Якасна і з душой

- 9:30Адукацыйныя праекты

На некалькі дзён Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ператварыўся ў зіхатлівы навагодні замак. І гэта нядзіўна. Напярэдадні Новага года на Брэстчыне па традыцыі падвялі вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” сярод школьнікаў.

Сёлетнія навагоднія вырабы вылучаліся высокай тэхналагічнасцю, інавацыйнасцю і арыгінальным дызайнам. Не абышлося без чараўніцтва і загадкавасці. І гэта заканамерна: без творчай іскры нельга стварыць навагоднюю казку.

У завочным этапе конкурсу ўдзельнічалі больш за 170 работ, з якіх каля 50 прайшлі адбор у вочны этап. Юныя ўмельцы з усіх рэгіёнаў вобласці спаборнічалі ў 10 намінацыях. Найбольш папулярнай з іх аказалася “Дызайн-ёлка”. Вызначыць лепшых было надзвычай цяжка.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі Піншчыны, Бярозаўшчыны, Лунінеччыны і Ляхавіччыны. Членаў журы асабліва парадавалі школьнікі Жабінкаўшчыны, Пружаншчыны, Іванаўшчыны і Драгічыншчыны, якія прэзентавалі ёлкі, запраграмаваныя ў Scratch, Arduino і праграмах, што працуюць як мабільныя дадаткі.

Лепшыя работы прымуць удзел у заключным этапе конкурсу ў Мінску. Можна не сумнявацца, што яны падораць шмат добрых уражанняў гледачам, бо зроблены не толькі якасна, але і з душой.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.