Як укараняліся інавацыі ў адукацыі? Пагутарылі з Георгіем Раманюком, які працуе ў школе звыш 60 гадоў

- 13:20Образование: взгляд через эпохи

Гэтым разам камандзіроўка на Случчыну была для мяне адметнай, бо суразмоўнікам стаў мой былы настаўнік. У школе Георгій Сцяпанавіч Раманюк працуе больш за 60 гадоў. З ім мы ўпершыню сустракаемся не ў нашай Вясейскай сярэдняй школе, а ў Селішчанскай, дзе ён працягвае свой педагагічны шлях.

Вучыцца, каб вучыць

Георгій Раманюк — педагог, вядомы не толькі ў Слуцкім раёне. Вясейскай школе ён прысвяціў 36 гадоў, дзе выкладаў нямецкую мову. З іх 27 гадоў працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а яшчэ 9 — дырэктарам. Тады на базе нашай школы рэгулярна праводзіліся раённыя і абласныя семінары, бо яна па праве лічылася адной з лепшых па арганізацыі работы з педагагічным калектывам. Георгій Сцяпанавіч у многіх справах быў наперадзе: з’яўляўся ўдзельнікам першага рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 1991”, апрабоўваў у школе галоўныя інавацыі ў адукацыі краіны: першы ставіў вучням дзясяткі і прапаноўваў ім заданні з зорачкай, увасабляў на ўроках уласныя ідэі і дзяліўся педагагічнымі знаходкамі з калегамі вобласці.

А пачыналася ўсё з яго прагі да вучобы. Г.С.Раманюк нарадзіўся ў Дзятлаўскім раёне ў 1944 годзе дзясятым дзіцем у сям’і. Якім бы цяжкім ні было пасляваеннае жыццё, у яго бацькоў — простых сялян — было ў прыярытэце даць дзецям магчымасць вучыцца. Пачатковая і сярэдняя школы былі паблізу, а 9—10 класы Георгій заканчваў у суседнім Навагрудскім раёне — у Ігольніках.

Яшчэ школьнікам ён марыў пра адукацыю настаўніка, але сродкаў на жыццё ў Мінску падчас вучобы ў яго вялікай сям’і не было, таму юнак паступіў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які быў усяго за 7 кіламетраў ад роднай вёскі Зарой. Хоць вучыцца Георгію было лёгка, усё ж ён адчуваў, што гэта не яго прызванне, таму праз год забраў дакументы. Уладкаваўся выхавальнікам прадоўжанага дня ў Ігольніцкую сярэднюю і ў Пушанскую вячэрнюю школы, а праз пару гадоў паступіў на філфак у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Яго Георгій Раманюк скончыў з чырвоным дыпломам. Вучыўся ў адной групе са сваёй будучай жонкай Людмілай — яны пажаніліся яшчэ студэнтамі.

Першы год маладыя настаўнікі працавалі па размеркаванні на Любаншчыне, а пасля пераехалі ў Слуцк, уладкаваліся ў прыгарадную школу ў Вясеі. Паралельна Г.С.Раманюк скончыў аспірантуру пры БДУ (аддзяленне тэорыі педагогікі), а адразу пасля яе і Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў.

Першыя дзясяткі

Наша школа — адна з найстарэйшых у раёне, ёй 112 гадоў. Яна не раз вызначалася Міністэрствам адукацыі як эксперыментальная пляцоўка па апрабацыях. Напрыклад, 10-бальная сістэма ацэньвання ведаў у нас пачала апрабоўвацца яшчэ ў 1999/2000 навучальным годзе, і толькі праз 3 гады на яе перайшлі іншыя школы краіны.

— Георгій Сцяпанавіч, тады нас, вучняў выпускнога 11 класа, гэтая інавацыя не закранула, але яе прымянялі ў 8—10 класах. Падзяліцеся, як прывыкалі да новай сістэмы ацэньвання вучні і настаўнікі?

— Першы год было няпроста. Усе “за” і “супраць” новай сістэмы мы адлюстроўвалі ў спецыяльна распрацаваных анкетах. Самым складаным для настаўнікаў было размеркаванне заданняў, якія неабходны для атрымання адзнак 9 і 10. Але ў цэлым мы перайшлі на новую сістэму даволі лёгка, бо яна аказалася больш лагічнай, дазваляла дакладней ацаніць веды вучня. Значна цяжэй было зразумець новую сістэму ацэньвання бацькам — прыйшлося актыўна папрацаваць з імі ў гэтым плане.

— Якія яшчэ эксперыментальныя кірункі рэалізоўваліся ў школе?

— Адным з галоўных кірункаў было ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу. Яшчэ на пасадзе завуча мне быў даручаны гэты ўчастак дзейнасці. Пытанне глыбока вывучалася намі на працягу шэрага гадоў. У далейшым была распрацавана методыка, прымянімая менавіта ў нашых умовах, якая паспяхова ўкаранялася ў работу педагогаў.

Шмат увагі ўдзялялі і падрыхтоўцы да пераходу на профільнае навучанне на трэцяй ступені адукацыі, увядзенню перадпрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, распрацоўцы іх структуры і асноўных прынцыпаў.

Менавіта ў нашай школе апрабоўваліся і дыферэнцыраваныя формы навучання. Імі былі ахоплены каля 66% навучэнцаў. Такім чынам мы высвятлялі, як вучань можа засвойваць веды, зыходзячы з яго здольнасцей. Мы з калегамі простыя заданні давалі тым, хто меў базавы ўзровень ведаў, нарошчвалі ўзровень складанасці для дзяцей з сярэднім і выходзілі на максімум для тых, хто здольны асво­іць найвышэйшы ўзровень. Сёння заданні з зорачкай прывычныя, уключаюцца ў многія падручнікі, а тры дзесяцігоддзі назад гэта было інавацыяй. І, дарэчы, наперакор сумненням многіх, на практыцы мы дэманстравалі, што такая градацыя ні ў якім разе не ставіць для дзіцяці планку. Ужо тады мы выпрацавалі стратэгію, як вучню з базавым узроўнем ведаў атрымаць вышэйшую адзна­ку, паступова асільваючы больш складаныя для сябе заданні — спачатку з дапамогай настаўніка, а потым і самастойна.

Моўныя ўрокі

Пра ход усіх школьных апрабацый Георгій Раманюк расказваў калегам на канферэнцыях і семінарах, выступаў з лекцыямі на курсах павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў школ вобласці, дзяліўся вопытам праз друкаваныя выданні.

Цікавыя прыёмы Георгій Сцяпанавіч прымяняў і на сваіх занятках. Гэта цяпер у праграме па замежнай мове робіцца акцэнт на развіцці камунікатыўных навыкаў навучэнцаў, а 20—30 гадоў назад асноўная ўвага ўдзялялася граматыцы, таму настаўнік шукаў іншыя спосабы развіваць у вучняў уменне гаварыць і назапашваць лексіку. Памятаю, як мы, вучні 5—6 класаў, на ўроках нямецкай мовы актыўна ўключаліся ў сюжэтна-ролевыя гульні і мадэлявалі сітуацыі зносін, не ведаючы нават, што гэта была аўтарская знаходка нашага настаўніка. Ужо тады гэтым вопытам Г.С.Раманюк дзяліўся з калегамі, якія таксама прымянялі такія прыёмы на сваіх уроках. Акрамя таго, педагог распрацаваў шэраг факультатыўных курсаў па нямецкай мове.

— Георгій Сцяпанавіч, з вышыні гадоў азіраючыся на пройдзенае, як лічыце, якія новаўвядзенні ў адукацыі былі правільнымі?

— Хоць і выклікала пэўныя цяжкасці і сумненні 10-бальная сістэма ацэньвання, усё ж яна апраўдала сябе цалкам. Як і дыферэнцыяцыя. У нас ужо і заданні ў падручніках складаюцца па такім прынцыпе — маюць розны ўзровень складанасці. Тое ж і з профілямі: выдатна, што старшакласнікі загадзя выбіраюць для сябе кірунак і яшчэ да паступлення знаёмяцца з будучай прафесіяй.

— Якой вы бачыце школу будучыні?

— Я лічу, што трэба больш давя­раць вучням. Не трэба думаць, што толькі настаўнік можа яго навучыць — значна важней даць дзіцяці магчымасць вучыцца і самастойна. Напрыклад, з інтэрнэт-матэрыялаў дзіця бярэ канву, аснову, якая дапамагае яму разабрацца з пэўнай тэмай, дапоўніць свае веды і якасна ўпрыгожыць выступленне ў класе.

— Што для вас было галоўным падчас работы завучам і дырэктарам?

— Мне заўсёды важна было на роўных выбудоўваць зносіны з калегамі. Я стараўся даваць настаўніку магчымасць выка­заць і адстаяць сваю пазіцыю. Не можа быць адзінага правільнага шляху — кожны ўдзельнік калектыву мае права ўносіць свае прапановы ў работу школы, прымяняць свае наватарскія ідэі на ўроках. У нас заўсёды было шмат творчых настаўнікаў. Шмат іх і сёння. Асабліва прыемна, што іх шэрагі папаўняюць і нашы выпускнікі, якія вяртаюцца ў родную школу.

Галоўнай была для мяне і асоба дзіцяці. Хацелася, каб кожны вучань атрымаў веды, якія адпавядаюць яго здольнасцям, схільнасцям і інтарэсам, каб яму было камфортна вучыцца. На аснове гэтага і была распрацавана канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі нашай школы. Я імкнуўся да таго, каб нашы дзеці не адчувалі сябе аб­дзеленымі ні ў плане творчай рэалізацыі, ні ў вучобе — мне важна было, каб у нашых выпускнікоў не было прабелаў у ведах у параўнанні з іншымі студэнтамі.

Георгій Раманюк мае званні “Выдатнік асветы СССР”, “Ганаровы ветэран Рэспублікі Беларусь”, узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, ордэнам Пашаны і інш.

Дадам, што для гэтага Георгій Сцяпанавіч стараўся стварыць неабходныя ўмовы не толькі на ўроках, але і на факультатыўных занятках, гуртках, на пазакласных мерапрыемствах. Напрыклад, пасля ўрокаў мы займаліся гімнастыкай і харэаграфіяй, асвойвалі вакал, ладзілі пастаноўкі ў тэатры, малявалі, шылі адзенне і мяккія цацкі. Мы часта выязджалі ў сталічныя тэатры, цырк. Актыўна ў нас развіваўся і спорт: ад шахмат і шашак да футбола і баскетбола. Мы бывалі ў паходах, ез­дзілі на турзлёты, зімой каталіся на лыжах і каньках. А што да трываласці ведаў, то прывяду ў прыклад хаця б наш клас: з 24 выпускнікоў 18 сталі студэнтамі УВА, у тым ліку і 5 медалістаў.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, мой суразмоўнік і сёння выкладае нямецкую мову ў школе. А сямейную настаўніцкую дынастыю Георгія Сцяпанавіча і Людмілы Міхайлаўны працягвае іх дачка Інеса. Яна вучыць слуцкіх школьнікаў хіміі і біялогіі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і з архіва Г.С.РАМАНЮКА