Як з карысцю глядзець мультфільмы, ведаюць юныя даследчыкі Шклоўшчыны

- 14:36Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў
Карына Самуйлава - адна з пераможцаў раённага конкурсу "Я - даследчык"

Даследаванні вучоных пераканаўча сведчаць, што веды, атрыманыя шляхам завучвання, істотна саступаюць па трываласці ведам, атрыманым у ходзе самастойнага вучэбна-даследчага пошуку, уласных інтэлектуальных і творчых намаганняў, бо добра вядома, што ў аснове паспяховага засваення вучэбнага матэрыялу ляжыць пазнавальная цікавасць. Сумеснымі намаганнямі аддзела адукацыі і педагагічных калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Шклоўскім раёне створана сістэма арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў пачатковых класаў — працэсу адукацыі, у якім прыярытэтныя пазіцыі займае пазнавальная дзейнасць самога дзіцяці.

На першых ступенях агульнай сярэдняй адукацыі даследчая дзейнасць ва ўстановах адукацыі раёна арганізоўваецца праз калектыўную творчую дзейнасць у форме праектаў, у тым ліку і з удзелам бацькоў. Малодшыя школьнікі, працуючы ў групах, матывуюць адно аднаго на працу, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, вырашаюць разам з педагогамі даследчыя задачы, авалодваюць новымі ведамі, а вынікі ў выглядзе творчага прадукту прэзентуюць як на ўзроўні сваіх устаноў адукацыі, так і на раённым узроўні.
Адна з такіх вучэбна-практычных канферэнцый навучэнцаў пачатковых класаў пад назвай “Я — даследчык” адбылася ў канцы лютага на базе гарадской гімназіі. Удзел у канферэнцыі прынялі 39 малодшых школьнікаў з усіх 16 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, якія сталі пераможцамі школьных конкурсаў. Тэмы праектна-даследчых работ былі вельмі цікавыя і разнастайныя. Удзельнікі канферэнцыі працавалі на тэматычных секцыях.

Карына Самуйлава - адна з пераможцаў раённага конкурсу "Я - даследчык"На першай секцыі “Традыцыі і гісторыя роднага краю” было прэзентавана 6 даследчых работ. Адкрыў канферэнцыю праект навучэнкі гарадской гімназіі Карыны Самуйлавай, якая правяла гістарычнае даследаванне мікрараёна, у якім жыве. Вельмі змястоўнай і пазнавальнай для ўсіх без выключэння ўдзельнікаў канферэнцыі была прэзентацыя даследчай работы яшчэ адной навучэнкі гімназіі — Ганны Сілівестравай — “Мой любімы горад: гістарычныя каштоўнасці, мінулае, сучаснасць”. Юныя даследчыкі Старасельскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Яўген Агіенка і Леанід Гарус у даследчай рабоце “Эх, валёнкі, ды валёнкі!” пазнаёмілі ўсіх з гісторыяй валёнка, а таксама пераканалі ўдзельнікаў канферэнцыі ў тым, што валёнкі, якія часта выклікаюць у нас усмешку і ўспрымаюцца як нешта састарэлае і пацешнае, з’яўляюцца зручным, прыгожым і карысным зімовым абуткам. А вось прадстаўніцы сярэдняй школы № 4 Шклова Ангеліна Рагонава і Валерыя Хазяева правялі даследчую работу аб узнікненні паперы, пазнаёміліся з тэхналогіяй папяровай вытворчасці на гарадской фабрыцы “Спартак” і заводзе газетнай паперы і нават апрабавалі адзін з метадаў вырабу паперы ў школьных умовах. Навучэнка Забродскай сярэдняй школы Аляксандра Катлоўская разгледзела паходжанне і значэнне прозвішчаў. Прадстаўлены ёй праект даказаў, што кожнае прозвішча — гэта загадка, разгадаць якую можна, толькі калі быць вельмі ўважлівым да слова. Калектыў даследчыкаў малодшых класаў Заходскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” ў фальклорным стылі прадставіў свае напрацоўкі аб правядзенні сучасных свят на аснове народных традыцый.

Падчас работы другой секцыі ўсе ўдзельнікі канферэнцыі акунуліся ў дзіўны свет прыроды. Навучэнка Ардацкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Аляксандра Бабкова прадставіла ўвазе слухачоў свае назіранні за жыццядзейнасцю і ўмовамі пасялення баброў у пойме ракі Басі. Вучаніца Каменналаўскай сярэдняй школы Хрысціна Дуброўская распавяла аб дзіўным свеце коней, гісторыі іх паходжання, значэнні каня ў жыцці чалавека і сваім хатнім кані Орліку. Навучэнка Акунеўскага ВПК “дзіцячы сад — базавая школа” Дзіяна Бахаўцова расказала, хто такі мядзведзь, дзе ён жыве і чым харчуецца, у якіх літаратурных і фальклорных творах сустракаецца. А вось Лізавета Чубікава з Гавядскай сярэдняй школы прадставіла цікавыя факты з гісторыі і жыцця дзіўнай пароды катоў скоціш-фолд. Каманда юных даследчыкаў Фашчэўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” ў складзе Софіі Курленкавай, Вікторыі Скуратовіч і Настассі Юмашавай прадставіла праекты па тэме “Вывучэнне краявіднай разнастайнасці бульбы, якую вырошчваюць жыхары вёскі Фашчэўка”. Аўтары даследавання “Экалогія, якая паляпшае асяроддзе класнага пакоя” з гарадской гімназіі Лізавета Грышанава, Кірыл Цепянкоў і Настасся Лепліна вырашылі высветліць, ці цалкам адпавядае экасістэма іх класнага пакоя агульнапрынятым санітарна-гігіенічным нормам; арганізавалі мерапрыемствы па яе паляпшэнні, а таксама прапанавалі адміністрацыі ўстаноў адукацыі сістэму мер, накіраваную на стварэнне спрыяльных для здароўя і развіцця навучэнцаў умоў жыццядзейнасці ў класе.
Вельмі творчай і яркай была прэзентацыя даследчай работы навучэнак сярэдняй школы № 1 Шклова Ганны Герасамовіч, Ганны Грышчанковай і Лізаветы Дліннікавай “Дрэвы ў жыцці чалавека”. Дзяўчынкі сабралі шмат цікавага матэрыялу аб дрэвах роднага краю, вывучылі гісторыю гарадскога парку, звярнуліся да экалагічных праблем. Прэзентацыю гэтай даследчай работы суправаджаў жывы гук — дзівоснае гучанне скрыпкі. Дарэчы, як сцвярджаюць юныя даследчыцы, якасць гучання музычнага інструмента шмат у чым залежыць ад якасці драўніны, з якой выраблены інструмент.

Работу трэцяй секцыі “Чалавек, яго здароўе, магчымасці і здольнасці” адкрыла прэзентацыя праекта навучэнак Гарадзішчанскай сярэдняй школы Валерыі Шабуневай і Хрысціны Стралецкай “Кладоўка здароўя”. Працягнула работу секцыі прэзентацыя даследчыкаў Уланаўскага ВПК “дзіцячы сад — базавая школа”, якія прадставілі вынікі свайго доследу па вывучэнні шкоды і карысці, што прыносяць чалавеку мікраарганізмы, і пераканалі ўсіх прысутных у важнасці захавання асабістай гігіены. Цікавасць гледачоў і журы выклікала і даследчая работа вучняў Гарадзецкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Ганны Лазуркінай і Дзіяны Мікалуцкай “Чаму мы падаем зімой?”, якія выпрацавалі рэкамендацыі і правілы знаходжання на слізкай дарозе. Сур’ёзную даследчую работу па вывучэнні чалавечай прыроды правёў навучэнец Александрыйскай сярэдняй школы Раман Рагаўцоў, які вырашыў высветліць, хто такія людзі-совы, жаваранкі і галубы. Вынікам стала выпрацоўка агульных парад па рэжыме дня і нават рацыёне харчавання для людзей розных тыпаў. Даследчыкі Чарнаруцкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Кацярына Бабкова, Марыя Белавусава і Дар’я Шваюнова вывучылі таямніцы магічных квадратаў, навучыліся іх разгадваць і складаць. Навучэнцы сярэдняй школы № 4 Шклова Арцём Буракоў і Хрысціна Стэсева паднялі актуальную ў гэтым годзе тэму “Таямнічая невідзімка. Эканомім электраэнергію”. На падставе даследаванняў яны даказалі, што разумнае выкарыстанне электрычнасці вядзе да істотнай эканоміі энергетычных рэсурсаў і сямейнага бюджэту. А вось навучэнцы гэтай жа ўстановы адукацыі Ганна Вазняк і Данііл Снапкоў у працэсе даследчай дзейнасці сумясцілі прыемнае з карысным: займаючыся праглядам мультфільмаў, яны вызначылі шкодныя і станоўчыя моманты гэтага занятку, а высновы прадставілі ў памятцы “Як з карысцю глядзець мультфільмы”.

Пераможцы і прызёры ў кожнай з секцый узнагароджаны ганаровымі дыпломамі адпаведных ступеняў раённага аддзела адукацыі. Але і астатнія школьнікі пакідалі мерапрыемства з добрым настроем, бо раённая вучэбна-практычная канферэнцыя малодшых школьнікаў “Я — даследчык” была змястоўнай, цікавай і, самае галоўнае, карыснай для ўсіх яе ўдзельнікаў.

Наталля ЛАЎРЭНЦЬЕВА,

метадыст аддзела адукацыі Шклоўскага райвыканкама.