Як зрабіць так, как вучні ставіліся да працоўнага навучання як да значнага прадмета? Ведае Аляксей Шунько

- 9:38Образование, Проекты, Учитель года

Надоечы на Магілёўшчыне падвялі вынікі абласнога этапу конкурсу «Настаўнік года». Лепшым педагогам рэгіёна назвалі настаўніка працоўнага навучання гімназіі № 1 Бабруйска Аляксея Шунько, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Да педагогікі А. Шунько імкнуўся з дзяцінства, марыў выкладаць геаграфію. Але лёс павярнуўся так, што стаў настаўнікам працоўнага навучання. Дарэчы, педагагічны шлях ён распачаў у 19 гадоў.

– Скончыў каледж, і адразу пачаліся працоўныя будні. Вышэйшую адукацыю ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна набываў ужо завочна. Прафесійнае станаўленне давалася няпроста. Першыя свае ўрокі ўспамінаю з хваляваннем. Перажываў: ці змагу якасна арганізаваць вучэбны працэс, заваяваць аўтарытэт вучняў? Але дзякуючы падтрымцы калег і маёй заўзятасці, усё атрымалася. Больш за тое, зразумеў: профіль выбраў правільна, маё прызванне – не географ, а менавіта настаўнік працоўнага навучання, – адзначыў суразмоўца.

Сёння за плячыма настаўніка 18 гадоў педагагічнага стажу. Вядома, за такі працяглы тэрмін у яго склаліся свае падыходы да навучання.

– Каб дасягнуць высокай вучэбнай паспяховасці, трэба любіць сваю працу. Дзеці вучацца з задавальненнем тады, калі іх з задавальненнем вучаць, – упэўнены А. Шунько.

На яго думку, не менш важны аспект – захапленне вучобай, цікавасць навучэнцаў да прадмета. Урокі педагог стараецца будаваць з акцэнтам на творчасці і дыялогу з вучнямі. Для гэтага выкарыстоўвае як класічныя, так і сучасныя адукацыйныя прыёмы. Шырока прымяняе адытыўныя і STEАM-тэхналогіі. Робіць упор на практыкаарыентаванасць, бо перакананы: складаныя тэмы лягчэй растлумачыць праз простыя жыццёвыя прыклады.

Адразу далёка не ўсе вучні А. Шунько ставяцца да працоўнага навучання як да значнага прадмета. Рознымі спосабамі ён запэўнівае хлопчыкаў у адваротным. Тлумачыць, што тыя ўменні, якія яны атрымліваюць на занятках, заўсёды ім спатрэбяцца. Педагог імкнецца быць шчырым і адкрытым са сваімі навучэнцамі і выбудоўвае з імі даверныя ўзаемаадносіны.

Хлопцы звяртаюцца па слушную параду, дзеляцца радасцямі і праблемамі, што для мяне вельмі каштоўна. Такое паразуменне спрыяе і выхаванню. А гэта адна з маіх першачарговых задач. Навучэнцаў не проста вучу працаваць рукамі – значную ўвагу ўдзяляю таму, каб выхаваць іх сапраўднымі мужчынамі і дастойнымі людзьмі, – расказаў А. Шунько.

Сярод прыярытэтаў настаўніка таксама раскрыццё вучнёўскіх здольнасцей. Ён шмат працуе з адоранымі дзецьмі: факультатыўныя, дадатковыя заняткі, індывідуальныя сустрэчы, работа ў гарадскім і абласным рэсурсных цэнтрах… А. Шунько рыхтуе навучэнцаў да алімпіяд, даследчых канферэнцый і творчых аглядаў. І гэта прыносіць вынікі: не раз яго вучні выходзілі ў пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, розных прэстыжных конкурсаў.

Нягледзячы на тое, што А. Шунько мае багаты вопыт і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, ён пастаянна працуе над развіццём педагагічнага майстэрства. Сёлета гэта прывяло яго на рэгіянальны конкурс «Настаўнік года». Ішоў на спаборніцтва, каб знайсці новыя кропкі для прафесійнага росту, а выйшла так, што стаў пераможцам.

– Адчуваю сябе зараз неверагодна шчаслівым чалавекам. Разумею, што я на сваім месцы, бо займаюся справай, да якой ляжыць душа. А штодня праяўляць сябе ў працы мне дапамагае сям’я. Жонка і маленькі сын – мой надзейны тыл, маё галоўнае натхненне, якое матывуе рухацца далей, да новых здзяйсненняў, – падзяліўся ўладальнік звання «Настаўнік года».

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Аляксея ШУНЬКО