Як зрабіць лёгкім шлях у складаную навуку

2 верасня ў НАН Беларусі прайшоў маладзёжны форум “Шлях у навуку”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 300 маладых вучоных, аспірантаў, магістрантаў, прадстаўнікоў навучэнскай моладзі. Мэта форуму — павышэнне ініцыятыўнасці маладых вучоных пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама развіццё лідарскіх якасцей для рэалізацыі самастойных навуковых праектаў.

У гэты дзень у будынку Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук разгарнулася вялікая выстава, дзе маладыя даследчыкі прадставілі свае дасягненні. Тут можна было ўбачыць медыцынскія імплантаты з біясумяшчальнымі пакрыццямі, монакрышталі і цудоўныя ювелірныя ўстаўкі са штучна вырашчаных смарагдаў і іншыя распрацоўкі. Праводзілася таксама дэгустацыя прадуктаў харчавання функцыянальнага прызначэння. Напрыклад, можна было пакаштаваць цудоўнае марожанае паніжанай каларыйнасці. Маладыя біёлагі прадставілі калекцыю матылькоў, якая ўключае асобнікі як абарыгеннай, так і сусветнай фаўны. На выставе “Палеанталагічныя эцюды” ўвагу прыцягвалі малюнкі дыназаўраў, выкананыя з улікам апошніх навуковых дасягненняў у галіне палеанталогіі. Ілюстрацыі зроблены ў жанры “палеаарт”, які спалучае навуковыя ідэі і мастацкі падыход. 

Многія распрацоўкі дэманстраваліся ўпершыню. Так, НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі прадставіў трэнажор для падрыхтоўкі аператараў беспілотнікаў. У трэнажоры выкарыстоўваюцца камп’ютарныя 3D-мадэлі канкрэтных беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку распрацаваных у акадэміі навук. Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі прадставіў замарожаныя і сухія канцэнтраваныя закваскі для вы-творчасці разнастайных сыроў, тварагу і іншых кісламалочных прадуктаў, у тым ліку для дзіцячага харчавання.

Вельмі каштоўнымі і карыснымі для моладзі былі лекцыі вядучых вучоных аб навуковай дзейнасці ў акадэміі навук, у краіне і ў свеце, іх рэкамендацыі па падрыхтоўцы і абароне дысертацый, публікацыі навуковых вынікаў, распрацоўцы навуковых праектаў. Трэба адзначыць, што кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктары акадэмічных інстытутаў і цэнтраў былі з моладдзю на працягу ўсяго дня. Яны адказвалі на пытанні, дзяліліся вопытам і дэманстравалі шчырую зацікаўленасць у тым, каб шлях маладых у вялікую складаную навуку быў як мага лягчэйшым.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧ.