Як зрабіць заняткі фізкультурай такімі, каб вучні заўсёды з радасцю беглі ў спартзалу? Ведае Антаніна Вецер

- 10:10Образование

Сучасныя школьнікі не вельмі любяць фізкультуру, часта прыдумваюць розныя адгаворкі, каб не займацца на ўроку. Але ў сярэдняй школе № 1 Чавус, дзе гэты вучэбны прадмет выкладае Антаніна Вецер, такога не бывае. Настаўніца імкнецца рабіць заняткі такімі, каб яе вучні заўсёды з радасцю беглі ў спартзалу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Перыпетыі лёсу

Педагагічны шлях Антаніна Вецер выбрала свядома. Яна з дзяцінства ведала, кім стане, бо перад вачыма быў цудоўны прыклад.

— Мая мама працавала настаўніцай пачатковых класаў. Я часта прысутнічала на яе ўроках і ўяўляла сябе ў ролі педагога. Памятаю, як гуляла ў школу: рассаджвала дзяцей, нешта тлумачыла, правярала дамашняе заданне і ставіла адзнакі ў дзённікі. Фізкультуру выбрала дзякуючы захопленасці спортам. Школьніцай паспяхова выступала на раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтвах пад кіраўніцтвам маіх настаўнікаў Генрыха Іванавіча Шакеля і Анвера Аліевіча Гімбіцкага. Яны аказалі моцны ўплыў на маё асобаснае станаўленне, дапамаглі дакладна вызначыцца з прафесіяй, — расказала Антаніна Станіславаўна.

Азы педагогікі яна асвойвала ў цяперашнім Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Тут ёй таксама пашанцавала з педагогамі.

— І цяпер успамінаю свайго выкладчыка Арнольда Кузьміча Стасюка. Ён не толькі азнаёміў мяне з нюансамі прафесіі, але і прывёў у вялікі спорт. Я апантана займалася лёгкай атлетыкай і штурханнем ядра, была ў спісах у склад зборнай Беларусі. Але потым нарадзіла дачку, і спартыўную кар’еру прыйшлося скончыць. А праз некалькі гадоў пачалася мая педагагічная дзейнасць, — падзялілася Антаніна Станіславаўна.

Настаўнічаць Антаніна Вецер пачала на малой радзіме — у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Больш за два дзесяцігоддзі яна прывівала любоў да фізкультуры і спорту хлопчыкам і дзяўчынкам сваёй роднай вёскі Іказнь. Пасля лёс прывёў яе ў невялікі райцэнтр Чавусы, што на Магілёўшчыне.

Свая сістэма

З 1-й чавускай школай Антаніна Станіславаўна трывала звязана ўжо дзевяць гадоў. За гэты час яна змагла знайсці падыход да мясцовых дзяцей, выпрацавала сваю сістэму паспяховага навучання.

— На ўроках імкнуся камбінаваць традыцыйныя і сучасныя адукацыйныя методыкі. Шырока выкарыстоўваю тэхналогіі праблемнага і асобасна арыентаванага навучання, гульнявыя тэхналогіі, тэхналогіі ўзроў­невай дыферэнцыяцыі і здароўезберажэння. Разнастайнасць на занятках неабходна, але значна важнейшае іншае: да добрай вучэбнай паспяховасці прыво­дзіць матывацыя, жаданне вучыцца. Сфарміраваць гэтае жаданне можна толькі праз цікавасць да прадмета, і тут лепш за ўсё спрацоўвае прыклад настаўніка, — лічыць Антаніна Вецер.

Яна імкнецца быць для дзяцей прыкладам ва ўсім. Педагог далучае навучэнцаў да фізкультуры і спорту, дапамагае ім усвядоміць значнасць здаровага ладу жыцця. Кожнае практыкаванне яна паказвае навучэнцам асабіста, а калі тлумачыць правілы якой-небудзь спартыўнай гульні, заўсёды сама ўключаецца ў каманду.

— Для паспяховага навучання важныя і ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і навучэнцамі, спрыяльная атмасфера на занятках. Тут у маім арсенале — падтрымка, любоў і давер. Імкнуся быць на адной хвалі з дзецьмі, разумець іх унутраны свет і захапленні. Упэўнена: увага і клопат вельмі натхняюць дзяцей на дасягненне высокіх спартыўных вынікаў. Аднак пра дысцыпліну таксама не трэба забываць. Гэта тое, што дапамагае пераадольваць цяжкасці і не спыняцца ў развіцці, — падкрэсліла Антаніна Вецер.

На яе ўрокі навучэнцы ідуць з энтузіязмам. А ўсё таму, што ім цікава. Прычым усім: і спартсменам, і інтэ­лектуалам, і тым, хто ўвогуле не займаецца спортам з-за праблем са здароўем. Антаніна Вецер умее знайсці падыход да кожнага і пабудаваць заняткі так, каб нікому з вучняў не было сумна.

Сумесная работа

Сумаваць навучэнцам Антаніны Станіславаўны не даво­дзіцца і ў пазаўрочны час. Спартыўная зала школы не спыняе сваю работу ні па вечарах, ні ў шосты школьны дзень, ні на канікулах. Тут заўсёды шумна і весела.

Са сваімі вучнямі Антаніна Вецер сустракаецца не толькі ў спартзале. Рэгулярна яна адпраўляецца з імі на экскурсіі і ў падарожжы па краіне. Упор у такіх паездках настаўніца ро­біць на патрыятычнае выхаванне моладзі.

— Прытрымліваюся думкі, што выхаванне не менш значнае, чым навучанне. Падчас пазаўрочных сустрэч імкнуся фарміраваць у сваіх вучнях дабрыню, працавітасць, прыстойнасць. Не так даўно я стала кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ў школе, таму асаблівую ўвагу ўдзяляю далучэнню навучэнцаў да гістарычнай спадчыны беларускага народа, нашай мовы і культуры, прывіваю ім любоў да роднага краю, — растлумачыла Антаніна Станіславаўна.

Па яе меркаванні, выхаванне патрыёта — сумесная работа, у якой павінна ўдзельнічаць не толькі ўстанова адукацыі, але і сям’я. Педагог шмат сіл аддае выбудоўванню эфектыўнага ўзаемадзеяння з бацькамі.

— Толькі працуючы разам, можна прывіць падрастаючаму пакаленню пачуццё гордасці і адданасці сваёй Айчыне, яе гісторыі і традыцыям, — упэўнена Антаніна Вецер.

Настаўніца пераканана, што патрыётамі не нара­джаюцца, а становяцца. Таму так шмат часу яна ўдзяляе пазаўрочным мерапрыемствам. Разам з навучэнцамі наведвае месцы баявой славы, вайсковыя часці. Падарожжы працягваюцца і ў летні перыяд. У такіх паездках навучэнцы даведваюцца пра многія гістарычныя факты аб Вялікай Айчыннай вайне, знаёмяцца з подзвігамі яе герояў. Гэта дапамагае школьнікам зразумець увесь трагізм падзей мінулага, усвядоміць каштоў­насць сённяшняга міру.

Бліскучыя перамогі

Прыярытэтнае месца Антаніна Станіславаўна адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Траекторыю развіцця здольных вучняў настаўніца распрацоўвае з улікам іх індывідуальных асаб­лівасцей і ўзроставых магчымасцей. Паэтапна і паступальна вядзе кожнага вучня да росту і развіцця. Дзякуючы такому метаду, у яе добра атрымліваецца раскрываць юныя спартыўныя таленты.

Вучні Антаніны Вецер перамагаюць у алімпіядах, спартыўных турнірах і спаборніцтвах. Прычым праяўляюць сябе на розных узроўнях — ад раённага да рэс­пуб­ліканскага. А нядаўняя перамога яе навучэнца выйшла нават на міжнародны ўзровень.

— Дзевяцікласнік Аляксей Панамароў — мая гордасць. Спартыўную адоранасць гэтага юнака я заўважыла адразу. Асабліва падабалася Аляксею лёгкая атлетыка, а лепшыя вынікі яму ўдавалася паказваць у кіданні кап’я. На гэтым відзе спорту мы і спыніліся. Лёша вельмі мэтанакіраваны і працавіты, таму першыя перамогі прыйшлі хутка. Сёлета ён стаў прызёрам усіх этапаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Гэтае дасягненне дазволіла яму ўвайсці ў склад зборнай Беларусі на II Гульнях краін СНД і ўжо на прэстыжных міжнародных стартах атрымаць бліскучую перамогу. Лёша змог кінуць кап’ё на 50 м 81 см і быў узнагароджаны бронзавым медалём. За спаборніцтвамі я назірала на трыбунах. Эмоцыі былі невымоўныя. Такія трыумфальныя поспехі вучняў — тое, дзеля чаго хочацца плённа працаваць далей, — адзначыла педагог.

Натхняюць Антаніну Вецер не толькі вучнёўскія дасягненні. Цешыць яе і тое, што большасць выпускнікоў, стаўшы дарослымі, захоўваюць прывітую ў школе прыхільнасць да фізкультуры і спорту. У планах Антаніны Станіславаўны — працягваць удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства.

— Я вельмі люблю сваю работу! У іншай прафесіі сябе нават не ўяўляю. Мяне неверагодна зараджаюць радасныя вочы дзяцей, якія спяшаюцца на ўрок, іх захапленне ад заваявання спартыўных перамог. Да чаго імкнуся ў будучыні? Буду працягваць з самааддачай вучыць, выхоўваць, укладваць душу ў фарміраванне асобы сваіх вучняў, дапама­гаць ім знайсці правільную жыццё­вую дарогу, — падзялілася настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з асабістага архіва
Антаніны Вецер