Як вырасла “Грашовае дрэва”

Калі Ірына, выхаванка дзіцячага дома, атрымала сваю першую стыпендыю, то на ўсе грошы купіла цукерак, села на лавачку і ела столькі, колькі магла. Дзяўчына вырашыла наесціся салодкага на ўсё жыццё, каб больш ніколі не захацелася. Што не змагла асіліць — раздала суседкам у інтэрнаце. Праз гадзіну-другую адчула голад і зразумела: на звычайную ежу не засталося ні капейкі.

Гісторыя нявыдуманая, а яе гераіня сапраўды не ўмела карыстацца грашыма і нічога не ведала пра вядзенне бюджэту. Сёння Ірына Мікалаеўна Змачынская, дырэктар Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна, кіруе не толькі вялікай уласнай гаспадаркай, але і цэлай навучальнай установай. Яшчэ больш, вучыць распараджацца грашыма сваіх выхаванцаў — у школе з 2012 года працуе бізнес-кампанія “Грашовае дрэва”. Пра яе работу і расказвала Ірына Мікалаеўна сваім гасцям, педагогам і дырэктарам устаноў адукацыі Мсціслаўскага раёна, падчас семінара “Арганізацыя школьнай бізнес-кампаніі: фундамент, рэсурсы, напрамкі”.

Фінансавая мэта

Першы і асноўны занятак бізнес-кампаніі — выраб венікаў для лазні і гаспадарчых мётлаў. Ідэя з’явілася, калі недалёка ад школы ішла планавая вырубка дрэў — ствалы рабочыя забіралі, а непатрэбнае вецце пакідалі. Аказалася, каб збіраць яго, школе патрэбны спецыяльны дазвол ад мясцовай лясной гаспадаркі. На шчасце, там задуму школьнікаў падтрымалі, нават падпісалі адпаведны дагавор. Цяпер школьнай бізнес-кампаніі паведамляюць, дзе будзе адбывацца чарговая вырубка і калі можна забраць матэрыял для вытворчасці.

Перш чым пачаць выраб тавару, рамеснікі павінны былі знайсці пакупнікоў. Свае вырабы прапанавалі лазням і саўнам, ды там насцярожана ставіліся да юных бізнесменаў. Дапамаглі настойлівасць і дзелавая хватка: адзін з вучняў школы — сённяшні дырэктар “Грашовага дрэва” Руслан Касцевіч — сеў за тэлефон і абзваніў ледзь не ўсе лазні сталіцы. Вучань расказваў пра экалагічнасць і надзейнасць зробленых рукамі дубовых і ­бярозавых венікаў, і яму паверылі. Дзейнасць кампаніі разгарнулася на поўную моц.

Сур’ёзныя фінансавыя мэты кампанія спярша перад сабой не ставіла. Вучням проста было прыемна атрымліваць кішэнныя грошы, вучыцца рабіць нешта карыснае ўласнымі рукамі. Але ў 2017 годзе работнікі прыдумалі сабе новую матывацыю — вырашылі зарабіць на вандроўку ў Санкт-Пецярбург.

Да арганізацыі туру падышлі як сапраўдныя прадпрымальнікі: прааналізавалі праграмы розных турагенцтваў і выбралі лепшую, падлічылі ўсе выдаткі (кошт пуцёўкі, музейных квіткоў, суве­ніраў) і вывелі фінансавую мэту кампаніі на год. Аказалася, аднымі венікамі і мяцёлкамі столькі не зарабіць. Менеджары кампаніі сутыкнуліся з новым выклікам: прыйшлося шукаць яшчэ прадукт на продаж — даследаваць запыты пакупнікоў, вывучаць прапановы магазінаў і думаць, у чым жа школьнікі могуць скласці ім канкурэнцыю. Так з’явілася ідэя плесці невысокія платы з лазы. Атрыманых сродкаў хапіла, каб самыя старанныя работнікі паехалі ў вандроўку.

За гады работы асартымент вырабаў пашырыўся: паспрабавалі майстраваць кухонныя і сувенірныя дошчачкі, драўляныя лапаткі і відэльцы, лялькі ў нацыянальных уборах. У гэтым годзе кампанія плануе высадзіць першыя кусты буякоў, каб сабраць ураджай рэдкай і дарагой ягады. Вытворчасць кожнага тавару строга рэгламентавана, работнікі спярша вучацца і толькі пасля бяруцца за працу. Адзін з менеджараў правярае работу (брак не прымуць, прый­дзецца выпраў­ляць) і фіксуе яе вынікі ў спецыяльным табелі, які пасля перадае намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце І.Г.Жаваранкавай. Яна разлічвае заробак кожнага вучня згодна з адпрацаваным часам і зробленым таварам.

Шчаслівыя крэдытныя гісторыі

Гісторыю сваёй бізнес-кампаніі прэзентавалі самі школьнікі — сённяшнія мене­джары кампаніі. І, напэўна, найбольшую цікавасць у педагогаў, якія наведалі семінар, выклікала менавіта іх выступленне. Гучала шмат пытанняў з аўдыторыі, ды не толькі пра саму кампанію, але і пра прафесійныя планы старшакласнікаў, іх погляды на адукацыю.

З адказаў, па-першае, адразу заўважаецца, як добра дзеці кіруюць лічбамі. Яны ведаюць, што такое бізнес-план і як правільна весці бю­джэт, разумеюць, як працуюць простыя фінансавыя інструменты. Ірына Мікалаеўна расказала, што выкладае фінансавую дасведчанасць не толькі вучням, але і іх бацькам. Даверлівыя рабочыя людзі не заўсёды ўважліва чытаюць умовы дагавораў, якія ­заключаюць, таму, перш чым ву­чыць дзяцей, азы тлумачацца іх бацькам на сходах сямейнага клуба “Здароўе”.

Па-другое, адчуваецца розніца ў мысленні. Пра сучасных дзяцей часта гавораць як пра эгаістаў: акружаныя бацькоў­скай апекай, яны не ­ўмеюць заўважаць патрэбы іншых. Бізнес-кампанія, наадварот, прымушае больш гутарыць з людзьмі, прыслу­хоўвацца да чужых праблем: раптам іх ­вырашэнне стане тваёй прафесіяй?

Па-трэцяе, бізнес-кампанія дапамагае вучням вызначыцца з будучай прафесіяй. Падчас экскурсіі па школе дырэктар прызналася, што ў яе няма мэты выхоў­ваць меда­лістаў і пераможцаў алімпіяд. На школьнай дошцы гонару галоўнае месца займа­­юць фота тых выпускнікоў, якія знайшлі любімую справу і дасягнулі ў ёй поспеху. Педагогі стараюцца данесці разуменне знач­насці рабочых прафесій, прывучаюць паважаць працу на зямлі. Прызнаюцца, што так яны клапоцяцца і пра дзяцей, і пра сваю маленькую радзіму: колькасць жыхароў у аграгарадку штогод памяншаецца і, калі сённяшнія школьнікі раз’едуцца, хутка не будзе каму апрацоўваць зямлю.

Патрэбна ўвага бізнесу

Настаўнікам — кіраўнікам кампаніі ­ўдзельнікі семінара задавалі больш празаічныя пытанні. Як правільна аформіць работу вучняў? З чаго пачаць складанне бізнес-плана? Як заахвоціць настаўнікаў, што дапамагаюць у арганізацыі работы кампаніі? Было відаць, што госці ўжо разважаюць над тым, як адкрыць аналагічную справу ў сваіх школах, і загадзя прадумваюць, з якімі цяжкасцямі могуць сутыкнуцца.

Першы час педагогам Лядзен­скай сярэдняй школы не хапала цікавай літаратуры для дзяцей пра фінансы і прадпрымальніцтва, але, на шчасце, за апошнія некалькі гадоў з’явіліся і падручнікі, і кнігі. Частая праблема — недахоп кампетэнтных настаўнікаў. Ірына Мікалаеўна паўдзельнічала ў адукацыйных візітах у ЗША і Польшчу, таму знаёма не толькі з беларускім, але і з замежным вопытам арганізацыі школьнага бізнесу і сама змаг­ла падрыхтаваць да работы калег. А тым педагагічным калектывам, ­дзе такога рэсурсу няма, яна раіць ­смела звяртацца ў іншыя школы.

Напрыклад, гэты семінар нарадзіўся менавіта з такога запыту. Пра дзейнасць лядзенскай бізнес-кампаніі калегі з Мсціслаўшчыны даведаліся выпадкова — падчас сустрэчы з прафарыентолагам ­Ганнай Станіславаўнай Ісаенка. Паслухалі і не паверылі: як можа ў школе, дзе толькі 53 вучні (ды яшчэ 12 выхаванцаў у садзе), разгар­нуцца сапраўдная вытворчасць?! Каб развеяць сумненні, педагогі пад кіраўніцтвам начальніка аддзела па адукацыі Мсціслаўскага раёна Алены Дзмітрыеўны Пачтовай папрасіліся ў госці, а ўжо праз некалькі дзён выправіліся ў дарогу.

Ірына Мікалаеўна прызналася, што так ахвотна ўзялася кансультаваць калег, бо сама добра ведае, як крыўдна не атры­маць параду: адсутнасць бізнес-кансультанта яна лічыць галоўнай праблемай школьнай кампаніі. Сустрэцца з вучнямі і дапамагчы з аналізам іх маркетынгавых і фінансавых стратэгій запрашалі прадпрымальнікаў, су­працоўнікаў ­банкаў і іншых устаноў. Бывалі выпадкі, калі яны прапаноўвалі падарункі ­(напрыклад, кнігі па фінансавай дасведчанасці), але адмаўляліся ўручаць іх самі, ­гутарыць са школьнікамі. Многія прызнаваліся, што не ведаюць, як правільна сябе паво­дзіць і пра што гаварыць. Між тым змястоўная сустрэча для падлеткаў значыла б нашмат больш, чым любыя падарункі.

Каб пакінуць нешта на памяць пра сустрэчу, гасцям звычайна дораць сувеніры. У лядзенскай школе пайшлі далей і прапанавалі гэтыя сувеніры зрабіць. На гадзіну ўсе ўдзельнікі семінара сталі супрацоўнікамі бізнес-кампаніі і паспрабавалі сваімі рукамі змайстраваць лялек, упрыгожыць цестам драўляныя дошчачкі і нават звязаць мятлу. Атрымаліся не толькі прыгожыя падарункі, але і з’явіліся новыя ўражанні. А таксама навыкі, якія можна пакласці ў аснову ўласнай бізнес-кампаніі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.