Як зрабіць бібліятэку тэрыторыяй творчасці, ведае Валянціна Драздова

- 14:25Школьный библиотекарь

Каб падабраць ключык да дзіцячых сэрцаў, бібліятэкару неабходна валодаць уменнем пераўвасаблення, здольнасцю прадумваць і ўкараняць у работу крэатыўныя ідэі, лічыць Валянціна Драздова з сярэдняй школы № 1 Касцюковіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па прафесіі я настаўнік пачатковых класаў, звыш трох дзесяцігоддзяў адчыняла хлопчыкам і дзяўчынкам дзверы ў свет ведаў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак не змагла развітацца са школай. На прапанову ўзначаліць бібліятэку ў 1-й гарадской школе згадзілася з радасцю, — паведаміла Валянціна Васільеўна.

Штодзень з натхненнем і энтузіязмам яна развівае інфармацыйную адукаванасць навучэнцаў, павышае іх матывацыю да вучобы і імкнецца да таго, каб бібліятэка была цэнтрам школьнага жыцця.

— Стараюся знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці. Вядома, зараз лічбавыя сродкі інфармацыі шмат дзе замяняюць друкаваныя. Але роля кнігі застаецца бясспрэчнай у развіцці дзяцей. Традыцыйнае чытанне пашырае кругагляд, агульны культурны ўзровень, фарміруе духоўную аснову асобы маленькага чалавека. Каб прывабіць вучняў у бібліятэку, шукаю нестандартныя формы работы. Нярэдка даводзіцца пераўвасабляцца ў псіхолага, артыста, рэжысёра. Дапамагае і педагагічны вопыт, — расказала Валянціна Драздова.

Для папулярызацыі чытання Валянціна Васільеўна выкарыстоўвае розныя метады. У яе практыцы выдатна зарэкамендавалі сябе гучныя чытанні. Ра­зам з дзецьмі бібліятэкар уголас чытае творы айчынных і замежных аўтараў:

— Пасля разважаем над учынкамі літаратурных герояў, робім высновы, дыскутуем. Гэта захапляе навучэнцаў і дазваляе прывіць ім важныя маральныя каштоўнасці.

Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць займальныя віктарыны, гульні, квесты. Валянціна Драздова праводзіць іх у інтэрактыўным фармаце. Вучні ўспамінаюць прачытанае, даведваюцца пра адметныя факты з біяграфій пісьменнікаў.

— Па-ранейшаму актуальная арганізацыя кніжных выстаў. Дзецям падабаецца разглядаць кнігі, шамацець старонкамі, вывучаць ілюстрацыі. Ніколі не перашкаджаю ім у гэтым, калі трэба — паразмаўляю, дам параду і арыенцір у выбары. Прыемна назіраць за тым, як навучэнцы чытаюць. Вучні пачатковага звяна бяруць казкі, прыгоды, апавяданні, энцыклапедыі. Хлопцам і дзяўчатам са старшых класаў даспадобы фэнтэзі, дэтэктыўныя гісторыі. Карыстаецца попытам і класічная літаратура, — адзначыла бібліятэкар.

У сваёй дзейнасці Валянціна Драздова шырока прымяняе сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Яна ўпэўнена, што ў цяперашніх рэаліях без гэтага нікуды, бо смартфоны і камп’ютары дзеці часта асвойваюць раней, чым пачынаюць чытаць:

— Наша бібліятэка ў гэтым кірунку абсталявана згодна з павевамі часу. У памяшканні ёсць інтэрактыўная панэль, камп’ютары, прынтар, доступ да інтэрнэту. Гэта сёння неабходна, але выкарыстоўвацца павінна дазіравана і з карысцю. Вучу школьнікаў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, самастойна атрымліваць веды. Задзейнічаю тэхналогіі і ў прапагандзе кнігі: ствараю яркія прэзентацыі, відэаролікі, буктрэйлеры. Такія мультымедыйныя прадукты таксама дапамагаюць далучаць дзяцей да чытання.

Пад куратарствам Валянціны Драздовай бібліятэка за даволі кароткі тэрмін стала месцам прыцяжэння для навучэнцаў. Нават у шосты школьны дзень тут не змаўкаюць звонкія дзіцячыя галасы.

— Даўно займаюся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, і мне захацелася прыўнесці элементы хобі ў работу. Дзеці падтрымалі. Зараз у нас сапраўдная тэрыторыя творчасці. Майструем цацкі ў народных матывах, у дэталёвых інсталяцыях прадстаўляем беларускія промыслы, побыт, фальклор. Адраджаем нацыянальныя святы, ставім тэатральныя інсцэніроўкі. Вучням гэта адгукаецца, таму ў планах — арганізацыя творчага гуртка, — падзялілася суразмоўніца.

У ліку прафесійных прыярытэтаў Валянціны Васільеўны — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Да знакавых дат яна арганізоўвае для навучэнцаў тэматычныя экспазіцыі, якія пакідаюць светлы след у дзіцячых душах.

— Правільныя кнігі і сіла мастацкага слова развіваюць у дзяцей патрыятызм, любоў да роднай зямлі. Станоўчы прыклад літаратурных персанажаў дапамагае ў фарміраванні грама­дзянскай адказнасці. Бібліятэка ўвогуле валодае істотным выхаваўчым патэнцыялам, — упэўнена Валянціна Драздова.

Дарэчы, усебаковую падтрымку бібліятэкар аказвае і настаўнікам:

— Сумесна з педагогамі распрацоўваем пазакласныя заняткі, разнастайныя пазнавальныя мерапрыемствы. Такое цеснае ўзаемадзеянне лічу вельмі важным, бо мы адзіны калектыў і ў нас адна задача — якасна і эфектыўна ажыццяўляць вучэбна-выхаваўчы працэс.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара