Як усе, хацеў бы ведаць мову родную і я

Пад такім дэвізам прайшоў Міжнародны дзень роднай мовы ў сярэдняй школе № 5 г.Навагрудка.

Падчас шматлікіх мерапрыемстваў выхаванцы адкрывалі таямніцы моўнай скарбонкі.

Вучняў пачатковых класаў наведаў Дзед-мовавед, які распавёў малодшым школьнікам пра гісторыю свята. Прадэкламаваныя на роднай мове вершы раскрылі значнасць матчынага слова ў жыцці кожнага чалавека.

Запамінальным стаў урок мовы для вучняў 5 “А” класа “Як усе, хацеў бы ведаць мову родную і я”. Юныя лінгвісты спаборнічалі ў валоданні лексікай беларускай мовы, перакладчыкі шукалі беларускія найменні рэчам, адкрывалі цікавыя ўстарэлыя словы.

Глыбокапазнавальнай была гадзіна-практыкум “Адкрываю нанова беларускае роднае слова”. Адзінаццацікласнікі пашырылі веды ў фразеалогіі, рыторыцы, стылістыцы беларускай мовы.

Пераканана, што нашы выхаванцы пасля праведзеных заняткаў палюбяць мову яшчэ больш, бо родная мова — візітоўка нашай краіны, адзнака самабытнасці народа. Мова — вопратка душы, і пакуль жыве мова — жыве народ, нацыя.

Аксана ЧЫСЦЯКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 г.Навагрудка Гродзенскай вобласці