Як удасканаліць работу цэнтраў кампетэнцый устаноў прафесійнай адукацыі

- 11:04Актуально, Образование

Напрамкі ўдасканальвання работы цэнтраў кампетэнцый устаноў прафесійнай адукацыі абмеркавалі на семінары­-нарадзе ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Дзяржава ўкладвае немалыя бюджэтныя сродкі ў стварэнне падобных цэнтраў, — падкрэсліў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі. — Надышоў час прааналізаваць эфектыўнасць выканання пастаўленых задач і скаардына­ваць рух на перспектыву. У першую чаргу размова пра пашырэнне сеткавых узаемадзеянняў і выкарыстанне наяўных рэсурсаў усімі профільнымі ўстановамі рэгіёна, каб фарміраваць кампетэнцыі сучаснага спецыяліста нават з пэўным апярэджаннем на будучыню. Акрамя таго, мы гаворым пра ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі, бо магчымасці цэнтраў мэтазгодна выкарыстоўваць для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі дарослага насельніцтва. Ва ўмовах скарачэння працоўных рэсурсаў узнікае пытанне своечасовага іх пераразмеркавання з улікам запытаў эканомікі рэгіёнаў і краіны ў цэлым. Гэтую задачу здольны выра­шыць цэнтры кампетэнцый, дзе ёсць неабходныя кадры і абсталяванне. Адпаведна, трэба выбудоўваць механізмы ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі і прадпрыемствамі, разам з тым пастаянна аналізаваць, дзе мы маем патэнцыял у працоўных рэсурсах і як яго можна ўзмацніць. Безумоўны прыярытэт — павышэнне якасці пад­рыхтоўкі, што ў многім зале­жыць ад распрацоўкі новых праграм, абнаўлення зместу. У гэтым сэнсе цэнтры кампетэнцый — якраз тыя пункты, якія напрамую адчуваюць, якія змяненні адбываюцца ў патрабаваннях да работніка і нацэлены тут жа ўносіць гэтыя змяненні ў кароткачасовую або ў асноўную адукацыйную праграму.

На прававым рэгуляванні дзейнасці цэнтраў кампетэнцый засяродзіў увагу прарэктар РІПА Мікалай Булько. Ён праінфармаваў, што зараз у Беларусі дзейнічае сетка з 52 цэнтраў кампетэнцый па розных напрамках.

Колькасць навучэнцаў, хто зай­маецца тут па асноўных адукацыйных праграмах, штогод узрастае і толькі ў мінулым годзе склала больш за 26 тысяч чалавек. За апошнія 2 гады значна павялічылася зацікаўленасць устаноў вышэйшай адукацыі, якія накіроўваюць сюды студэнтаў на падрыхтоўку. Разам з тым назіраецца тэндэнцыя да скарачэння навучання па праграмах дадатковай адукацыі дарослых, павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Сярод навацый, пра якія паведаміў прадстаўнік РІПА, — матэрыяльная падтрымка ў выглядзе штодзённай выплаты за кошт бюджэтных сродкаў для навучэнцаў, накіраваных па сетцы на навучанне.

— З уступленнем у дзеянне новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі распрацаваны шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць работу цэнтраў кампетэнцый, — адзначыў Мікалай Сабінавіч. — Пастаўлены асноўныя задачы, прычым частка з іх, як кажуць, навыраст, уключаючы распрацоўку новага кантэнту падрыхтоўкі пад сучасныя тэхналогіі і абсталяванне, вызначэнне перспектыўных кампетэнцый і кваліфікацый, стварэнне сістэмы іх ацэнкі. Асобна акрэслены ўмовы арганізацыі новых цэнтраў кампетэнцый. Зараз да гэтага мы падыходзім вельмі ўзважана, у цэлым іх колькасць па краіне не мянялася на працягу трох гадоў. Таму што мэта — не штучнае нарошчванне колькасці, а якасны складнік дзейнасці і стварэнне новых выключна пад канкрэтныя задачы, патрэбы рэгіёна і краіны ў цэлым. Магчыма, у нас з’явяцца цэнтры кампетэнцый, адзіныя для ўсёй краіны.

Начальнік галоўнага ўп­раў­лен­ня па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома заўважыў, што расказваць пра цэнтры кампетэнцый вобласці немагчыма ў адрыве ад інфармацыі пра маштабную работу, якая праводзіцца па забеспячэнні рэгіёна кадрамі. На сёння ў вобласці 36 каледжаў рэалізуюць праграмы ССА і ПТА, з іх 23 падпарадкоўваюцца галоўнаму ўпраўленню па адукацыі. Яшчэ 10 гадоў назад падобных устаноў было 49. У рэгіёне пайшлі па шляху ўзбуйнення каледжаў і павелічэння навучэнскага кантынгенту да 600—800 чалавек. Застаюцца пытанні, звязаныя са спецыфікай сельскіх населеных пунктаў, хаця і тут ёсць змяненні. На базе каледжаў вобласці дзейнічаюць 7 цэнтраў кампетэнцый, дзе толькі сёлета пройдуць падрыхтоўку 4,6 тысячы навучэнцаў, і 3 вучэбныя цэнтры.

Мы рацыянальна падыхо­дзім да адкрыцця спецыяльнас­цей з пункту погляду эканомікі: менавіта яна нам дыктуе запыт, а не папулярнасць з боку дзяцей і бацькоў, — расказаў Дзмітрый Леанідавіч. — Ключавая задача — збліжэнне прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі, каб быць дастаткова манеўранымі і эфектыўна працаваць па ўкараненні новых прафесій. Тое, да чаго мы заклікалі, каб прадпрыемствы далучыліся да прафарыентацыйнай дзейнасці, — у нас гэта ёсць. Мы бачым гэта ў тым ліку па колькасці прафарыентацыйных мерапрыемстваў і мэтавых дагавораў, бо за апошнія 4 гады іх заключана практычна ў тры разы больш. Гэта пацвярджае і напаўненне нашых каледжаў кантынгентам навучэнцаў. Калі раней 63 працэнты выпускнікоў базавай школы ішлі ў 10 клас, то зараз — 50 працэнтаў. Хацелася б, і мы над гэтым працуем, каб нашы прадпрыемствы больш актыўна ішлі на кантакт не толькі па прафарыентацыйнай рабоце, але і ў плане павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Важна, што ў вобласці захаваны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі: практыка адназначна пацвярджае яго неабход­насць. Лічу, што ў цэлым сістэма прафесійнай падрыхтоўкі выбудавана. Але мяжы ўдасканальванню няма, таму работы чакае многа.

Віцебскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі: ёсць прапанова арганізаваць у Беларусі конкурсы прафмайстэрства сярод майстроў вытворчага навучання.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі, на Віцебшчыне назіраецца станоўчая дынаміка па падрыхтоўцы кадраў, якія маюць павышаны разрад, у чым таксама значны ўклад цэнтраў кампетэнцый. Вельмі вялікая ўвага з 2016 года ўдзяляецца конкурсам прафесійнага майстэрства: вынікі дастаткова сур’ёзныя. Невыпадкова месцам семінара-нарады выбраны тэхнічны каледж, навучэнцы якога неаднаразова перамагалі ў падобных конкурсах на рэспубліканскім і міжнародным узроўні. Менавіта дзякуючы цэнтрам кампетэнцый наладжана якасная сістэмная падрыхтоўка будучых канкурсантаў. База ўсіх цэнтраў самая сучасная і рэгулярна абнаўляецца.

Падтрымліваю стратэгію па стварэнні профільных кластараў па кампетэнцыях. Перадавыя эфектыўныя формы работы трэба пастаянна ствараць, шукаць і пераймаць, мы павінны працаваць разам для грамадства, дзяржавы і будучых пакаленняў, — упэўнены дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. — У нашым каледжы дзейнічае цэнтр кампетэнцый сучасных будаўнічых тэхналогій. Сапраўды ёсць што паказаць і чым падзяліцца: па вядучых пазіцыях мы лідары ў краіне. Што мяне хвалюе, нам неабходны цэнтр кампетэнцый па зварачных тэхналогіях. Віцебшчына — адзіная вобласць, дзе такога няма, а ў нас выдатная база, кад­равы патэнцыял, вопыт. У плане захавання кадравага патэнцыялу хачу звярнуць увагу на неабход­насць павышэння заработнай платы маладым выкладчыкам і майстрам вытворчага навучання — інакш моцныя кадры будуць арыентавацца на вытворчасць, дзе зарплата вышэйшая. Яшчэ адна наша прапанова — падтрымаць ініцыятыву абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі па арганізацыі ў Беларусі конкурсаў прафмайстэрства сярод майстроў вытворчага навучання.

Валерый Галубоўскі:

— Работа цэнтраў кампетэнцый на Віцебшчыне адлюстроўвае спецыфіку рэгіянальнай эканомікі. Мы сёння ўбачылі лініі ўзаемадзеяння, якія дазволяць больш эфектыўна развіваць сістэму падрыхтоўкі кадраў. Цэнтры кампетэнцый дастаткова эфектыўна працу­юць лакальна ў абласцях, вырашаюць задачу сеткавага ўзаемадзеяння ў рэгіёнах. Абавязковае патрабаванне часу — наладжванне ў межах краіны гарызантальных сувязей для інтэнсіўнага абмену інфармацыяй і напрацоўкамі, стварэнне супольнасцей і кластараў адной профільнай накіраванасці. Міжрэгіянальнае партнёрства адкрывае магчымасць выхаду на новы якасны ўзровень. Такім чынам, ідзе бесперапынны працэс удасканалення. Адзначаныя пытанні мы раней абмяркоўвалі ў іншых абласцях, ёсць слушныя ініцыятывы, выказаныя нашымі калегамі ў ходзе семінараў. Абагульніўшы лепшыя практыкі і запыты рэгіёнаў, мы зробім агульны партрэт работы цэнтраў, каб згенерыраваць наяўны вопыт, выявіць цяжкасці і механізмы іх пераадолення для далейшага прыняцця рашэнняў на ўрадавым узроўні.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота БелТА і аўтара