Як жылі продкі

Выставу “Горад першапраходцаў” можна было ўбачыць у Дзень горада на цэнтральнай набярэжнай Гомеля. Сямнаццаць тэматычных экспазіцый занялі каля сотні метраў пешаходнай зоны і ў дэталях расказалі пра з’яўленне і развіццё горада.

Над праектам працавалі калектывы ўстаноў адукацыі Савецкага раёна. Увасобіць задуманае ў жыццё дапамаглі прадпрыемствы­-шэфы. Тут пласкадонка з першым гамяльчанінам і рыссю “дрэйфавала” сярод чаротаў і гартэнзій, можна было наведаць гарадзішча і даведацца, як нашы продкі палявалі і пяклі хлеб. Частка экспанатаў — з прыватных калекцый педагогаў. Напрыклад, заўзяты паляўнічы дырэктар машынабудаўнічага каледжа Дзмітрый Корхаў сабраў багатую калекцыю трафеяў: шкуркі ліс, рогі аленяў і ласёў. Яны спатрэбіліся на выставе.

У прыватных калекцыях знайшліся старадаўнія ступы і калаўроты, шалі і прылады цырульнікаў. У настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 33 Аксаны Лагун захаваліся шчыпцы для цукру, тульскі самавар даваеннага часу, ступка з песцікам XIX стагоддзя і латуневы бязмен. Святлана Савянок з ясляў­сада № 42 на выставу прывезла прабабуліны кошыкі з лазы і стагадовы ручнік.

Па ўсёй набярэжнай можна было прасачыць развіццё горада. У аддзеле адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Савецкага раёна вельмі задаволены вынікам. Усе экспанаты плануюць сабраць у адным месцы, каб адкрыць пастаянную выставу і рэгулярна прымаць экскурсіі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ.