Як жывецца ў “Зубраняці” дзецям з Японіі

Дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева паказала Ірыне Анатольеўне, якая наведала цэнтр упершыню, жылыя карпусы і развітую інфраструктуру, пазнаёміла з дзейнасцю “Лідар-клуба”, цэнтра старажытнай побытавай культуры “Хутар Неслуч”.

Тым часам выхаванцы з Японіі ўжо сабраліся ў прасторным шатры, дзе іх частавалі садавіной і прысмакамі. Сярод блакітных “зубраняцкіх” жылетаў тут і там бачны былі стракатыя юкаты — лёгкія летнія кімано — з кветкамі сакуры. Большасць дзяцей добра валодае англійскай мовай, таму ў гутарках з важатымі і журналістамі перакладчыкі не спатрэбіліся. Як расказаў нам выкладчык школы цэнтра Антон Анатольевіч Гулецкі, у штодзённых зносінах з беларускімі сябрамі госці з Японіі таксама карыстаюцца англійскай мовай, а маленькія дзеці 6—10 гадоў, якія яе не ведаюць, звычайна проста даюць японскім сябрам “пяць”. Усходнія школьнікі прыязджаюць у Беларусь ужо сёмы раз, і важатыя ведаюць, што ў дзень ад’езду плакаць будуць і госці з Японіі, і беларускія дзеці.

Ірыну Анатольеўну сустрэлі гучнымі апладысментамі і дружным “Канічыва”.

— Асабліва прыемна вітаць японскую дэлегацыю, бо нас многае яднае, — звярнулася яна да дзяцей. — Адначасова ў нас такія розныя традыцыі і культура, і гэта дае магчымасць узбагаціць веды адно аднаго.

Ірына Анатольеўна ўзгадала пра трагедыі на Чарнобыльскай АЭС і “Фукусіма-1” і гатоўнасць Беларусі дзяліцца з пацярпелымі рэгіёнамі вопытам у галіне медыцынскага абслугоўвання і развіцця сельскай гаспадаркі пасля аварыі. Пагутарылі і пра супрацоўніцтва Беларусі і Японіі ў іншых сферах. Першы намеснік міністра выказала ўпэўненасць, што японскім калегам можа быць цікавай наша сістэма адукацыі, асабліва дашкольная. А знаёмства з дасягненнямі прамысловасці Японіі будзе карысным для беларускага боку.

— Але не менш важныя простыя чалавечыя зносіны, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна. — Мы максімальна спрыяем і будзем спрыяць сяброўству, сувязі культур, міжнацыянальнаму ўзаемадзеянню.

Японскія школьнікі з вялікай цікавасцю распытвалі пра беларускую адукацыю. Было відавочна, што яны ўжо шмат ведаюць пра нашу краіну. Асабліва незвычайным ім падалося двухмоўе, даведаліся дзеці і пра вывучэнне японскай мовы ў Беларусі. А пытанні пра паступленне ў беларускія ўніверсітэты можна лічыць кампліментам: відаць, за некалькі тыдняў, праведзеных у Беларусі, многія захацелі вярнуцца сюды, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся і беларускія школьнікі, якія наведалі Японію ў чэрвені. У іх таксама была вельмі насычаная праграма: дзеці пабывалі ў цэнтральным храме Токіа, шматлікіх музеях, установах адукацыі, даведаліся, як вучацца іх аднагодкі. Адзін з удзельнікаў вандроўкі Павел Красоўскі расказаў, што больш за ўсё яго ўразіла прырода Японіі — горы, зацягнутыя туманам.

Напрыканцы сустрэчы выхаванцы цэнтра з Беларусі і Японіі абмяняліся музычнымі падарункамі. На памяць Ірына Анатольеўна ўручыла кіраўніку японскай дэлегацыі спадарыні Тамока Нагаа кнігу пра нашу краіну, а японскія дзеці атрымалі ў падарунак саламяных лялек.

Беларуска-японская змена скончыцца 11 жніўня. У гэтым годзе палепшылі сваё здароўе, пазнаёміліся з Беларуссю і знайшлі новых сяброў каля 100 японскіх дзяцей.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *