Як змяніліся лічбы прыёму ў БДЭУ, і ці з’явіліся сёлета там новыя спецыяльнасці

- 12:00Абитуриент, Интервью, Приложение

Апошні званок адзвінеў. І хоць наперадзе яшчэ выпускны вечар, абітурыенты і іх бацькі актыўна цікавяцца асаблівасцямі сёлетняй уступнай кампаніі. Якой яна будзе ў БДЭУ, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў Алены Петрычэнка, адказнага сакратара прыёмнай камісіі і дэкана факультэта эканомікі і менеджменту.

— Алена Уладзіміраўна, на якіх асаб­лівасцях прыёмнай кампаніі — 2023 вы б акцэнтавалі ўвагу абітурыен-
таў?

— Штогод у наш універсітэт паступае вучыцца каля 3 тысяч чалавек. Тым, хто прыняў рашэнне ў гэтым годзе паўдзельнічаць у конкурсе на мэтавы набор, важна помніць, што яны бяруць на сябе адказнасць, звязаную з 5-гадовай адпрацоўкай пасля заканчэння вучобы, кампенсацыяй дзяржаве за навучанне ў выпадку адлічэння за непаспяховасць, няяўку па месцы адпрацоўкі.

Сёння больш за ўсё заявак ад заказчыкаў кадраў паступіла на факультэт права (каля 30). Прыкладна 10 заявак атрымаў факультэт фінансаў і банкаўскай справы. Таксама на шэраг факультэтаў заяўлена па адным месцы. Нагадаю, абітурыенты, настроеныя вучыцца па мэтавым напрамку, прыходзяць да нас з пакетам дакументаў з 1 па 5 чэрвеня. У іх ліку тры экзэмпляры мэтавага дагавора, медыцынская даведка, характарыстыка з месца вучобы, рэкамендацыя педсавета. А да моманту залічэння мэтавікі, якія прайшлі па конкурсе, павінны паспець з 12 да 15 чэрвеня данесці атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. А пры гэтым унутраныя экзамены пачынаюцца з 6 чэрвеня. Іх расклад будзе апублікаваны на сайце ўніверсітэта.

— Як змяніліся лічбы прыёму сёлета?

— Змяненні закранулі платныя месцы. Іх колькасць зменшылася на 10—15 месцаў на завочнай форме навучання. Што тычыцца бюджэтных месцаў, істотных змен не адбылося.

— Якія спецыяльнасці сёння папулярныя сярод абітурыентаў?

— Сярод топавых спецыяльнасцей тыя, што выклікаюць цікавасць з-за сваёй шырыні і грунтоўнасці. Ужо не першы год у модзе “Сусветная эканоміка”, “Маркетынг”, “Лагістыка”. Важна адзначыць, якімі б інфармацыйнымі тэхналогіямі мы ні карысталіся, які б інструментарый ні прыцягвалі да работы, тры кіты любой эканамічнай сістэмы — гэта такія спецыяльнасці, як “Бухгалтарскі ўлік”, “Эканоміка і кіраванне” і “Фінансы і крэдыт”. Гэтыя спецыяльнасці будуць заўсёды існаваць і карыстацца папулярнасцю.

— Ці з’явіліся сёлета новыя спецыяльнасці?

— Прынцыпова новых спецыяльнасцей няма, але ў сувязі са з’яўленнем абноўленага класіфікатара многія з іх перакадзіраваны і прыведзены ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі. Улічаны і актуальныя сучасныя трэнды. Так, напрыклад, спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” стала называцца “Эканоміка і кіраванне”, а спецыялізацыі “Таваразнаўства харчовых тавараў” і “Таваразнаўства нехарчовых тавараў” зараз аб’ядналіся ў прафілізацыю “Таварны кансалтынг і кіраванне закупкамі”. У рамках спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт” з’явілася прафілізацыя “Фінансавая аналітыка і маніторынг”.

— Наколькі запатрабаваны сёння выпускнікі ўніверсітэта?

— Выпускнікі ўніверсітэта заўсёды запатрабаваны. У прыватнасці, на факультэце эканомікі і менеджменту, дзе вядзецца пад­рыхтоўка па спецыяльнасцях “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Дзяржаўнае кіраванне”, “Нацыянальная эканоміка” і іншых, студэнты размяркоўваюцца на работу ў Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, у НДІ Міністэрства эканомікі. Яны становяцца маладымі спецыялістамі ў Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук, на трактарным і маторным заводах, заводзе колавых цягачоў, БелАЗе, прадпрыемствах малочнай прамысловасці, у IT-сферы. Шмат спецыя­лістаў па эканоміцы працы сёлета размеркаваліся ў структуру Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

— Якім вам бачыцца спецыяліст будучыні ў сферы эканомікі? Якімі новымі кампетэнцыямі ён павінен будзе валодаць?

— Калі раней больш запатрабаванымі былі вузкія спецыялісты, то сёння і заўтра будуць запатрабаваны людзі з шырокім кругаглядам, творчым падыходам, здольныя глабальна бачыць эканамічныя пра­цэсы і аналітычна мысліць. Тыя, хто, маючы пэўны багаж ведаў, можа правільна ста­віць задачы, прымаць аператыўныя і нестандартныя рашэнні.

Я студэнтам не стамляюся паўтараць, што спецыялісты, якія выконваюць прос­тую механічную працу, хутка не будуць патрэбны. Так, магчыма, сёння тэсціроўшчык атрымлівае больш, чым выкладчык, але ўжо заўтра камп’ютар будзе тэставаць камп’ютар. Калі шырыня вашага кругагляду не будзе дазваляць прымаць кіраўніцкія рашэнні, заснаваныя на сістэмным мысленні і комплексным аналізе сітуацыі, вы не зможаце паспяхова канкурыраваць на рынку працы.

***

Дарэчы, для выпускнікоў профільных каледжаў прадугледжана здача выпрабаванняў па двух профільных прадметах у форме тэставых заданняў. Яны пачнуць праводзіцца з 26—27 ліпеня. Дакументы як на бюджэт, так і на платную аснову можна падаваць з 17 па 25 ліпеня. Вынікі ЦТ прадастаўляць не трэба, толькі дакумент аб адукацыі.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота БДЭУ