Як удасканальваецца Нацыянальная сістэма кваліфікацый, і на якім этапе развіцця праект «Электронны каледж»

- 11:03Компетентно

Пра канцэпцыю якаснай прафесійнай адукацыі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з рэктарам РІПА, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Валерыем Галубоўскім.

— Валерый Мікалаевіч, зацверджаная нядаўна Канцэпцыя кіравання якасцю ў ПТА і ССА з’яўляецца вызначальнай на найбліжэйшыя гады і сугучная з аб’яўленай пяцігодкай якасці. У чым яе сутнасць?

— Канцэпцыя ахоплівае ўсе ўзроўні кіравання адукацыйнай галіной, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі як рэгулятара, які вызначае і рэалізуе арганізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. У ёй закладзены пастулаты новай рэдакцыі Ко­дэкса аб адукацыі. Гаворка пра тое, што каледж павінен право­дзіць самааналіз і самакантроль сваёй дзейнасці і вызначаць перыядычнасць іх правядзення. Індыкатары могуць быць сфарміраваны на аснове дзяржаўнай і ведамаснай статыстыкі, дзе закладзены вынікі дзейнасці кале­джаў згодна з запытамі Міністэрства адукацыі і заснавальнікаў навучальных устаноў. Усе даныя структураваны, і ў іх адзначаны вынікі дзейнасці навучальнай установы — правядзенне ўступнай кампаніі, выкананне катрольных лічбаў прыёму, арганізацыя адукацыйнага працэсу, выхаваўчай работы, практычнага навучання, абнаўленне адукацыйнага зместу і г.д.

Такі сістэматызаваны падыход дазваляе вызначыць тыя паказчыкі, да якіх трэба імкнуцца ў функцыянаванні ўстановы адукацыі. Усталяваўшы сабе гэтую планку, каледж аналізуе, як можна дасягнуць зададзеных мэт, і паралельна падводзіць вынікі папярэдняй дзейнасці, аналізуе перашкоды для якаснай працы. Гэта можа быць недастатковае выкананне кантрольных лічбаў прыёму, неналежнае правядзенне прафарыентацыі, неадпаведна­сць умоў нарматывам арга­нізацыі адукацыйнага працэсу, недастатковае сеткавае ўзаема­дзеянне паміж навучальнымі ўстановамі і іншае.

Міністрам адукацыі зацверджаны метадычныя рэкамендацыі па будове сістэмы кіравання якасцю на ўзроўні каледжаў. Па сутнасці, ужо сфарміраваны контур усіх кампанентаў, якія ўплываюць на якасць. Вызначаны напрамкі, якія трэба рэалізаваць, каб гэтыя кампаненты запрацавалі ўзаемазвязана і далі якасна новы ўзровень падрыхтоўкі кад­раў для эканомікі.

Якасць — катэгорыя дынамічная, яна не можа быць па­стаяннай, фіксаванай. Яе трэба ўвесь час нарошчваць з улікам тых выклікаў, якія прад’яўляе нам жыццё, патрабуе эканоміка, грамадства, новае пакаленне моладзі, педагагічная грамадскасць. У 2024 годзе мы шмат працавалі ў гэтым кірунку, асабліва ў плане падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— “Электронны каледж” таксама выконвае задачы кіравання якасцю. На якім этапе развіцця гэты праект?

— Апрабацыя праграмнага забеспячэння аўтаматызаванай сістэмы кіравання “Электронны каледж” ужо трэці год праходзіць на базе каледжаў, фі­ліялаў РІПА, а ў 2026 годзе плануем укараняць гэтую сістэму ў прафесійную адукацыю ўсюды. Сёлета пройдзе адаптацыя гэтага праекта да нарматыўнай базы з улікам змяненняў у Кодэксе аб адукацыі. Сінхронна вядзецца работа па развіцці рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, што дазво­ліць кожнай установе складаць свае рэестры з неабходнымі данымі і перадаваць іх у агульную рэспубліканскую базу. Гэта забяспечыць аператыўнасць, актуальнасць і якасць нашай дзейнасці.

— Як удасканальваецца Нацыянальная сістэма кваліфікацый?

— Нацыянальная сістэма кваліфікацый — гэта арганізацыйна-прававы механізм пад­рыхтоўкі і забеспячэння экано­мікі краіны кваліфікаванымі кадрамі. Зыходзячы са стратэгіі па яе ўдасканаленні, да гэтага года практычна ўсе звязаныя з гэтым мерапрыемствы праведзены. Сёння працуюць 22 сектаральныя саветы квалі­фікацый, куды нараўне з вытворцамі ўваходзяць прадстаўнікі РІПА. Такое ўзаемадзеянне дае нам магчымасць атрымаць папярэдні доступ да інфармацыі аб прафесійных функцыях работнікаў рэальнага сектара эканомікі, якую ў далейшым выкарыстоўваем для абнаўлення прафесійных стандартаў. Напрыклад, распрацаваны і зацвер­джаны прафесійны стандарт у галіне лічбавай метралогіі, і згодна з ім адкрыта новая спецыяль­насць на базе філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”. Для рэалізацыі новага зместу навучання створаны сучасныя лабараторыі, у якіх пачата пад­рыхтоўка спецыялістаў. Мы бу­дзем працягваць рухацца ў гэтым напрамку. Удасканаленне НСК дасць магчымасць выкарыстання прафесійных стандартаў рознымі суб’ектамі рынку працы, а таксама сістэмай адукацыі.

— На парадку дня работы парламента — прыняцце праекта Закона “Аб незалежнай ацэнцы і сертыфікацыі кваліфікацый”. У чым яго патрэбнасць?

Прагноз Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да 2030 года сведчыць, што колькасць асоб пенсіённага ўзросту павялічыцца да 21%, а гэта, па сутнасці, пятая частка насельніцтва нашай краіны. Выйсці з такой сітуацыі можна за кошт павышэння ўзроўню кваліфікацыі працуючых, а ў выніку — павышэння прадукцыйнасці іх працы, каб забяспечыць эфектыўную работу рэальнага сектара эканомікі.

У цэнтры ўвагі законапраекта — дзейнасць цэнтраў незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый, якая арыентавана найперш на рабочыя прафесіі (не закранае вышэйшую адукацыю). Сёння існуюць меркаванні, што ў гэтых цэнтрах усе жадаючыя змогуць атрымаць неабходныя сертыфікаты па той ці іншай кваліфікацыі, і для гэтага не трэба вучыцца ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Але каб звяртацца ў цэнтр для пацвярджэння сваёй кваліфікацыі, трэба спачатку ёй авалодаць, а калі яе няма, то прайсці навучанне. Трэба разумець, што правядзенне незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый ні ў якім разе не зніжае ролю сістэмы прафесійнай адукацыі і не перашкаджае яе развіццю. Калі гаварыць пра перавагу прафесійнай адукацыі над кароткатэрміновай падрыхтоўкай, то яна відавочная.

У каледжы малады чалавек атрымлівае фундаментальную тэарэтычную падрыхтоўку, якая дае магчымасць развівацца на працягу ўсяго жыцця: працяг­ваць навучанне ў вышэйшай школе, перакваліфікавацца ў іншую прафесію, прарастаць ведамі і навыкамі па вертыкалі і гарызанталі. Калі чалавек атрымлівае навык праз кароткатэрміновую праграму, то ў яго такіх траекторый прафесійнага росту няма. Але яму адкрываюцца іншыя перспектывы. Калі чалавек валодае нейкім навыкам, але не мае адпаведнага дакумента, то нормы новага закона дазволяць прадэманстраваць існуючы навык у цэнтры, і калі ён адпавядае патрабаванням прафесійнага стандарту альбо кваліфікацыйнай характарыстыкі, то чалавек атрымае сертыфікат, які дазво­ліць яму афіцыйна працаўладкавацца. Статус такога цэнтра можа атрымаць каледж, які мае адпаведную інфраструктуру. РІПА правядзе экспертызу і дасць заключэнне, ці можа гэтая ўстанова выконваць функцыі цэнтра незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый. Канчатковае рашэнне прымае сектаральны савет кваліфікацый, які вызначыць, па якіх прафесіях патрэбна праводзіць сертыфікацыю і дзе можна адкрыць цэнтр, зыходзячы з заключэння РІПА.

Сёння праект закона вывераны з усіх пазіцый: з пазіцыі чалавека, бо вырашае канкрэтную задачу хуткага змянення прафесійнай траекторыі працоўнай дзейнасці; з пазіцыі дзяржавы і эканомікі, таму што ва ўмовах востага дэфіцыту кадраў мы ствараем механізм хуткага пераразмеркавання працоўных рэсурсаў і, што самае важнае, павышаем якасць жыцця, бо спецыяліст, які пацвердзіць сваю кваліфікацыю, будзе якасна выконваць сваю работу, а значыць, якаснымі будуць тавары і паслугі. Наша цэласная сістэмная работа пацвярджае лозунг Прэзідэнта і ўрада: наша сіла — у адзінстве працаваць, ствараць дабрабыт, развіваць эканоміку і дзяржаву ў цэлым. Мы трапляем у вектар гэтай генеральнай лініі і працягваем працаваць з такімі намерамі.

Супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў

—  У праграме развіцця ПТА і ССА на 2024—2026 гады асобны блок прысвечаны ўзаема­дзеянню з заказчыкамі кадраў. Мы павінны падхопліваць вытворчыя задачы, выяў­ляць новыя функцыі, якія могуць з’яўляцца ў прафесіях, і на аснове гэтага абнаўляць змест вучэбных планаў і праграм. Адным з крокаў супрацоўніцтва з’яўляецца стварэнне на прадпрыемствах вучэбна-вытворчых майстэрань, за кошт чаго павышаецца якасць практычнага навучання. Акрамя таго, такі крок будзе даваць нам больш дакладную інфармацыю пра сучасныя патрабаванні заказчыка кад­раў, што дазволіць аператыўна ўносіць змяненні ў змест навучання.

Са свайго боку імкнёмся да больш прадмет­нага далучэння вытворцаў-галінавікоў да сістэмы прафесійнай адукацыі. Па даручэнні Міністэрства адукацыі праводзіцца серыя выязных семінараў у кожным рэгіёне, каб азнаёміць заказчыкаў кадраў з нарматыўнай прававой базай, метадычнымі распрацоўкамі падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі, нагадаць пра парадак прагназавання патрэб у кадрах праз выкарыстанне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “Заказ на падрыхтоўку кадраў”, расказаць аб дагаворным і прававым рэгуляванні, заключэнні з каледжамі дамоўленасці аб узаемадзеянні і абавязках кожнага з бакоў па арганізацыі практычнага навучання, правядзенні практык, мэтавай падрыхтоўцы, прафарыентацыі і вызначэнні патрабаванняў да зместу і ацэнкі навучання.

Акрамя таго, прадпрыемствам неабходна право­дзіць аналіз сваіх структур, улічваць абнаўленне вытворчасці сучасным абсталяваннем, вызначаць, па якіх відах прафесій існуюць вакансіі альбо дзе кадры непатрэбны. Са свайго боку сістэма прафесійнай адукацыі можа супра­ва­джаць працэс мадэрнізацыі вытворчасці, вучыць рабочых патрэбным навыкам. Сёння прадпрыемствы недастаткова эфектыўна выкарыстоўваюць базу каледжаў, непасрэдна цэнтраў кампетэнцый для перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі сваіх рабочых, таму мы будзем імкнуцца далучаць да больш цеснага з намі ўзаема­дзеяння.

Разам з тым у нашы функцыі ўваходзіць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоў­ка выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання кале­джаў. Для ўдасканалення гэтага кірунку праводзілі дыя­гностыку кампетэнцый работнікаў устаноў ПТА і ССА, каб выявіць дэфіцыт у ведах у нарматыўным прававым, навукова-метадычным забеспячэнні, у ацэначных сродках, аргані­зацыі адукацыйнага працэсу. Той недахоп ведаў, які быў выяўлены, будзе закладзены ў праграмы павышэння ква­ліфікацыі і перападрыхтоўкі. Абнаўленне зместу такіх праграм па гэтым прынцыпе бу­дзе весціся і далей.

Ала КЛЮЙКО