Як выбудаваць паспяховае ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў, вопытам дзеліцца сярэдняя школа № 2 Лунінца

- 10:10Образование

Аб прафесійным майстэрстве педагогаў сярэдняй школы № 2 Лунінца сведчаць поспехі іх вучняў. Значная частка дыпломаў, заваяваных алімпіяднікамі раёна на вобласці і рэспубліцы, належыць навучэнцам менавіта гэтай установы адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дырэктар школы Эдуард Антановіч упэўнены, што гэты поспех можна пароўну падзяліць паміж вучнямі, іх настаўнікамі і бацькамі. Яскравы прыклад гэтага — дасягненні вучня 6 класа Яўгена Рафаловіча, пераможцы рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка — 2025”. Хлопчык упэўнена трымаецца як на сцэне, так і ля школьнай дошкі, у яго высокія паказчыкі па ўсіх прадметах. Па выніках школьнай паспяховасці з улікам інтэлектуальных і творчых конкурсаў ён часам апярэджвае старшакласнікаў.

Свой першы дыплом пераможцы конкурсу па колькасці прачытаных твораў Жэня атрымаў у 1 класе. Дарэчы, чытаць ён навучыўся ў школе, а ўжо праз паўгода паставіў свой першы рэкорд — 113 кніг. На думку настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Пташэц, таленавіты чытач таленавіты ва ўсім.

Хлопчык паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядах, даследчых праектах, з’яўляецца пераможцам шматлікіх конкурсаў чытальнікаў.  У 4 класе ён стаў уладальнікам гран-пры IV рэгіянальнага конкурсу чытальнікаў ваеннай паэзіі “Аб героях былых часоў”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (настаўніца Людміла Пташэц). У тым жа годзе заваяваў дыплом Ι ступені ў рэспубліканскім конкурсе творчых літаратурных і даследчых работ “Духоўнае святло” (настаўніца гісторыі Дзіяна Сла­дзінская).

У мінулым годзе Жэня Рафаловіч адзначаны дыпломам І ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Адкрываем Беларусь” (настаўніца гісторыі, класны кіраўнік Людміла Якуш).  У конкурсе “Жывая класіка” хлопчык спаборнічаў у сваёй узроставай катэгорыі “5—6 класы”. Перамога дазволіла яму ўвайсці ў фінал прэстыжнага конкурсу на тэлеканале СТБ.

— На конкурс з’ехалася шмат талентаў з усіх куткоў нашай краіны, — расказ­вае Жэня Рафаловіч. — Было няпроста, вельмі хвалююча і прыемна апынуцца ў ліку пераможцаў. Шчыра дзякую сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Іне Фёдараўне Некрашэвіч за дапамогу і падтрымку.

Як адзначае намеснік дырэктара Наталля Бойка, педагагічны склад — асаблівая гордасць школы. На яе думку, цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі — галоўны інструмент настаўнікаў. Людміла Пташэц, Людміла Якуш, Іна Некрашэвіч перакананы ў тым, што ўсё пачынаецца з сям’і.

 — Дасягненні нашых вучняў заўсёды абапіраюцца на падтрымку бацькоў: толькі заручыўшыся ёй, можна абгрунтавана разлічваць на поспех. Таму мы вельмі ўдзяч­ны бацькам, якія гэта разумеюць і падтрымліваюць сваіх дзяцей у іх памкненнях, — падкрэсліваюць педагогі.

Людміла Мікалаеўна Пташэц адзначыла, што такіх уважлівых бацькоў, як Наталля Васільеўна і Віктар Анатольевіч, якія ўкладваюць усю душу ў сваіх сыноў, яна пажадала б усім дзецям. Жэня імкнецца быць падобным на свайго старэйшага брата Івана, які падчас вучобы ў школе ўзышоў на рэс­публіканскі алімп па фізіцы і матэматыцы, стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па спартыўных бальных танцах у сваёй узроставай групе, а таксама праславіў школу выдатнымі даследаваннямі па гісторыі малой радзімы. Жэня таксама захапіўся бальнымі танцамі, творчасцю, гісторыяй і даследаваннямі.

Педагогі адзначаюць, што сям’ю Рафаловіч вылучаюць пераемнасць пакаленняў, моцныя традыцыі, патрабавальнасць да сябе, паважлівае стаўленне да людзей. 

У сям’і ўсе адно аднаго падтрымліваюць. Мама Наталля Васільеўна заўсёды на перадавой у школьных справах сыноў. Яна дапаможа і брашуру па тэме даследавання зрабіць, і відэаролік зняць, і назву абмеркаваць. Пры гэтым любыя творчыя ідэі і вынікі дружна абмяркоўваюцца ўсёй сям’ёй.

— На любым мерапрыемстве тата, мама і сыны заўсёды разам. Напрыклад, калі аб’яўляецца збор макулатуры, з папяровым грузам у школу ідзе тата, побач з ім — мама і  Жэня, поўны гордасці за сямейны ўклад  у скарбонку агульных поспехаў класа. І такіх прыкладаў непасрэднага ўдзелу бацькоў у школьных справах дзіцяці не злічыць, — адзначае Людміла Мікалаеўна.

У сям’і Рафаловіч ёсць свае каштоўнасці і правілы. Усе яны з вялікай павагай ставяцца да школы і настаўнікаў. Як адзначае Жэня, кожны яго настаўнік — любімы, кожнаму педагогу ён удзячны за атрыманыя веды і свае поспехі.

Праца ў гэтай сям’і — у асаблівай пашане. Ваня тры ўборачныя сезоны працаваў памочнікам камбайнера ў КСУП “Хваецкае”. Жэня гэтым летам таксама праявіў сябе на аграрнай ніве.

— Спадабалася прыносіць рэальную карысць! — прызнаецца ён.

Несумненна, усё пачынаецца з сям’і, дзе годна выхоўваюць дзяцей і тым самым умацоўваюць краіну.  Бо выхаванне працаўніка і сем’яніна роўна выхаванню грамадзяніна і патрыёта. Як сказаў вядомы педагог А.С.Макаранка, выхоўваючы дзяцей, цяперашнія бацькі выхоўваюць будучую гісторыю краіны, а значыць, і гісторыю свету. І гэта не пафасныя словы, а наша рэчаіснасць.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара