэтныя сродкі, — адзначае дырэктар установы. — Пабудаваны скаладром, што стала магчыма пасля перамогі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, якія праводзіць абласная асацыяцыя дэпутатаў, у выніку чаго атрымана фінансаванне ў памеры 48 тысяч рублёў. Абноўлены клас для заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы, з’явіліся новыя раздзявалкі для вучняў. Набыты спартыўныя карты, сіламі педагогаў абсталяваны палігоны па турыстычна-прыкладных мнагаборствах. У нас працуюць два аб’яднанні па інтарэсах “Спартыўнае скалалажанне”. З дзецьмі займаецца Дар’я Рута, майстар спорту па спартыўным турызме.
У спаборніцтвах сярод навучэнцаў і педагогаў цэнтра часта прымаюць удзел прадстаўнікі сілавых структур — РАНС, РАУС, Дэпартамента аховы МУС. Для школьнікаў гэта магчымасць непасрэдна ўбачыць майстэрства прафесіяналаў.
Юнакі і дзяўчаты на практычных занятках прадэманстравалі свае навыкі па разборцы і зборцы зброі і аказанні першай дапамогі пры крывацёках. Хуткасць выканання заданняў — адзін з галоўных паказчыкаў.
— Нарматыў разборкі аўтамата для вучняў 11 класа складае мінуту, — растлумачыў педагог кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні мотальскай сярэдняй школы № 1 Барыс Сурыкаў. — Некаторыя юнакі і нават дзяўчаты паспяваюць за 30—35 секунд не толькі разабраць, але і сабраць аўтамат. Навучэнец 11 класа Рудскай сярэдняй школы Уладзіслаў Карповіч — абсалютны рэкардсмен у разборцы-зборцы пісталета, паспявае за 4,6 секунды. Такія апантаныя школьнікі, як правіла, нацэлены на атрыманне адпаведных прафесій.
На занятках па тактычнай медыцыне педагог кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Тышкавіцкай сярэдняй школы Мікалай Бондар тлумачыў алгарытм аказання першай дапамогі пры крывацёках, назваў тыповыя памылкі, якія можна пры гэтым зрабіць. Юнакі і дзяўчаты дэманстравалі, як правільна спыніць крывацёк. Мяркуецца, што чалавек быў паранены ў левае перадплечча і ў правую нагу. Вызначыць дакладную лакалізацыю крывацёку ў рэальных баявых умовах складана, паколькі на байцу надзета бялізна, форма, бронеахова. Таму жгут накладваецца ў вобласці пахвіны параненай нагі і ў раёне пляча параненай рукі. Абавязкова фіксуецца час, калі гэта было зроблена (жгут накладваецца на адну гадзіну). Для адпрацоўкі навыку маладыя людзі прымянялі спецыяльны жгут-турнікет. Паспець па нарматыве трэба было за 10—12 секунд.
— Наперадзе лета. Ужо ў першыя дні чэрвеня другі раз мы будзем праводзіць ваенна-патрыятычную змену “Шчыт” для дзесяцікласнікаў у аздараўленчым лагеры “Брыганціна”, у рамках якой арганізуем ваенна-палявыя зборы, — расказаў Аляксандр Шурхай. — Летась у зборах удзельнічалі 123 дзіцяці, усім вельмі спадабалася. Яшчэ два нашы профільныя лагеры (па 40 дзяцей у кожным) будуць дзейнічаць на базе школ. Для навучэнцаў на канікулах мы таксама ладзім паходы, спаборніцтвы, злёты.
Педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Цунік падрыхтаваў зборную раёна да адкрытага чэмпіянату Брэсцкай вобласці па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму памяці Д.М.Карбышава, які прайшоў напрыканцы красавіка і дзе каманда Іванаўскага раёна заняла 3-е месца.
На базе Іванаўскага раённага цэнтра турызму, экалогіі і патрыятычнага выхавання працуюць тры аб’яднанні па інтарэсах экалагічнай накіраванасці. Заняткі з дзецьмі праводзіць педагог дадатковай адукацыі Вікторыя Змушко. Арганізуюцца настольныя гульні, квесты, брэйн-рынгі, экспедыцыі, экскурсіі, акцыі. У жывым кутку навучэнцы даглядаюць шыншыл, хамякоў, рыбак, курэй. Працуюць на вучэбных градках. У планах — будаўніцтва міні-цяплічкі.
Дырэктар установы Аляксандр Шурхай з’яўляецца інструктарам-метадыстам па турызме, атэставаным экскурсаводам. Для навучэнцаў раёна вядуцца экскурсіі. У цэнтры ёсць свой аўтобус МАЗ на 22 месцы. Прадастаўляюцца платныя паслугі па пражыванні навучэнцаў і турыстаў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА