Як вярнуць выпускныя сачыненні ў школы?

- 15:57Паралелі, Рознае
Улічваць выніковыя сачыненні выпускнікоў школ пры залічэнні ў ВНУ прапанаваў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Адны горача падтрымалі гэтую прапанову, іншыя лічаць, што вяртанне старой формы не вытрымае сучасных умоў, патрэбна “перазагрузка”. Пра дыскусію вакол сачыненняў расказваюць расійскія СМІ.

Напрыканцы снежня 2013 года Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў ураду забяспечыць улік выніковых сачыненняў выпускнікоў школ разам з вынікамі АДЭ пры залічэнні ў ВНУ. Навацыю павінны ўвесці з наступнага навучальнага года.
Ідэю кіраўніка дзяржавы аднадушна падтрымаў цэлы шэраг палітыкаў і чыноўнікаў.
Лідар “Справядлівай Расіі” Сяргей Міронаў выказаў упэўненасць, што сачыненне канчаткова прадэманструе “непрыдатнасць адзінага дзяржэкзамену” і стане апошнім крокам на шляху поўнай адмены АДЭ.
Кіраўнік Вышэйшага савета ЛДПР Ігар Лебедзеў выказаў надзею, што сачыненне па рускай мове стане абавязковым не толькі для расійскіх школьнікаў, але і для мігрантаў з краін СНД.
Рэктар МДУ імя М.В.Ламаносава Віктар Садоўнічы назваў экзамен у выглядзе сачынення “звышправільным рашэннем”, таму што “гэта ж клопат аб моладзі”.

Па словах міністра адукацыі і навукі Дзмітрыя Ліванава, увядзенне сачынення ў якасці абавязковага выпускнога экзамену для школьнікаў будзе стымуляваць іх асвойваць усю адукацыйную праграму, а не толькі тыя прадметы, па якіх трэба будзе здаваць адзіны дзяржаўны экзамен. “Нам вельмі важна, каб вучні старшых класаў школы былі матываваны на засваенне ўсіх адукацыйных прадметаў, усёй адукацыйнай праграмы, а не толькі тых, па якіх яны будуць здаваць адзіны экзамен. Асаблівае месца займаюць літаратура і гісторыя, таму тое, што мы будзем рабіць, у тым ліку і ўвядзенне сачыненняў, накіравана менавіта на гэта”, — сказаў ён.
Аднак ёсць і іншыя меркаванні. Так, на сайце, спецыяльна створаным для абмеркавання гэтага пытання, размешчаны зварот, у якім гаворыцца: “Проста вярнуць выпускное сачыненне, якое існавала ў нашых школах да 2009 года, немагчыма і не трэба. Гэтыя творы заўсёды правяралі ўнутры школ самі настаўнікі. Практыка праверкі медальных твораў добра паказвае, што крытэрыяльнай базы для такой работы пакуль няма”. На думку многіх экспертаў, механічнае вяртанне старой формы не вытрымае сучасных умоў: сёння любая выніковая атэстацыя па законе праводзіцца ў фармаце АДЭ, таму патрэбна “перазагрузка”.
Раней на пасяджэнні рабочай групы пры Мінадукацыі і навукі абмяркоўвалася некалькі варыянтаў увядзення ў выпускным класе выніковага сачынення.
“Мая любімая мадэль — фармат вуснага экзамену, але яна даволі рэвалюцыйная”, — заявіла на пасяджэнні рабочай групы яе кіраўнік дырэктар гімназіі № 56 Санкт-Пецярбурга Мая Пільдэс.
Паводле яе задумы, сачыненне становіцца часткай майскай прамежкавай атэстацыі ў форме вуснага экзамену і выступае свайго роду допускам да выніковай атэстацыі ў фармаце АДЭ. Так, спачатку выпускнік рыхтуе індывідуальны праект у форме сачынення, а потым абараняе яго перад камісіяй. Пасля гэтага ён адказвае ў вуснай форме на праблемнае пытанне па курсе рускай літаратуры 9—11 класаў і чытае на памяць адзін з праграмных твораў.

Іншую мадэль прадставіў настаўнік рускай мовы і літаратуры Цэнтра адукацыі “Пяцьдзясят сёмая школа” Сяргей Волкаў. Па яго прапанове, першы этап уключае ў сябе ўнясенне змяненняў у частку “С” абавязковага АДЭ па рускай мове. Замест тэксту па прапанаваным урыўку на 150 слоў выпускнік піша работу, аб’ёмам не менш як 450 слоў па адной з 8—10 тэм, якія ўключаюць у сябе як тэмы па літаратуры, так і тэмы агульнакультурнага характару. Адначасова, на думку С.Волкава, неабходна пераразмеркаваць заданні частак “А” і “B”, паколькі частку пытанняў можна перанесці ў рамкі дзяржаўнай выніковай атэстацыі, якая праходзіць пасля 9 класа.
“Лінгвістычны складнік праграмы па рускай мове фактычна заканчваецца ў 9 класе, асноўную тэорыю можна праверыць там”, — сказаў С.Волкаў, аргументуючы сваю ідэю.
Той жа С.Волкаў, дарэчы, падчас расійскага літаратурнага сходу даводзіў Уладзіміру Пуціну: “Учора я пачуў, што будзе ў нас выпускны экзамен — сачыненне. Гэта, напэўна, выдатна. Але ці ведаеце вы, Уладзімір Уладзіміравіч, што ў новым стандарце ў нас не застаецца прадмета “Літаратура” ў старшай школе. У нас няма гэтага прадмета. У нас аб’яднаны прадмет “Руская мова і літаратура”. А экзамен ужо ёсць — руская мова ў форме АДЭ. Цяпер будзе другі экзамен па прадмеце, які стандартам не прадугледжаны. У нас пачнецца каласальная мешаніна, мы зараз заблытаемся ў гэтай справе, мы не ведаем, як быць”.

Некаторыя ж эксперты лічаць нагнятанне сітуацыі вакол магчымага вяртання выпускных сачыненняў штучным і не бачаць у гэтым надзвычайнай праблемы. Напрыклад, аглядальнік РІА Навіны Сяргей Петухоў сцвярджае, што зрабіць гэты крок не так ужо і складана. Па яго словах, “выпускное сачыненне ў школе адсутнічае ўсяго 4 гады, з 2009 года, калі АДЭ па рускай мове стаў абавязковым. Але нават пасля гэтага ніхто твораў (не выпускных, а руцінных, на працягу навучальнага года) са школьнай праграмы не выключаў. Проста настаўнікам стала няма калі займацца такім глупствам, як сачыненні, трэба было вучыць сваіх выхаванцаў максімальна хутка адгадваць правільны адказ з чатырох магчымых. Як у вядомай тэлегульні “Хто хточа стаць мільянерам”. Гэтай важнай адукацыйнай задачы яны прысвячалі ўвесь свой час і ўвесь свой педагагічны вопыт, таму што калі не вучыць, то за правал АДЭ спытаюць з губернатара, а той іх па галаве не пагладзіць, а можа нават зня ць гэтую самую галаву пад гарачую руку. Цяпер і губернатараў вызвалілі ад адказнасці за АДЭ і вяртаннем сачыненняў спрабуюць вярнуць здаровы сэнс адукацыі. Шкада, што толькі па славеснасці. Шкада, што ў матэматыцы або хіміі няма літаратурных твораў і дзецям па-ранейшаму давядзецца вучыцца не па гэтых прадметах, а па матэматычнай або хімічнай разнавіднасці гульні “Хто хоча стаць мільянерам”, дакладней, “Як стаць стабальнікам па АДЭ”.
Сачыненне ў якасці выпускнога экзамену ўвялі ў школе ў 1944/1945 навучальным годзе. У першы раз вучні без усялякай падрыхтоўкі напісалі іх адразу пасля перамогі. І хоць уся краіна была ў руінах, нікога гэта тады чамусьці не напалохала. Чаму палохае зараз — загадка.

Што тычыцца боязі настаўнікаў наконт адсутнасці адпаведных адукацыйных стандартаў прадмета “Літаратура”, то дарма яны так хвалююцца. Іх не было ў гімназіях, рэальных вучылішчах і кадэцкіх карпусах да рэвалюцыі. Але сачыненні на атэстат сталасці там пісалі паспяхова. Проста ад выпускнікоў тады не патрабавалі раскрыць вобраз Чацкага ці князя Балконскага, а тэмы для выпускных твораў задавалі простыя. Напрыклад, “Радзіма і чужая старонка”, “Якія прадметы складаюць багацце Расіі і чаму?”, “Як пабудаваць дом і развесці сад” — словам, тэмы бралі з жыцця, з інтэрнэту такія спампаваць складана”.