Як жывеш, беларускі клас?

- 11:54Адукацыйная прастора

Калісьці, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, у сярэдняй школе № 32 Гродна былі класы, дзе навучанне поўнасцю вялося на беларускай мове. Але потым гэта адышло на другі план, і вось зараз у нашай школе ідзе паступовае адраджэнне гэтай традыцыі.

Пачыналася ўсё з індывідуальнага навучання 1—2 вучняў. Праводзілі ўрокі таленавітыя настаўнікі, добрыя знаўцы беларускай мовы С.М.Шышко, А.Р.Свойчык, А.У.Прытычанка, А.І.Сарокіна, В.І.Багдановіч, І.М.Касай. Мне таксама пашчасціла напачатку працаваць з адной дзяўчынкай, бацькі якой пажадалі навучаць дзіця на беларускай мове. Гэтае пачынанне зацікавіла некаторых бацькоў, і тры гады назад адкрыўся цэлы беларускамоўны клас, праўда, невялікі — усяго 9 вучняў. З таго часу кожны год адкрываецца 1 клас, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове.

Мае маленькія беларусы ўжо трэцякласнікі. Калі адміністрацыя школы прапанавала мне працаваць у гэтым класе, з лёгкасцю пагадзілася. Па-першае, я сама калісьці вучылася ў беларускамоўнай школе і нядрэнна валодаю беларускай мовай. Па-другое, мяне заўсёды непакоіла, як ставяцца вучні пачатковых класаў да ўрокаў беларускай мовы — абыякава, не любяць іх, многае не разумеюць. І мне захацелася паказаць не толькі дзецям, але і іх бацькам, што наша мова вельмі прыгожая, трапная і мілагучная, нічым не горшая за іншыя мовы.

Працаваць у такім класе і лёгка, і адначасова складана. Лёгкасць заключаецца ў тым, што класы невялікія. Настаўнік мае магчымасць больш увагі ўдзяляць кожнаму вучню, а гэта дапамагае лепшаму засваенню імі матэрыялу. Бацькі таксама, як кажуць, ведалі, куды ішлі, і таму аказваюць вялікую дапамогу настаўніку. Складанасць у тым, што для настаўніка зусім мала дапаможнікаў для работы, амаль усё прыходзіцца ствараць самой.

Паколькі ў горадзе вакол нас мала беларускамоўнага асяроддзя (у вёсках гэта справа выглядае крыху лепш), дзе дзеці маглі б вучыцца правільнаму маўленню па-беларуску, то настаўнікам трэба весці мэтанакіраванае навучанне дзяцей беларускай мове праз розныя віды дзейнасці. Трэба, каб гэтае навучанне ішло не толькі на ўроках, але і на перапынках, па-за школай, дома. Таксама лічу, што нельга праводзіць рэзкую мяжу паміж навучаннем і выхаваннем. Ні адзін настаўнік, асабліва ў пачатковых класах, не можа сказаць, што вось тут на ўроку я буду вучыць, а тут буду выхоўваць. Навучанне і выхаванне цесна пераплятаюцца. Матэрыял у падручніках падабраны так, што на любым тэксце практыкавання па беларускай мове, амаль на любой тэкставай задачы можна знаходзіць і арганізоўваць выхаваўчыя моманты. Я не кажу пра літаратурнае чытанне. Там наогул вялікая прастора для навучання, выхавання і развіцця дзяцей.

Таксама трэба весці навучанне і сярод бацькоў, прыцягваць іх да беларускамоўнага асяроддзя. Ні для каго не сакрэт, што цесная сувязь сям’і і школы — гэта залог поспеху ў навучанні і выхаванні дзяцей. Ад таго, наколькі цесная гэтая сувязь, залежаць поспехі ў рабоце настаўніка і поспехі ў вучобе вучняў. Дзеці чуюць беларускую гаворку ў класе ад настаўніка, дома — размаўляюць па-беларуску ў сям’і і тым самым папаўняюць свой слоўнікавы запас, развіваюць вуснае маўленне. А гэта немалаважна для засваення ведаў на ўроках. У маім класе ўсе вучні любяць урокі беларускай мовы, некаторыя нават больш, чым рускай.

Усе мае вучні амаль не маюць цяжкасцей у вывучэнні беларускай мовы, яны добра чытаюць. Усе разумеюць прачытанае, лёгка пераказваюць, завучваюць на памяць. Калі даецца дамашняе заданне на выбар — навучыцца чытаць верш выразна ці вывучыць на памяць, то выбіраюць апошняе. Няма ў нас цяжкасцей і ў напісанні вучэбных пераказаў. І з гэтым відам работы дзеці спраўляюцца з лёгкасцю.

На ўроках выкарыстоўваюцца розныя формы работы: у парах, у тройках. Дзеці зараз у такім узросце, што яны ўсё ўбіраюць як губка. І я стараюся падаваць ім матэрыял на ўроках блокамі. Мае другакласнікі ўжо мелі на слыху тыя граматычныя паняцці, з якімі мы будзем больш падрабязна знаёміцца ў 3—4 класах. Матэрыял па рускай і беларускай мове пераклікаецца, і таму вучні не маюць цяжкасцей і ў вывучэнні рускай мовы. Аб гэтым сведчаць выніковыя кантрольныя работы за 2 клас. Настаўнікі заўсёды шмат наракаюць на тое, які цяжкі прадмет для вучняў 4-х класаў “Мая Радзіма — Беларусь”. Цяжкі тым, што ён выкладаецца на беларускай мове і вучні не могуць пераказваць яго змест. Я не бяруся забягаць наперад, але мне здаецца, што ў маім класе такіх праблем не будзе. Аб гэтым я мяркую па тым, як дзеці зараз адказваюць на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”. Дзеці чытаюць дадатковую літаратуру, любяць ствараць з дапамогай бацькоў калажы на розныя тэмы.

Для таго каб дзеці на стамляліся на ўроках, я праводжу хвілінкі рэлаксацыі, фізкультхвілінкі, расказваю смешныя гісторыі. Вучні майго класа любяць нестандартныя формы ўрокаў, таму я часта праводжу ўрокі-падарожжы, урокі-гульні, урокі з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый.

У мінулым навучальным годзе мае хлопчыкі прымалі ўдзел у гарадскім конкурсе даследчых работ “Я пазнаю свет”. Адама цікавіла паходжанне літары “А” ў розных алфавітах, і ён з мамай праводзіў такое даследаванне, а Максім разам з татам вывучаў беларускія традыцыйныя святы і абрады. Работы былі напісаны на беларускай мове. Выступілі хлопчыкі дастойна. Дыпломаў, праўда, не атрымалі, але набылі вопыт удзелу ў конкурсе і плануюць удзельнічаць у ім у наступным годзе.

Яшчэ ў мінулым навучальным годзе мае вучні прымалі ўдзел у конкурсе сачыненняў “Шануйце родную мову”, які быў арганізаваны кафедрай прыродазнаўчанавуковых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Чатыры работы былі адзначаны, і вучні ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі дыпломы.

Лічу, што ўсё навучанне і выхаванне ў беларускамоўных класах павінна ісці ў цесным кантэксце з патрыятычным выхаваннем вучняў, са знаёмствам з традыцыямі беларускага народа, гісторыяй нашай краіны. Для гэтага ў класе арганізоўваюцца розныя экскурсіі. Напрыклад, экскурсія ў сталіцу нашай Радзімы — Мінск і наведванне там цікавых мясцін, экскурсія на пагранічную заставу імя В.М.Усава, экскурсія ў музей Новы замак у Гродне, на выставы “Беларуская лялька” і “Снежная карусель” у мясцовым Палацы творчасці.

Не стаіць убаку ў адносінах да нашага класа і мясцовае Таварыства беларускай мовы. Яго прадстаўнікі — нашы частыя госці. У 1 класе нам удалося пабываць і на мясцовым тэлебачанні. Там мае вучні расказвалі аб тым, як любяць беларускую мову, і чыталі беларускія вершы.

Першы ўрок у гэтым навучальным годзе прайшоў цікава. Дзеці расказвалі, у якой прыгожай краіне яны жывуць, пра міралюбівую палітыку нашай улады. Потым вучні зрабілі папяровых галубоў і як сімвал міру падарылі сваёй Радзіме.

Як бачыце, вучыцца ў нашым класе цікава і весела. Дзеці атрымліваюць добрыя веды, пазнаюць таямніцы роднай мовы.

Мне здаецца, што адкрыццё беларускамоўных класаў у рускіх гарадскіх школах вельмі добрая справа. Гэта пераконвае ўсіх, што беларуская мова не толькі для вясковых жыхароў і што ў горадзе не сорамна на ёй размаўляць. Усё больш сустракаецца на вуліцах Гродна, у грамадскім транспарце людзей, якія размаўляюць па-беларуску. І вельмі прыемна, што наша школа таксама ўносіць уклад у адраджэнне і развіццё роднай беларускай мовы.

Ларыса САВОСЦІНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 32 Гродна.