Як знікаюць малыя рэкі

- 16:42Сацыяльны ракурс

Па тэрыторыі нашай краіны працякае каля 21 тысячы рэк. Большую частку з іх складаюць малыя рэкі, даўжыня якіх не перавышае 100 км. А сярод апошніх пераважаюць невялікія, даўжынёй да 5—20 км, рэчкі і ручаі. Яны і пачалі масава знікаць па віне чалавека. Дзясяткі і сотні тысячагоддзяў малыя і вялікія рэкі цяклі па сваіх рэчышчах, утвараючы спрыяльныя ўмовы для рыбнай разнастайнасці, назапашваючы ваду на сухія сезоны, даючы прытулак і звярам, і птушкам, што сяліліся на іх берагах. Рэкі сталі першымі шляхамі зносін паміж пасяленнямі людзей. Але менавіта людзі першымі пачалі аказваць на рэкі адмоўны ўплыў.

Спачатку ўплыў быў нязначны, амаль непрыкметны. Далей станавіўся ўсё большым і большым. І рэкі пачалі мялець, забруджвацца, месцамі нават перасыхаць. Асабліва хутка ў мінулым стагоддзі пачалі перасыхаць самыя малыя рэкі. Толькі на тэрыторыі Мінска за гэты перыяд перасохла 8 невялікіх рэчак і ручаёў: Няміга, Пярэспа, Слоўсць (Дражня), Грушаўка, Серабранка, Малінаўка, Крупіца. Так, назвы іх захаваліся, але ўжо толькі як назвы сталічных вуліц і мікрараёнаў. Аб былых рэчышчах сведчаць хіба што сухія канавы ды дзе-нідзе невялікія азярцы са стаялай вадой. А колькі падобных рэчак і ручаёў знікла па ўсёй Беларусі…

Летам 2018 года мы з вучнямі сярэдняй школы № 90 Мінска Андрэем Сікорыным, Уладзіславам Каспяровічам і Аляксеем Макаўцом пачалі даследаваць рэчку, якой пагражае знікненне, — Сеніцу. Яна працякае ўздоўж паўднёвай мяжы горада. Калісьці яе даўжыня дасягала 20 км, а сёння засталося менш за 7. І на гэтым адрэзку створаны два тэхнічныя вадасховішчы і адстойнік для сцёкаў з палігона бытавых адходаў “Прудзішча”. Сама рака існуе пераважна ў выглядзе канаў. У яе перасохлі не толькі вытокі, але і большасць прытокаў. Раней рака Сеніца ўпадала ў Свіслач. Сёння гэта можна ўбачыць толькі падчас расставання снегу. Вады ў Сеніцы мала, ды і тая моцна забруджана. Бывае, што ў раку скідваюць сцёкі навакольныя прадпрыемствы. А хутка ў Сеніцу пападуць і ліўневыя сцёкі з большай часткі тэрыторыі Мінска, бо будуецца спецыяльны калектар. Добра яшчэ, калі гэтыя сцёкі перад выкідам будуць часткова ачышчацца. Таму можна гаварыць, што рака памірае. Пройдзе некалькі дзесяцігоддзяў, і напамінам аб Сеніцы стануць толькі канавы і некалькі сажалак.

Хачу звярнуцца да настаўнікаў-краязнаўцаў і ў першую чаргу да настаўнікаў геаграфіі: актывізуем вывучэнне малых рэк Беларусі, даўжыня якіх не перавышае 20—30 км. Яны ў большасці сваёй не даследаваны зусім. У лепшым выпадку ў даведніках можна знайсці толькі згадванне аб паходжанні назвы або звесткі аб агульнай даўжыні ракі; і не ўсе гэтыя звесткі будуць адпавядаць рэчаіснасці. А рэчкі ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі могуць знікнуць зусім, так і застаўшыся нявывучанымі.

Як жа знікаюць малыя рэкі? З чаго пачынаецца гэты працэс? Вучні атрымалі адказ і на гэтыя пытанні. Першым этапам становіцца знішчэнне лясоў у басейне ракі, разворванне на іх месцы палёў, перасыханне вытокаў і часткі прытокаў. Потым, са з’яўленнем на берагах новых пасяленняў, пачынаецца асушэнне поймы ракі, для чаго рэчышча выраўноўваецца і ператвараецца ў канавы. У гэты ж час на рацэ могуць стварацца вадасховішчы, якія яшчэ больш будуць садзейнічаць выпарэнню вады. З-за гэтага рака пачне мялець, а ў сухія перыяды месцамі перасыхаць. Наступным этапам знікнення ракі стане забруджванне вады камунальнымі ці прамысловымі сцёкамі, перасыханне сярэдняга або ніжняга ўчастка. Якраз гэты этап існавання і перажывае сёння Сеніца. Завяршэннем жыцця малой ракі становіцца ператварэнне яе ў сістэму паасобных канаў і сажалак, якія большую частку года застаюцца без вады.

Вось такія вялікія праблемы існуюць з малымі рэкамі. Яны больш характэрны для тэрыторый гарадоў і прамысловых рэгіёнаў, але могуць закрануць і сельскія раёны. Для будучых пакаленняў сабраныя настаўнікамі і вучнямі даныя стануць каштоўнай крыніцай інфармацыі, не гаворачы ўжо аб тым, што дзеці падчас вывучэння малых рэк змогуць унікнуць у мясцовыя праблемы суіснавання чалавека і прыроднага асяроддзя, праблемы малой радзімы — самай блізкай і самай дарагой зямлі.

Станіслаў ХОЛЕЎ,
кіраўнік краязнаўчага музея сярэдняй школы № 90 Мінска.
Фота аўтара.