Якасна і прафесійна

- 15:07Брэстчына

Пінкавіцкі яслі-сад Пінскага раёна — гэта маленькі астравок дзяцінства.

За 45 гадоў работы адсюль выйшла не адно пакаленне выхаванцаў. Адны з іх прывялі сюды ўжо сваіх дзяцей, другія, атрымаўшы педагагічную прафесію, — вярнуліся працаваць.

— У нашай установе зараз 214 выхаванцаў, — гаворыць загадчыца ясляў-сада Наталля Пятроўна Афанасьева. — Працуюць 29 педагогаў, з якіх 65% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі актыўна ўкараняюць перадавыя тэхналогіі, апрабоўваюць новыя формы і метады работы з дзецьмі і бацькамі.

Адным з важных напрамкаў дзейнасці ясляў-сада з’яўляецца забеспячэнне пераемнасці з пачатковай школай. Штогод у лютым на базе ўстановы праводзіцца круглы стол з бацькамі, настаўнікамі, выхавальнікамі і іншымі спецыялістамі па пытаннях пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі. Гэта дазваляе аблегчыць далейшую адаптацыю дзяцей да вучобы, зблізіць умовы іх выхавання і развіцця.

Вельмі запатрабавана ў бацькоў адаптацыйная пляцоўка. Гэтым летам яе паслугамі скарысталіся 32 сям’і. Падчас заняткаў дзеці з задавальненнем лепяць, гуляюць і малю-юць з мамамі і выхавальнікамі, кантактуюць з музычным кіраўніком, педагогам-псіхолагам і настаўнікам-дэфектолагам.

Маленькія даследчыкі

Дашкольнікі любяць займацца даследаваннямі і адчуваюць вялікую радасць ад сваіх маленькіх адкрыццяў. Выхавальніца Святлана Пятроўна Вішнеўская расказвае, што падчас эксперыментальнай дзейнасці выкарыстоўваюцца схемы-мадэлі, якія дазваляюць выхаванцам больш поўна і дакладна характарызаваць пэўны аб’ект і з’яву, рабіць самастойную выснову. С.П.Вішнеўская праводзіць з выхаванцамі эксперыменты на розныя тэмы: “Вада і яе ўласцівасці”, “Паветра вакол нас”, “Што такое гук” і інш. Сёння педагог працуе над праектам “Як зрабіць фарбы самастойна”.

— Дзеці высвятляюць, што ўсе прадметы, якія іх акружаюць, афарбаваны, — гаворыць С.П.Вішнеўская. — Дзеці разам з бацькамі атрымлівалі фарбы ў дамашніх умовах пры дапамозе ягад і харчовых фарбавальнікаў, а падчас заняткаў у групе эксперыментавалі з садавіной і агароднінай. Атрыманыя фарбавальныя рэчывы выкарыстоўваліся для малявання. Падчас доследаў і назіранняў дзеці атрымалі карысныя веды і прыйшлі да высновы, што фарбы можна вырабіць самастойна.

Вучаць бяспечным паводзінам змалку

Пінкавіцкія педагогі распрацавалі праект “Азбука бяспекі для малышоў”. Па словах выхавальніцы Юліі Анатольеўны Савіцкай, задача праекта — сфарміраваць у дашкольнікаў навыкі асцярожнага абыходжання з агнём, азнаёміць дзяцей з правіламі дарожнага руху і бяспечных паводзін на вуліцы, у лесе, з незнаёмымі людзьмі. Для гэтага быў складзены альбом “Азбука бяспекі для малышоў”, дзе сабраны правілы бяспекі дома, на прыродзе і ў дарозе ў вершах і ілюстрацыях па алфавіце. Дадаткам да яго з’яўляецца дыдактычная гульня “Азбука бяспекі. Школа 7 гномаў”, якая выкарыстоўваецца ў індывідуальнай і калектыўнай рабоце з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту. Дыдактычная гульня развівае памяць, мысленне, увагу, маўленне. “Азбука бяспекі” добра дапаўняе куток бяспекі, створаны ў групе, дзе сабраны іншыя дыдактычныя матэрыялы і атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў.

Пісьму навучыць… камп’ютарная гульня

— Навучанне пісьму — складаны працэс, які ўключае шмат паняццяў (слова, склад, гукі, галосны, зычны, аналіз), што не сустракаюцца ў практычнай дзейнасці 5—6-гадовых дзяцей, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Людміла Уладзіміраўна Куневіч. — Навучанне пісьму будзе лёгкім, калі стане цікавай справай. На дапамогу прыходзіць камп’ютар.

Л.У.Куневіч распрацавала 15 камп’ютарных гульняў, падабраўшы для іх выканання цікавыя формы і сродкі. Усе гульні распрацаваны з улікам раздзелаў адукацыйнай галіны “Навучанне пісьму”.

— Падчас гульняў фармірую ўяўленні пра слова, пачатковыя навыкі чытання, — расказвае Л.У.Куневіч. — Выкарыстоўваю інтэрактыўныя прэзентацыі, дзе дашкольнікі выконваюць цікавыя заданні навучальнага характару. Камп’ютарная анімацыя дазваляе малышам уявіць пэўныя паняцці ў трохмернай выяве. Так, пры дапамозе гульні “Знайдзі лішняе” (раздзел “Гукавы аналіз слова”) фарміруюцца ўменні вылучаць зададзены гук у слове. Дзеці разглядаюць на экране карцінкі, інтанацыйна вылучаючы пэўныя гукі, выбіраюць лішнюю карцінку, у назве якой яны не сустракаюцца.

Заняткі на любы густ

“Пры арганізацыі платных адукацыйных паслуг, якімі ўстанова займаецца больш за 11 гадоў, улічваюцца кадравыя, матэрыяльна-тэхнічныя і метадычныя рэсурсы, а таксама запыты бацькоў, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.А.Рабец. — Сёння ў яслях-садзе дзейнічаюць музычнае аб’яднанне “Вясёлая нотка”, харэаграфічнае аб’яднанне “Непаседы” і аб’яднанне па дзіцячым фітнесе “Вясёлы мяч”. Напрыканцы кожнага навучальнага года арганізоўваецца творчая справаздача для дзяцей і іх бацькоў.

Маральна-патрыятычнае выхаванне дзяцей — адзін з важных напрамкаў работы пінкавіцкіх педагогаў. Выхавальнікі спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення В.В.Лапшава і С.К.Ліпская, настаўнік-дэфектолаг А.М.Балук распрацавалі праект “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”, які складаецца з выставы-экспазіцыі “Кола гісторыі”, прэзентацыі “Знакамітыя людзі роднай вёскі”, летапісу “Краявіды вёскі Пінкавічы” і інш. Дашкольнікі наведваюць установы культуры, сацыяльныя аб’екты, сустракаюцца з народнымі ўмельцамі, падарожнічаюць па родных мясцінах.

Сумесная работа педагогаў, іх выхаванцаў і бацькоў прыносіць плён. На іх рахунку шмат добрых і цікавых спраў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.