Як вядзецца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў дзіцячым садзе № 3 Полацка

- 17:33Образование

Як спрыяе выхаванню патрыятызму трывалае сяброўства паміж дзіцячым садам № 3 Полацка і Полацкім кадэцкім вучылішчам, в/ч 32404.

У нашым дзіцячым садзе створана сістэма работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. У цёплай атмасферы праходзяць сустрэчы дашкольнікаў з кадэтамі. Кадэты выхоўваюцца ў лепшых традыцыях слаўнай, гераічнай гісторыі нашай Айчыны. Падчас экскурсій дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту знаёмяцца з прафесіяй ваеннага, з асаблівасцямі і побытам кадэтаў. Экскурсаводамі выступаюць самі навучэнцы і педагогі вучылішча. Дзеці з цікавасцю сустракаюць кожнага юнака, з захапленнем разглядаюць форму. У вучэбным корпусе хлопчыкі і дзяўчынкі даведваюцца, як жывуць, вучацца, займаюцца спортам будучыя абаронцы Радзімы. У спартыўнай зале выхаванцы кадэцкага вучылішча прадстаўляюць дашкольнікам свае ўменні ў страявой пад­рыхтоўцы, дэманструюць фізічныя здольнасці, таксама тут праводзяцца майстар-класы.

У моманты сустрэч з нашымі сябрамі, чый ганаровы абавязак абараняць, дапамагаць, ратаваць, часта гучаць словы “мужнасць”, “абавязак”, “гонар”, “сумленне”. Вельмі хочацца, каб яны сталі для нашых выхаванцаў зразумелымі і блізкімі, суправаджалі іх па мірным, шчаслівым жыцці.

З цікавасцю выхаванцы сада разглядаюць экспазіцыю, прысвечаную выпускніку вучылішча Герою Беларусі Мікіту Куканенку. З асаблівай увагай хлопцы слухаюць аповед пра Мікіту, нашага земляка, які заўсёды марыў стаць лётчыкам, паспяхова скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча, Ваенную акадэмію і стаў афіцэрам. Яго экіпаж адвёў самалёт ад жылых дамоў цаной свайго жыцця. Кароткае, але яркае жыццё Мікіты Куканенкі, яго гераічны ўчынак будуць для нашых выхаванцаў прыкладам сапраўднага патрыятызму.

Пасля такіх сустрэч з будучымі вайскоўцамі ў душы дзяцей гарыць жаданне быць такімі ж, як яны: мужнымі, смелымі, з жаданнем абараняць слабых. Радуюць нашых дашкольнікаў і візіты ў адказ. Выхаванцы кадэцкага вучылішча ўдзельнічаюць з нашымі хлопчыкамі ў святах, спартыўных спаборніцтвах.

Таксама стала традыцыяй для дзяцей старшых груп наведванне вайсковай часці 32404. Нашы выхаванцы загадзя рыхтуюць тэматычныя канцэртныя нумары (вершы, песні, танцы), з вялікай цікавасцю дашкольнікі наведваюць казармы, дзе жывуць салдаты, знаёмяцца з умовамі нясення службы. І, вядома ж, самы цікавы момант для дзяцей — гэта магчы­масць паглядзець і патрымаць у руках зброю, пагаварыць па рацыі, паглядзець ваенную тэхніку. Для кожнага гэта нешта новае, незвычайнае. І гэтае адчуванне застаецца надоўга. Дзяцей частуюць смачнай, духмянай салдацкай кашай. А калі наведванне прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, то пасля святочнага канцэрта хлопчыкаў і дзяўчынак радуюць чаяваннем з цукеркамі і пірагамі.

Мы, педагогі, павінны разумець, як важна насыціць успрымальную душу дзіцяці ўзнёслымі чалавечымі каштоўнасцямі і выхаваць любоў і павагу да сваёй дзяржавы.

А яшчэ ў гэтым навучальным годзе нашых дзяцей пакарылі навучэнцы Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа, якія вучацца па спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. Дзеці з задавальненнем і асаблівай радасцю ўдзель­нічалі ў сумесным мерапрыемстве — свяце, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Перад пачаткам выступлення гучаў урачысты марш. Пад гукі марша ў залу быў унесены Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Застылі хлопчыкі ў страі, падцягнуліся і распрасталі плечы дзяўчынкі. Атмасфера ў зале была кранальна-ўрачыстай. Эмацыянальныя пачуцці ўдзель­нікаў мерапрыемства дапоўніла сумеснае выкананне Дзяржаўнага гімна. Навучэнцы каледжа прадэманстравалі дзецям і гледачам сваю ўдаласць і спрыт.

Жанна ЖАЎНЯРОВІЧ,
загадчыца дзіцячага сада № 3 Полацка