Як жа беразна!

- 17:08Родная зямля

Чаму Беразіно атрымала такую назву? Таму што стаіць на Бярэзіне? А можа, тут рос вялікі бярозавы гай? Ці ўсё ж у аснове старажытнае слова “беразна”, што значыць “прыгожа, хораша, светла”? Кожная версія праўдзівая, але мне больш падабаецца трэцяя. Калі падарожнічаеш па Бярэзіншчыне, на душы, сапраўды, неяк светла, хораша, адным словам, беразна. Маляўнічы Бярэзінскі раён стане 111­м па ліку, куды мы адправімся ў рамках праекта “Родная зямля”.

На беразе Бярэзіны.

Галоўны лыжачнік

Кожны дзень праз утульнае Беразіно па трасе Мінск — Магілёў праносяцца сотні аўтамабіляў. Упэўнены, усе вадзіцелі і пасажыры звяртаюць увагу і на прыгожы Свята-Мікалаеўскі храм, і на каляровыя шматпавярховікі, якія ўзвышаюцца над М4 недалёка ад моста праз Бярэзіну. А ці задумваюцца падарожнікі над тым, што сярод гэтых дамоў можна ўбачыць шмат цікавага? Напрыклад, самую вялікую ў свеце драўляную лыжку. Знахо­дзіцца яна амаль ля самай трасы на тэрыторыі раённага цэнтра рамёстваў. Есці гэтай лыжкай атрымаецца наўрад ці, а вось даведацца, як выглядае герб Беразіна, а таксама героі мясцовых легенд і паданняў, з яе дапамогай можна дакладна.

Свята-Мікалаеўскі храм і шматпавярховікі, што ўзвышаюцца над трасай М4.

Стварыў незвычайную скульп­туру былы настаўнік народны майстар Беларусі Яўген Паўлавіч Осіпаў. Дзякуючы яго працавітасці, а таксама намаганням Ганны Аляксандраўны Ждановіч і падтрымцы мясцовай улады, драўляная лыжка стала сапраўдным брэндам раёна. Кожны жыхар Беразіна лі­чыць за гонар мець на кухні гэты прыбор для ўжывання ежы. А раз на два гады тут праходзіць свята “Бярэзінскія лыжачнікі”, пастаянным удзельнікам якога і з’яўляецца Яўген Паўлавіч — галоўны бярэзінскі лыжачнік. З некаторымі сакрэтамі разьбярскай справы, майстэрствам стварэння драўляных лыжак ён па­дзяліўся з нашымі чытачамі.

Я.П.Осіпаў за працай.

— Разьбой заняўся яшчэ ў 90-я гады, калі выкладаў фізіку і матэматыку, а потым працаваў дырэктарам былога Лагаўскога дзіцячага сада — сярэдняй школы. Мне заўсёды хацелася нешта выразаць па дрэве, таму і вырашыў асвоіць гэтае рамяство. Лічу, што трапіў у сваю каляіну. Цэнтральнае месца ў маёй творчасці займае тэма прыроды. Амаль на кожнай лыжцы, калі прыгледзецца, ёсць сюжэт. Вось, напрыклад, зайчыкі гуляюць у футбол, замест варот нацягнута павуцінне, суддзя сарока трымае свісток, — расказвае педагог, паказваючы свае вырабы.

Каб стварыць сувенірную лыжку, майстру патрэбна каля тыдня. Галоўнае — прыдумаць сюжэт. Фантазія Яўгена Паўлавіча здзіўляе. Многія яго работы прадстаўлены ў Музеі драўлянай лыжкі — адзіным у Беларусі. Сярод цікавых экспанатаў шлюбныя лыжкі, а таксама калекцыя лыжак з усіх парод дрэва, якія растуць на Бярэзіншчыне. Пры гэтым не складана здагадацца, з якога дрэва зроблена лыжка. Напрыклад, бярозавая лыжка аздоб­лена незвычайнымі ўзорамі ў выглядзе бярозавых каташкоў. У бярозы, дарэчы, цвёрдая драўніна, якая падыходзіць больш для геаметрычнай разьбы, а для стварэння лыжак Яўген Паўлавіч часцей выбірае ліпу. Па яго словах, гэта мяккае дрэва, якое амаль ніколі не расколваецца.

— У кожнага дрэва свой характар, які раскрываецца падчас працы. Напрыклад, асіна вельмі цвёрдая. Знешне яна можа быць нават трухлявай, але ў сярэдзіне абавязкова будзе як костка. Некаторыя майстры, перад тым як апрацоўваць нарыхтоўку, вараць яе, каб дрэва не трэ­скалася. У мяне іншы падыход, працую толькі з сырым дрэвам. Наогул, для разьбяра галоўнае — сіла ў руках, таму займацца гэтым рамяством малодшым школьнікам не рэкамендую. Да мяне ў гурток прыходзяць вучні, пачынаючы з сярэдніх класаў, калі яны ўжо мо­гуць прыкласці фізічную сілу. Калі гэтай сілы няма, то можна лёгка параніцца.

Самае складанае ў разьбярстве — гэта нават не ўменне ствараць з дрэва адмысловыя рэчы. Навучыцца, па словах Яўгена Паўлавіча, гэтаму рамяству можа кожны. Цяпер у інтэрнэце шмат і ўрокаў, і парад, было б толькі жаданне. Галоўнае — знайсці якасны інструмент. Патрэбныя разцы можа зрабіць толькі доб-
ры каваль, таму юныя разьбяры, якія займаюцца ў гуртку пры раённым цэнтры рамёстваў, працуюць з разцамі Яўгена Паўлавіча. Наогул, першапачаткова народныя майстры працавалі невялікай сякеркай. Калі з дапамогай такога інструмента зможаш стварыць лыжку, лічы, што ты сапраўдны профі. Гэта найвышэйшы пілатаж у разьбярстве.

— Драўляная лыжка — гэта не толькі выдатны сувенір, падарунак. Гэта здароўе. Мой дзед усё жыццё еў толькі драўлянай лыжкай, не прызнаваў ні “лямінявых”, ні жалезных. Драўляная лыжка добра падыходзіць для гарачай ежы, ды і па талерцы не будзеш грукацець, — з усмешкай паведаміў Яўген Паўлавіч.

Без тэрміну даўніны

А.Я.Ждановіч з макетам палаца Патоцкіх.

Беразіно славіцца не толькі майстрамі-разьбярамі і Музеем драўлянай лыжкі. Не менш багаты на экспанаты музей дзейнічае ў Бярэзінскай гімназіі. Так склалася, што ў Беразіне няма раённага гісторыка-края­знаўчага музея, хоць ідэі па яго стварэнні неаднаразова выказваліся мясцовымі краязнаўцамі, нават пачыналася работа па зборы экспанатаў. Але да канца справа пакуль што не даведзена. Спадзяёмся, задума­нае абавязкова здзей­сніцца. А пакуль што функцыю раённага музея выконвае гімназічны музей “Люстэрка часу”. У некалькіх залах прадстаўлена гісторыя Бярэзіншчыны ад старажытнасці да нашых дзён.

Можа, і ёсць яшчэ музеі, дзе экскурсавод, узяўшы ў рукі ўказку, пачынае вадзіць наведвальнікаў ад стэнда да стэнда і пры гэтым расказваць завучаныя на памяць словы. Але гэта дакладна не пра музей “Люстэрка часу”. Яго кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Сяргееўна Ермакова прыдумала зусім іншы фармат экскурсій, калі музейная зала ператвараецца ў імправізаваную сцэну, а юныя экскурсаводы не проста расказваюць, што, калі і дзе адбывалася, але і як адбывалася, чаму адбывалася, якія высновы мы можам зрабіць з тых ці іншых гістарычных падзей. Менавіта так прэзентуецца экспазіцыя “Па­мяць без тэрміну даўніны”, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Усе мы ведаем, што 2022-і абвешчаны Годам гістарычнай памяці. А музей — гэта і ёсць скарбонка нашай памяці. 50 гадоў назад, 9 мая 1972 года, у сярэдняй школе № 1 (сённяшняй гімназіі) быў адкрыты музей “Памяць”, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. За гэтыя 50 гадоў многае змянілася, але і сёння асноўная частка экспазіцыі прысвечана ўшанаванню подзвігу народа. З першых дзён акупацыі на Беларусі фашыстамі право­дзілася палітыка генацыду — планамернае знішчэнне цэлых груп насельніцтва па тых ці іншых матывах. Для рэалізацыі гэтай палітыкі гітлераўцы выкарыстоўвалі цэлую сістэму мер: заложніцтва, аблавы, пагромы, турмы, карныя аперацыі, лагеры смерці. Не абышла палітыка генацыду і нашу малую радзіму, — расказваюць юныя экскурсаводы.

Не сакрэт, што падзеі мінулага лепш засвойваюцца, калі пра іх расказваецца на прыкладзе лёсу асобных людзей або гісторыі канкрэтнага экспаната. Менавіта такім чынам пабудавана экскурсія па экспазіцыі “Памяць без тэрміну даўніны”. Адным з самых цікавых экспанатаў музея з,яўляюцца лапці, зробленыя з аўтамабільнай пакрышкі. Знойдзены яны былі выпадкова мясцовымі жыхарамі ў лесе каля аўтавакзала. Капаючы зямлю, людзі наткнуліся на чалавечыя чарапы. Пра ўбачанае адразу паведамілі ў ваенкамат. Пад кіраўніцтвам раённага ваеннага камісара падпалкоўніка Юрыя Паўлавіча Кудры пахаванне было ўскрыта. Гэта аказаўся ваенны акоп, куды былі пакладзены целы закатаваных савецкіх грамадзян. Былі знойдзены жаночы туфель, рэшткі скураных ботаў, металічны жаночы грэбень і лапці з аўтапакрышкі вялікага памеру.

— Ахвяры былі пакладзены тварамі ўніз са звязанымі кабелем рукамі. Юнак (а можа, дзяўчына) ляжаў галавой упрытык да дарослых. Слядоў ад куль на целах не выяўлена. Не выключана, што забойцы вывезлі сюды людзей ужо нежывымі. І магчыма, гэта была сям’я савецкіх патрыётаў. Астанкі безыменных пакутнікаў перапахавалі на бярэзінскіх могілках побач з брацкай магілай дзесяці савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Беразіна ад гітлераўцаў, — паведамілі экскурсаводы.

Інфармацыя пра знаходку была размешчана ў раённай газеце з просьбай да мясцовых жыхароў адгукнуцца на публікацыю. У рэдакцыю завітаў Яўген Іванавіч Цімутна і выказаў меркаванне, што рэчы належаць яго бацькам Івану Кандратавічу і Марыі Яфімаўне, а таксама 20-гадовай сястры Раісе. Акупанты іх арыштавалі за сувязь з партызанамі і пасадзілі ў турму, адкуль яны не вярнуліся. У канцы лютага 1944 года іх расстралялі ў лесе паблізу Беразіна. Здаецца, справа раскрыта, аднак у рэдакцыю патэлефанавала і жыхарка вёскі Новая Машчаніца Яўгенія Уладзіміраўна Жаўняровіч. Яна не сумнявалася, што ў магіле пахаваны яе дзядзька з цёткай і іх сын-падлетак, якіх за сувязь з партызанамі фашысты таксама расстралялі ў лесе непадалёк Беразіна. На жаль, вызначыць, каму належаць зной­дзеныя астанкі, сёння вельмі складана. Але дакладна, што гэта былі мірныя грамадзяне, расстраляныя акупантамі і іх памагатымі. Незвычайныя ж лапці былі перададзены ў музей і займаюць пачэснае месца ў экспазіцыі.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Бярэзінскай гімназіі Р.У.Забанжала.

Па словах юных экскурсаводаў, за час акупацыі разам з жыхарамі было знішчана Бярэзінская гета, спалены вёскі Баравіно, Чырвонае, а Уцешына, Клешчыцы, Тоўсціца і Вайціхова не адрадзіліся. Усяго за час Вялікай Айчыннай вайны насельніцтва Бярэзінскага раёна зменшылася больш чым на 16 тысяч чалавек.

У 1944 годзе была створана спецыяльная камісія па расследаванні выпадкаў генацыду падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярэзінскага раёна. Акты, скла­дзеныя камісіяй, змяшчаюць інфармацыю пра масавыя забойствы мірных жыхароў у Беразіне, Багушэвічах, Баравіне, Трасцянцы, Дулебах, Навасёлках. З копіямі актаў можна азнаёміцца ў новай экспазіцыі музея. Захоўваюцца ў музеі і ўспаміны жыхароў Бярэзінскага раёна, якія прымусова былі вывезены ў Германію.

— Мы, сённяшняе пакаленне, не маем права ў што­дзён­ных клопатах, у радасных падзеях сучаснага жыцця забываць тых, хто даў нам магчымасць жыць пад мірным небам. Многія ўдзельнікі той вайны ахвяравалі ўласным жыццём, але адстаялі незалежнасць краіны, каб іх нашчадкі маглі спакойна вучыцца, працаваць і жыць. Мы ўдзячны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны за патрыятызм, мужнасць, вытрымку і самаахвярнасць, — так заканчваюць экскурсію гімназісты.

Душэўны агонь

У захаванні гістарычнай памяці, развіцці краязнаўчай справы многае залежыць ад энтузіязму асобных педагогаў. Такім адданым справе чалавекам быў Сяргей Сцяпанавіч Ігнатовіч, настаўнік гісторыі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які яшчэ ў 1965 годзе арганізаваў гурток юных следапытаў і пачаў весці падрыхтоўку да стварэння музея. Такім чалавекам з,яўлялася і Ганна Аляксандраўна Ждановіч, якая, не шкадуючы ні сіл, ні вольнага часу, прысвяціла сябе папулярызацыі народнага мастацтва, стварэнню Музея драўлянай лыжкі. Такім жа чалавекам з,яўляецца і яе дачка настаўніца мастацтва сярэдняй школы № 2 Алена Якаўлеўна Ждановіч.

Каб ахарактарызаваць Алену Якаўлеўну, варта прывесці такія яе словы: “Краязнаўства — гэта мой душэўны і жыццёвы агонь”. І агонь гэты гарыць настолькі ярка, што асвятляе ўсіх людзей, з якімі Алена Якаўлеўна сутыкаецца ў жыцці. Пагутарыўшы з педагогам, улюбёным у краязнаўчую справу, сам зацікавішся краязнаўствам. Абавязкова захочаш і радавод скласці, і края­знаўчыя гульні для сваіх дзяцей распраца­ваць, і нават абысці з імі ўсе старыя дамы роднага населенага пункта, занатаваць іх адметнасці, як гэта зрабіла Алена Якаўлеўна.

Жыхары Бярэзіна спадзяюцца, што палац Патоцкіх будзе рэканструяваны.

—  З 2018 го­да я вяду ў нашай школе аб’яднанне па інтарэсах “Вытокі”. Першае краязнаўчае даследаванне мы з вучнямі прысвяцілі дому Патоцкіх. Наогул, гэта сумная для нас тэма. Чаму сумная? Ужо неаднойчы выказваліся ідэі наконт аднаўлення гэтага будынка. Там збіраліся стварыць і раённы музей, і дом урачыстай рэгістрацыі шлюбаў, і гасцініцу, і кавярню, планавалі нават пабудаваць побач лодачную станцыю, каб турысты плавалі на лодках па Бярэзіне і любаваліся прыгожым палацам. Але, на жаль, усё гэта засталося толькі ідэямі.
Уя­віць, як мог бы выглядаць палац і якім ён быў у пачатку ХХ стагоддзя, мы вырашылі праз гульню. Ра­зам з Галінай Міхайлаўнай Губіч стварылі папяровыя чарцяжы, якія дзецям трэба выразаць і скле­іць. Атрымліваецца макет палаца. Дабавілі фігуркі лю­дзей, папяровыя карэты. Дзеці проста ў захапленні. Нездарма гэтая работа заняла на рэспубліцы 2-е месца, — паведаміла Алена Якаўлеўна.

Гульня, на думку настаўніцы, з,яўляецца найлепшым спосабам далучэння вучняў да края­знаўчай работы. Калі стварэнне папяровага макета палаца Патоцкіх — гульня рэальная, то прагулка па вуліцах Беразіна, знаёмства з іх гісторыяй — гэта ўжо гульня віртуальная. Увесь інфармацыйна-края­знаўчы матэрыял па гісторыі Беразіна, які сабрала настаўніца, быў ператвораны ў анлайн-падарожжа, падчас якога разам з намаляванымі героямі (сваімі равеснікамі) вучні прагульваюцца па вуліцах Беразіна, знаёмяцца з біяграфіяй людзей, у гонар якіх яны названы, даведваюцца пра гістарычныя назвы.

Калі завітаеце на Бярэзіншчыну:
= абавязкова прагуляйцеся па беразе Бярэзіны;
= падыдзіце да былога палаца Патоцкіх;

= сфатаграфуйцеся каля самай вялікай драўлянай лыжкі ў свеце;
= наведайце Музей драўлянай лыжкі;
= закажыце экскурсію ў музей Бярэзінскай гімназіі;
= заедзьце ў багатыя на краязнаўчыя адметнасці Багушэвічы, Калюжыцу, Паплавы;
= пастойце ля таямнічых каменных крыжоў у Харчычах
.

Краязнаўчыя прагулкі ажыццяўляюцца не толькі анлайн, але і ў рэальнасці. Так нарадзіўся маштабны праект, прысвечаны адметнасцям традыцыйнай вясковай і местачковай забудовы. Настаўніца разам з вучнямі сфатаграфавалі каля 500 дамоў у вёсках Бялавічы, Жорнаўка, у Беразіне, занатавалі формы дахаў, франтонаў, ліштваў. Пры гэтым паразважалі, чаму франтоны такія, а не іншыя, чаму дах меў канкрэтную форму, і такім чынам вывучалі філасофію народнага жыцця. На рэспубліканскім узроўні гэтая работа атрымала дыплом І ступені.

Алена Якаўлеўна захоплена расказвала і пра гісторыю Беразіна, і пра Ганну Патоцкую-Вансовіч, былую ўладальніцу гэтых мясцін (вельмі цікавую і неардынарную жанчыну, якая сустракалася нават з Аляксандрам І і Напалеонам Банапартам), і пра палац Патоцкіх, пра шыкоўныя паляванні, якія ладзіліся ў гэтым краі, і пра сваіх зацікаўленых краязнаўствам вучняў, пра калег, якія даследуюць малую радзіму. Сустрэчы з такімі людзьмі натхня­юць на новыя падарожжы, новыя знаёмствы. Іх душэўны агонь любові да роднага краю разгараецца і ў тваім сэрцы з новай сілай.

Прыгожыя мясціны

Кожны дзень па трасе Мінск — Магілёў праносяцца сотні аўтамабіляў. Упэўнены, не пашкадуе той, хто хаця б на паўгадзіны збочыць з М4 і прагуляецца па ўтульных вуліцах Беразіна, па беразе Бярэзіны. Як і героі мясцовай легенды, вы абавязкова скажаце: “Як жа беразна!” Гэта значыць светла, прыгожа.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.