Як вырастаюць сапраўдныя мужчыны, ці Школа Уладзіміра Габрова

Нядзеля. Раніца. У Рэчыцкім фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі “Алімп” бурліць жыццё — хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў з рукзакамі і зменным абуткам спяшаюцца на трэніроўкі. І як можна казаць, што сучасныя дзеці дрэнныя? Заўтра зноў пачнецца вучэбны тыдзень, а яны зранку бягуць у спартзалы і басейны.

Армейскія ўмовы

Прыгожая ветлівая жанчына на вахце выдае мне сінія бахілы — і я спяшаюся ў вялікі басейн на другі паверх. У гэты дзень чакаю ўбачыць нешта дзіўнае: падлеткі засвойваюць майстэрства вадалаза і дайвера.

— Гэта што ў цябе на галаве робіцца? — строга пытае трэнер аднаго хлопца з непрычасанай шавялюрай. — Будучы салдат, мужчына! Як можна сабе такое дазваляць?!

Юнак апускае вочы, але спіну трымае роўна, абяцае выправіцца. Позірк трэнера чапляецца за другога падапечнага.

— Гэта шорты для пляжа, а не плаўкі для басейна! — тым жа няўмольна строгім голасам робіць ён заўвагу худому бяляваму хлопцу.

Назіраю за гэтым і спрабую прымяніць сітуацыю на сябе. Ці магла б я так спакойна і пакорна выслухоўваць рэзкія заўвагі? Ці не прапала б у мяне жаданне прыйсці на заняткі да строгага настаўніка заўтра? “Ну добра, я ж дзяўчына, а яны — будучыя абаронцы”, — шукала я апраўданне. Пакуль вяла ўнутраны дыялог з сабой, у басейне ўжо пачалося са­праўднае дзеянне. Ласты, падводныя акуляры, кіслародныя балоны за плячыма — уся гэтая амуніцыя робіць падлеткаў дарослымі. Гледзячы на хлопцаў, разумееш: яны здольныя абараняць і выратоўваць людзей у самых розных сітуацыях. І гэта — выхаванцы ваенна-патрыятычнага цэнтра спецпадрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі “Скіф”, сапраўды ўнікальнага аб’яднання не толькі для нашай краіны, але, мабыць, і для ўсёй постсавецкай прасторы.

Два гады назад “скіфаўцы” адзначылі 20-гадовы юбілей, а ў студзені гэтага года цэнтр за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

За больш як 20 гадоў існавання праз ваенна-патрыятычны цэнтр спецпадрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі “Скіф” прайшлі некалькі соцень выхаванцаў. Больш як 20 з іх станавіліся студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ваеннага профілю. Больш за сто выпускнікоў служылі ў паветрана-дэсантных войсках і спецназе Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба. А пра дасягненні і перамогі хлопцаў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах рознага ўзроўню ўжо і казаць не трэба — іх мноства.

У паветры і пад вадой

Займацца ў “Скіф” пры­ходзяць розныя дзеці. Адны робяць выбар самастойна, другіх скіроўваюць бацькі, а для няпоўных сем’яў, дзе хлопчыка выхоўвае матуля, гэта вельмі добры шанс вырасціць сапраўднага мужчыну. Тут, у цэнтры, юнакі займаюцца армейскім рукапашным боем, скачуць з парашутам, прахо­дзяць навучанне па штурмавым альпінізме, апускаюцца з аквалангам, робяць вучэбна-баявыя выхады ў лес, дзе праводзяць спецыяльна-разведвальныя вучэнні. Уявіце сабе, колькі дастойных людзей выхаваў “Скіф”, а дакладней — яго нязменны кіраўнік, былы дэсантнік Уладзімір Габроў.

Уладзімір Васільевіч гаворыць, што яго цэнтр — гэта не толькі даваенная падрыхтоўка, больш важным ён лічыць тое, што “скіфаўцы” трэніруюць характар, вучацца дысцыпліне, упартасці. Неяк трэнер шчыра сказаў, што калі б у дзяцін­стве ён меў магчымасць займацца з тым абсталяваннем і тымі лю­дзьмі з розных спецпадраздзяленняў, што яго хлопцы, то ён быў бы самым шчаслівым дзіцем на свеце. Яго выхаванцам сапраўды пашчасціла. Навучэнцы праходзяць сур’ёзную падрыхтоўку і маюць магчымасць вучыцца ў прафесіяналаў, ісці поруч з імі, адпрацоўваючы неабходныя навыкі, выконваючы пэўныя заданні.

Падаецца неверагодным, што сёння нехта гатовы браць на сябе такую вялізную адказнасць за непаўналетніх. Вазьміце хаця б паветрана-дэсантную і вадалазную падрыхтоўку, што праходзяць “скіфаўцы”. Скакаць з парашутам — вялікая рызыка, ніколі не ведаеш, што можа здарыцца ў паветры, калі да зямлі 850, 900, 950 метраў. А выхаванцы цэнтра здзяйснялі скачкі менавіта з такой вышыні са скорасцю дэсантавання 140 км/гадз. І ніводны парашут, укладзены юнымі армейцамі, не даў збою.

Яшчэ адзін найбольш рызыкоўны і ў той жа час адзін з самых важных кірункаў “Скіфа” — вадалазная падрыхтоўка. Улетку элементы адпрацоўваюцца на рацэ, а ў зімовы час — у басейне. Вадалазнай падрыхтоўцы ў апошні час удзяляецца асаблівая ўвага, і выхаванцы цэнтра вывучаюць яе дэталёва. У гэтым Уладзіміру Габрову дапамагае высакакласны спецыяліст, інструктар па вадалазнай падрыхтоўцы Мікалай Гераськін.

Калі паважаны чытач думае, што гэта проста гульні ў вадзе, то ён вельмі памыляецца. У ваеннай справе гульня непрымальная, а “Скіф” рыхтуе падлеткаў да службы ў войску, робячы пры гэтым упор на элітныя падраздзяленні. Байцоўскі дух выхаванцы “Скіфа” набываюць ва ўмовах, прыбліжаных да рэальных. Адпрацаваныя на занятках элементы пасля пацвярджаюцца сапраўдным экзаменам. Кіраўнік цэнтра ставіць перад выхаванцамі складаныя задачы — тыя, якія прадугле­джаны ваеннай разведкай. Дзеля гэтага выязджаюць на бераг возера ці Дняпра. Там, зразумела, з усёй неабходнай амуніцыяй, пагружаюцца на глыбіню далёка ад берага і на працягу 30 мінут выкон­ваюць пэўныя заданні.

Яшчэ ўспамінаюць хлопцы, як адпрацоўвалі класічны эпізод дзеянняў вадалазаў-разведчыкаў. Так, па ўмоўна здабытай аператыўнай інфармацыі ў пэўным месцы знаходзіцца база ворагаў. Задача простая — знайсці гэтую базу і знішчыць. Першая падгрупа вадалазаў-разведчыкаў правяла разведку і дала сігнал. Пасля на хуткаходным катары падышла падгрупа знішчэння, знялі вартавых, замініравалі базу і сышлі.

Ёсць праца — ёсць вынікі

У маім дзяцінстве хлапчукі ўвесь час гулялі ў “вайнушку”. Цацачныя пісталеты і аўтаматы, наступленні на ворага і яго знішчэнне. У гэтыя гульні са стральбой я гуляла ўсё дзяцін­ства. А што было рабіць? Калі ў цябе ёсць старэйшы брат і, пакуль бацькі на рабоце, ён за цябе ў адказе, то табе нічога не застаецца, як ісці за ім следам на “лінію фронту” і “весці жорсткія баі”. Праўда, з братам мы дамаўляліся па справядлівасці: я з ім і яго сябрамі ў стралялкі гуляю, а ён са мной і маімі сяброўкамі — у дочкі-маці. Чаму ўспомнілася мне тое дзяцінства? Уяўляю сабе: а калі б тады побач аказаўся такі вось Уладзімір Габроў? Канечне, мой брат пайшоў бы да яго займацца, бо вельмі любіў усе гэтыя армейскія справы і парадкі. Мабыць, разам з ім пайшла б і я, і тады, магчыма, не сустрэлася б з журналістыкай, ці, можа, стала б ваенным журналістам.

Я гавару пра гэта крышачку з жартам, але насамрэч шкада, што такіх адданых і зацікаўленых людзей, як Уладзімір Ва­сільевіч, няшмат. Хлопцы, якія прайшлі школу Габрова ці праходзяць яе сёння, ведаюць, што ім пашанцавала. Нават калі нехта не выбера сваёй будучыняй ваенную справу, веды і навыкі, атрыманыя ў “Скіфе”, застануцца назаўсёды. Пашанцавала і арміі, якая атрымае такіх падрыхтаваных байцоў.

…Тым часам трэніроўкі на вадзе працягваюцца. Уладзімір Габроў не дае хлопцам спуску. Адзін чыйсьці маленькі промах — і ўсе пачынаюць выконваць элементы па новай. Трэнер дэманструе сваю незадаволенасць, павышаючы тон голасу, але цярпліва зноў і зноў расказвае правілы: як пагружацца ў ваду, як і калі надзець акуляры, як трымаць сваё цела пад вадой. Ніхто з падлеткаў не скардзіцца на няпростыя ўмовы і правілы. Хлопцы ве­даюць, дзеля чаго яны прыйшлі ў “Скіф”, і, як сапраўдныя салдаты, не пасуюць перад цяжкасцямі. Яшчэ яны ведаюць, што кіраўнік цэнтра хоча, каб кожны з іх, зусім яшчэ юных, вырас дужым, моцным духам — сапраўдным мужчынам.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА.