Дзеці новага пакалення і вучацца па-новаму: як выкарыстанне сэрвісу Google дазваляе арганізаваць апытанне вучняў на ўроку фізкультуры.
Не сакрэт, што інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі больш актыўна прымяняюцца ў нашым жыцці і ўсё часцей выкарыстоўваюцца педагогамі ў адукацыйнай дзейнасці. Патэнцыял іх прымянення незвычайна вялікі, яны забяспечваюць інтэрактыўнасць, выкарыстанне гульнявых тэхналогій, гейміфікацыю. Дзеці новага пакалення з ранняга ўзросту асвойваюць мабільныя гаджэты, таму важна, каб гэта было больш мэтазгодным і развіццёвым.
На сёння і настаўнікі фізічнай культуры павінны ўмець выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі на розных этапах вучэбнага працэсу. Назіранні паказваюць, што прымяненне ІКТ садзейнічае большаму ўцягванню вучняў і паляпшае іх вынікі. Важнае месца на ўроку фізічнай культуры і здароўя займае раздзел “Асновы фізкультурных ведаў”. Кантроль засваення ведаў навучэнцаў у асноўным ажыццяўляецца ў вуснай або пісьмовай форме. Як педагога, мяне заўсёды хвалявала пытанне: як знайсці спосаб хуткага і зручнага ацэньвання па гэтым раздзеле, які з’яўляецца абавязковым для засваення школьнікамі, і пры гэтым каб заставаўся час на практычную частку ўрока. Мой вопыт паказаў, што выкарыстанне сэрвісу Google Формы для арганізацыі апытання на ўроку дазваляе вырашыць названую праблему шляхам стварэння інтэрактыўных апытанняў і тэстаў. Гэта садзейнічае актывізацыі дзейнасці вучняў на ўроку, а таксама дазваляе больш эфектыўна кантраляваць і ацэньваць узровень засваення вучэбнага матэрыялу. Гэты сэрвіс дазваляе аператыўна атрымліваць вынікі апытанняў і тэстаў, што, безумоўна, эканоміць час для праверкі. Навучэнцы выкарыстоўваюць свае смартфоны для запаўнення форм, пасля чаго кладуць іх у спецыяльны бокс для тэлефонаў, што не перашкаджае ім актыўна займацца на ўроку фізічнай культуры і здароўя.
Каб праверыць веды навучэнцаў, дастаткова пяці — дзесяці пытанняў, іх падбіраю па прынцыпе “ад простага да складанага”, заўсёды ўлічваю змест тэмы ўрока. Пытанні ў Google Формах сістэматызую і групую для зручнасці па розных тэмах, уключаючы тэмы “Баскетбол”, “Валейбол”, “Футбол”, “Лёгкая атлетыка”, “Гімнастыка”, “Лыжная падрыхтоўка”, “Здаровы лад жыцця”, “Алімпійскі рух”. Для эфектыўнай работы з дапамогай Google Форм выкарыстоўваю розныя метадычныя формы апытання: франтальнае ў пачатку і ў канцы ўрока, індывідуальнае, па групах, віктарыны.
Актыўна выкарыстоўваю Google Формы ў пазаўрочнай дзейнасці для рэгістрацыі юных спартсменаў і іх бацькоў на спартыўныя спаборніцтвы або фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Гэта аблягчае працэс збору і ўліку інфармацыі аб удзельніках, а таксама дазваляе хутка арганізаваць удзел у спаборніцтвах.
Мой асабісты вопыт правядзення апытанняў па раздзеле “Асновы фізкультурных ведаў” паказвае, што выкарыстанне сэрвісу Google Формы спрыяе больш якаснаму засваенню навучэнцамі ведаў аб фізкультуры і спорце. Да пераваг можна аднесці хуткасць апрацоўкі і атрымання вынікаў (ад 3 да 5 мінут). Апытанне, праведзенае сярод навучэнцаў 5—11 класаў, паказала, што 100% апытаных лічаць гэты спосаб больш цікавым. Такім чынам, Google Формы — магутны інструмент, які можа аптымізаваць узаемадзеянне настаўніка і навучэнцаў, а таксама аблегчыць працэс навучання і кантролю ведаў школьнікаў, што вядзе да павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.
Алена ОТЧЫК,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 6 Калінкавіч
Фота Алены КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВАЙ