Як вечны светач-полымя

- 12:52Навіны рэгіёнаў

Вопыт работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які адбыўся ў Оршы. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Акадэмія паслядыпломнай адукацыі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама.

Першай гасцей сустракала самая вялікая ў раёне школа № 20. Дырэктар школы Таццяна Кажарновіч расказала пра асноўныя дасягненні навучальнай установы. Падрабязную прэзентацыю напрамкаў выхаваўчай работы, якая тут ажыццяўляецца, правялі намеснік дырэктара школы Дзмітрый Зайцаў і прадстаўнікі педагагічнага калектыву. Школьны медыягурток прадставіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Панкратава.
Даволі нечаканы паварот: сваімі меркаваннямі аб ролі рэгіянальнага факультатыўнага курса “Оршазнаўства” ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый навучэнцаў падзяліўся вучань сярэдняй школы № 17 Оршы Міхаіл Кузьмянкоў. І выступленне атрымалася дастойнае! Шчырае захапленне ва ўдзельнікаў семінара выклікалі прэзентацыя праекта “Музей у чамадане”, гістарычная рэканструкцыя “На прывале” і адкрытая класная гадзіна, падрыхтаваныя настаўнікам сярэдняй школы № 12 Оршы, кіраўніком музея “Героі і подзвігі” Аленай Мяцельскай.
— Музей з’явіўся напярэдадні святкавання 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказала Алена Вадзімаўна. — У той час галоўнай мэтай работы следапытаў было адшукаць салдат, афіцэраў, якія вызвалялі Оршу і Беларусь, а асноўнай крыніцай служылі лісты ветэранаў, якія хацелі знайсці месцы пахавання аднапалчан або сваякоў тых, хто загінуў пры вызваленні Беларусі на Аршаншчыне. Пазней усё, што было знойдзена, стала асновай фонду музея. Сёння мы актыўна выкарыстоўваем нестандартныя, інтэрактыўныя формы работы, бо яны даюць больш магчымасцей зацікавіць навучэнцаў вывучэннем гісторыі і на парадак павялічваюць эфектыўнасць выхаваўчага ўздзеяння.
З аршанскай мадэллю выхаваўчай работы, якая грунтуецца на спалучэнні традыцый і наватарства, удзельнікаў семінара пазнаёміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэй Уладзіміравіч Загурскі.
— Рэгіянальная сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання ўключае ў сябе некалькі напрамкаў, работу ў якіх каардынуюць рэсурсныя цэнтры. У раёне дзейнічае 19 школьных музеяў і музейных пакояў. Аднымі з першых у Беларусі мы ўвялі ў школах факультатыўны рэгіянальны курс “Оршазнаўства” , які паглыбляе веды навучэнцаў пра родны край. Вялікі ўклад у захаванне культурнай спадчыны ўносяць мастацкія самадзейныя калектывы, якія збіраюць фальклор, прапагандуюць народную творчасць: “Сявенька” (сярэдняя школа № 15), “Дабраначка” (сярэдняя школа № 14), “Шчодрыца” (сярэдняя школа № 16). Усе яны з’яўляюцца ўзорнымі.
Вялікай папулярнасцю ў навучэнцаў карыстаюцца раённыя мерапрыемствы — конкурсы даследчых работ “Юны краязнаўца”, “Оршазнаўчыя чытанні”, фестываль дзіцячай творчасці “Буду зоркай” па 14 намінацыях, у якім, дарэчы, штогод прымае ўдзел да 2 тысяч дзяцей. Велізарны гісторыка-культурны матэрыял сабраны ў раённым рэсурсным цэнтры “Дакраніся да вытокаў спадчыны”. Прывычнымі і любімымі для жыхароў і гасцей раёна сталі фестывалі “Духоўныя святыні Аршаншчыны” і “Калядныя галасы”, конкурс “Велікодны куліч”, раённыя “Куцеінскія чытанні”.
Як паведаміў Андрэй Загурскі, важнае месца ў выхаваўчай рабоце адводзіцца прафілактыцы супрацьпраўных паводзін, у сувязі з чым узрастае роля ўстаноў дадатковай адукацыі. Тут займаюцца амаль 4,3 тысячы юных аршанцаў, прычым 11 % выхаванцаў — дзеці падулікавых катэгорый. Штомесяц для навучэнцаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку, праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, што дазваляе не толькі пазнаёміць іх з дзейнасцю ўстаноў дадатковай адукацыі, але і сфарміраваць уяўленне пра тое, як займальна і карысна можна праводзіць вольны час.
Яшчэ адным вызначальным фактарам у рабоце па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей выступае далучэнне навучэнцаў да сацыяльна значнай дзейнасці праз работу дзіцячых аб’яднанняў і арганізацый. На Аршаншчыне дзейнічае адна з самых буйных у вобласці раённых арганізацый БРПА, якая налічвае больш за 8,2 тысячы піянераў. І гэта не проста вялікая лічба, за ёй — якасць работы: па выніках 2014 года Аршанская раённая арганізацыя БРПА была прызнана лепшай на Віцебшчыне. У рабоце з членамі БРСМ шырока выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы. Найбольш папулярныя сярод старшакласнікаў пасяджэнні “Брыфінг-клуба”: “Я — беларус”, “Стоп-спайсы!”, “Невядомая” вядомая вайна”, “Што такое шлюб па-беларуску”. Вельмі папулярны ў раёне і КВЗ-рух, які дапамагае праз сатыру і гумар вызначаць сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. У красавіку гэтага года з’явілася новая форма аб’яднання старшакласнікаў — “Маладзёжная палата”, членамі якой сталі 28 лепшых прадстаўнікоў устаноў адукацыі.
Геапалітычная абстаноўка ў свеце вымушае па-новаму глядзець на ваенна-патрыятычнае выхаванне. Асаблівае значэнне набываюць кадэцкія і патрыятычныя класы, арганізацыі юных ратавальнікаў і юных інспектараў дарожнага руху. Правядзенне месячнікаў патрыятычнай работы, арганізацыя дзейнасці пошукавых атрадаў, якія адкрываюць невядомыя імёны герояў, працуюць на добраўпарадкаванні і аднаўленні помнікаў культуры і воінскіх пахаванняў, удзельнічаюць у шматлікіх акцыях і мітынгах — гэта толькі кароткі пералік мерапрыемстваў па азначаным напрамку.
Сістэма адукацыі цесна супрацоўнічае з рознымі раённымі службамі, арганізацыямі, ператвараючы іх у суб’екты выхаваўчага працэсу і тым самым ствараючы выхаваўчую прастору ў межах раёна. І грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адзін са складнікаў праграмы бесперапыннага выхавання навучэнцаў “Раён як цэласная выхаваўчая сістэма”.
Рэзананс мела выступленне дырэктара гімназіі Барані Аляксандра Яковіна пра рэалізацыю гісторыка-краязнаўчага напрамку выхавання праз дзейнасць гуртка “Бараньская сяліба”. Наведванне гэтага ўнікальнага па колькасці і каштоўнасці экспанатаў, утульнага і прывабнага астраўка Беларушчыны ў гімназічнай прасторы, гутарка з яго гаспадыняй Тамарай Нагорнай і яе выхаванцамі выклікала проста буру захаплення!
— Вучні любяць прыходзіць у музей, асабліва калі вывучаюць творы Коласа і Купалы, — заўважыў Аляксандр Яковін. — У той жа “Новай зямлі” мноства незразумелых сучасніку слоў, назваў прадметаў, якія ўжо практычна выйшлі з ужытку. Калі дзеці наведваюць музей і бачаць усё, пра што расказваў аўтар, — гэта, паверце, куды лепш запамінаецца і ўражвае, чым проста чытанне тэксту і тлумачэнні настаўніка.
— Трэба сказаць, што ў наш час камп’ютараў, планшэтаў гэтыя каштоўнасці нішто не заменіць, — пераканана прафесар кафедры зместу і метадаў выхавання Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар філалагічных навук, дацэнт Таццяна Валодзіна. — Калі глядзіш на выступленні дзетак — такія, як мы пабачылі сёння, разумееш, што не ўсё яшчэ страчана. Вялікі дзякуй за гэта педагогам-падзвіжнікам і кіраўніцтву аддзела і ўстаноў адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.