Як вы лодку назавяце…

Днямі на Камсамольскім возеры ў Мінску прайшоў другі этап спаборніцтваў па суднамадэльным спорце XI спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”. На працягу трох дзён 8 каманд з усіх рэгіёнаў краіны змагаліся за перамогу. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 47 суднамадэлістаў, якія займаюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі.

Першы этап спаборніцтваў, які ўключаў у сябе выступленні ў басейне, адбыўся ў сакавіку ў Слуцку (Мінская вобласць). У сталіцы ж удзельнікі спартакіяды ўступілі ў спаборніцтвы на адкрытай вадзе.
Барацьба праходзіла ў шасці класах мадэляў. На Камсамольскім возеры можна было ўбачыць радыёкіруемыя кацеры і яхты, радыёкіруемыя мадэлі-копіі ваенных караблёў і цывільных суднаў, а таксама гоначныя мадэлі. Для перамогі мала пабудаваць прыгожы караблік. Галоўнае — правільна і без памылак пераадолець усю дыстанцыю. І тут ва ўдзельнікаў розныя прыярытэты. Тыя, хто працуе з мадэлямі-копіямі, імкнуцца паказаць высокую тэхніку кіравання суднам. А вось для гоншчыкаў на першым месцы хуткасць!
Пераможцамі другога этапу спартакіяды сталі Валянцін Плішч, Станіслаў Катовіч, Дзіяна Бурэц з Мінскай вобласці, а таксама Яўген Мядкоўскі з Гродзенскай вобласці і Канстанцін Крук з Мінска. У камандным заліку лідарам стала каманда Мінскай вобласці, на другім месцы Магілёўская вобласць, на трэцім — Мінск.
Спецыяльны дыплом самай юнай удзельніцы спаборніцтваў атрымала Дамініка Значонак, якая прадстаўляла каманду Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці. Дамініцы не так даўно споўнілася 5 гадоў. На жаль, заваяваць узнагароду спартакіяды ёй так і не ўдалося, аднак юная спартсменка змагла апярэдзіць сваю старэйшую сястру.

Падрыхтавала  Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.