Эмпатыя, уменне супрацоўнічаць, ладзіць з навакольнымі і адаптавацца ў грамадстве былі неабходны для выжывання чалавека пачынаючы з першабытных супольнасцей. Навукоўцы не прыйшлі да адзінага меркавання, з’яўляюцца такія рэакцыі прыроджанымі ці яны набываюцца ў ходзе развіцця.
Здольнасць да эмпатыі, з аднаго боку, з’яўляецца сацыяльна абумоўленай рысай характару, а з другога — генетычна наканаванай асаблівасцю тэмпераменту. Дыягностыка здольнасці да эмпатыі вельмі важная пры прафесійнай падрыхтоўцы педагогаў, прадаўцоў, кансультантаў, менеджараў па рабоце з кліентамі, кіраўнікоў рознага ўзроўню, усіх тых, хто непасрэдна працуе з людзьмі.
Праблема эмпатыі як праблема суперажывання іншай асобе набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з агульнымі тэндэнцыямі псіхалогіі сучаснага грамадства, якое становіцца ўсё больш рацыянальным, прагматычным. З гэтага пункту гледжання развіццё эмпатыі ў асобы ўяўляецца своеасаблівым сацыяльным заказам, бо вядзе да вырашэння цэлага шэрага псіхалагічных праблем, у тым ліку да зніжэння ўзроўню агрэсіі.
Агульнапрынятыя стэрэатыпы змяшчаюць і ідэю аб існаванні шматлікіх гендарных адрозненняў у сферы эмпатыі і эмацыянальнасці. Мы правялі невялікае даследаванне залежнасці ўзроўню эмпатыі ад гендарнай прыналежнасці. У даследаванні прынялі ўдзел 129 падлеткаў.
У ходзе даследавання вызначылі, што для дзяўчат больш характэрны і значны эмацыянальны параметр у структуры эмпатыі. Фіксуецца здольнасць дзяўчат уваходзіць у адну эмацыянальную хвалю з навакольнымі — суперажываць, саўдзельнічаць. Эмацыянальная спагадлівасць у такім выпадку становіцца сродкам уваходжання ў энергетычнае поле партнёра. Зразумець яго ўнутраны свет, прагназаваць паводзіны і эфектыўна ўздзейнічаць можна толькі ў тым выпадку, калі адбылося эмацыянальнае падладжванне да эмпатаванага.
Для юнакоў найбольш характэрны інтуітыўны канал эмпатыі. Бальная ацэнка сведчыць аб здольнасці чалавека бачыць паводзіны партнёраў, дзейнічаць ва ўмовах недахопу аб’ектыўнай інфармацыі аб іх, абапіраючыся на вопыт, які захоўваецца ў падсвядомасці. На ўзроўні інтуіцыі фарміруюцца розныя звесткі аб партнёрах. Інтуіцыя менш залежыць ад стэрэатыпаў, чым асэнсаванае разуменне партнёраў.
Сумарны паказчык праведзенага даследавання сведчыць аб тым, што для дзяўчат характэрны больш высокі ўзровень эмпатыі, чым для юнакоў.
Атрыманыя вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны ў рабоце педагога-псіхолага для правядзення трэнінгавых заняткаў з навучэнцамі з мэтай пашырэння і ўсведамлення эмацыянальна-пачуццёвага вопыту чалавека, які стымулюе развіццё механізму эмпатыі.
Святлана ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Чытайце матэрыялы дадатку да “Настаўніцкай газеты” “Псіхолаг у школе” ў нумары ад 13 чэрвеня 2023 года.