Якасна новы ўзровень магчымасцей

- 10:59Навіны рэгіёнаў

Адукацыйны медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні адкрыўся ў сярэдняй школе № 1 Полацка

Прэзентацыя цэнтра адбылася ў ходзе ўрачыстасці з удзелам кіраўніцтва Полаччыны. Па выніках арганізаванай творчай групай педагогаў і навучэнцаў экскурсіі па школе старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч даў высокую ацэнку праведзенай рабоце, падкрэсліў інавацыйнасць і вялікае грамадскае значэнне рэалізаванага праекта. Асобна кіраўнік раёна і яго намеснік па сацыяльных пытаннях Пётр Пяткевіч акцэнтавалі ўвагу на гатоўнасці ўстановы адукацыі да новага навучальнага года, наведалі вучэбныя кабінеты, сталовую, харчаблок і спартыўныя залы, пракантралявалі добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі. У актавай зале прайшла сустрэча Ігара Марковіча з працоўным калектывам школы, дзе абмяркоўваліся пытанні перспектыўнага развіцця Полацка ад прылеглых двароў і мікрараёнаў да буйных будаўнічых аб’ектаў.

Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч (справа) і дырэктар сярэдняй школы №1 Полацка Павел Ястрэмскі.

Як расказала начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, сярэдняя школа № 1 Полацка мае багатую 100-гадовую гісторыю і адметныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Адным з ключавых у рабоце ўстановы на працягу многіх гадоў застаецца грамадзянска-патрыятычны напрамак. Так, сёлета 75-годдзю Перамогі навучэнцы і педагогі прысвяцілі інтэрактыўную святочную пляцоўку “Подзвігу — не згаснуць. Памяці — жыць” і флэшмоб “Кветкі ветэрану”. У рамках Вахты памяці “Алея Перамогі” ўдзельнікі школьных клубаў “Пошук” і “Следапыт” сумесна з актывістамі БРСМ здзейснілі паходы па месцах баявой славы, а ў рамках раённага праекта “Полаччына памятае” падрыхтавалі серыю відэаролікаў аб ветэранах, працаўніках тылу, партызанах: кожны клас прыняў удзел у тэматычным відэарэпартажы. Стварэнне адукацыйнага медыяцэнтра было прадвызначана назапашаным вопытам і запатрабаванасцю падобнага аб’екта ў раёне і вобласці.

— Гэта вынік велізарнай работы, што праводзілася ва ўстанове адукацыі, — падкрэсліла Ірына Афанасьеўна. — Тут працуюць захопленыя педагогі, якія разам са сваімі вучнямі актыўна займаюцца пошукавай дзейнасцю, краязнаўствам. Папярэдні дырэктар школы ­Яўгенія Муруткова і яе пераемнік Павел Ястрэмскі, які ўзначаліў калектыў у лютым мінулага года, таксама энтузіясты пошукавай справы. У пэўны момант усе складнікі сабраліся ў адно цэлае — і зараз мы бачым не проста крок наперад, а пераход на якасна новы ўзровень магчымасцей, адкрыццяў, ведаў з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Прыярытэтная задача новага медыя­цэнтра — абагульненне і распаўсюджванне вопыту даследчай работы па гісторыі перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, педагагічнага вопыту па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Па словах Паўла Ястрэмскага, сфарміравалася змястоўная інфармацыйная база з данымі ваенна-гістарыч-

най накіраванасці (уключаючы аўдыя­файлы, тэкставыя файлы, графіку, відэа, анімацыю), сукупнасць каналаў атрымання і трансляцыі інфармацыі, арыентаваных на розную аўдыторыю. У творчую групу ўвайшлі педагогі, навучэнцы, баць­кі, адміністрацыя школы, яе сябры і сацыяльныя партнёры, якія працуюць пры падтрымцы ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, раённай выканаўчай улады.

Інфармацыйную базу медыяцэнтра дэманструе намеснік дырэктара сярэдняй школы №1 Полацка па вучэбнай рабоце Таццяна Цітова.

— Стартавы бонус заключаўся ў тым, што мы мелі адпаведны сістэматызаваны матэрыял, — адзначыў дырэктар школы. — З 2009 года гэты напрамак пачаў весці Вячаслаў Дзяменцьеў, потым да яго далучыўся Руслан Воюш, вельмі сур’ёзныя напрацоўкі былі ў Вольгі Цялюк. Але наспела патрэба ў спецыяльным памяшканні, каб гэта ўсё аб’яднаць, развіваць, на сучасным узроўні прэзентаваць. Патрэбна была тэрыторыя для аб’яднанняў па інтарэсах, пляцоўка для планавання і падрыхтоўкі краязнаўчых палявых экспедыцый і паходаў па месцах баявой славы, правядзення вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, семінараў і канферэнцый. Рэалізацыю гэтай ідэі пачалі ў лютым. Работы выконваліся за кошт бюджэтных сродкаў з прыцягненнем уласных рэсурсаў. 

Адукацыйная прастора медыяцэнтра мае высокатэхналагічнае абсталяванне, у тым ліку мультыборд, праектары, насценныя экраны, здымныя вінчэстары, праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе функцыянаваць у медыяфармаце і акумуляваць інфармацыю з дапамогай разнастайных файлаў у рэжыме ўнутранага і знешняга кантэнту. Задзейнічаны сучасныя інфармацыйныя платформы, апрабуюцца тэставыя матэрыялы па тэме “Вялікая Айчынная вайна” ў 9—10 класах. З дапамогай вэб-сэрвісу школьнікі асвойваюць праграму Полацказнаўства, што выкладаецца з 5 па 9 клас. З дапамогай сучасных тэхнічных праграм, ментальных карт і схем навучэнцы могуць замацаваць пройдзены матэрыял. На гугл-дысках прадстаўлены вынікі даследаванняў школьных пошукавых атрадаў “Дарогамі спаленых вёсак”. Пры дапамозе інтэрактыўнай карты і QR-кодаў любы карыстальнік смартфона хутка атрымае інфармацыю пра той ці іншы ваенны аб’ект. На базе мультыборда створаны віртуальны музей ваеннай тэхнікі на гульнявой пляцоўцы “Майнкрафт”. Знешні кантэнт дае магчы­масць рэалізаваць сумесныя праекты і мерапрыемствы, у тым ліку ў рэжыме прамых трансляцый, відэаканферэнцый, тэлемастоў. Мэбля-трансформер разлічана на калектыўнае размяшчэнне лю­дзей (падчас канферэнцый, семінараў) і правядзенне заняткаў па групах (у рамках аб’яднанняў па інтарэсах і ў першую чаргу клубаў “Пошук” і “Следапыт”). У экспазіцыі прадстаўлены артэфакты перыяду Вялікай Айчыннай вайны, унікальны кніжны фонд і адноўленыя ў натуральную велічыню з дапамогай дыярам аб’екты Полацкага ўмацаванага раёна. Усе дэталі строга прадуманы, разам жа яны генерыруюць ні з чым не параўнальную атмасферу з эфектам паглыблення ў рэаліі ваеннага часу.

Адзінаццацікласніца Настасся Шагібалава знаёміць з напрацоўкамі пошукавікаў.

— Па нашых назіраннях, найбольшую ўвагу пры першым наведванні выклікае дыярама, — расказала намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Таццяна Цітова. — Тыповае пытанне: “Дарагая, відаць?”. Фінансаў сюды ўкладзена адносна нямнога, затое колькі ведаў, пошуку і карпатлівай працы! Павел Генадзьевіч пастаянна заставаўся пасля работы з падрадчыкамі, нашымі педагогамі, калегамі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, нават сваіх сваякоў далучыў да справы. Так разам і зрабілі. Дарэчы, наколькі мне вядома, у рэспубліцы падобнага няма, каб не па кінакадрах, фота ці падчас экскурсіі ў мемарыяльным комплексе, а ў музейным памяшканні можна было б увачавідкі даведацца, як выглядала легендарная доўгатэрміновая агнявая кропка. Хіба што ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але там прадстаўлены толькі артылерыйскі капанір, дакладней, яго частка. У нас ДАК адноўлены па гістырычных чарцяжах у натуральную велічыню і ўманціраваны ў сцяну.

Рэканструкцыя праведзена па параметрах вонкавай часткі кулямётнага ДАК тыпу М пабудовы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі пачалося асноўнае будаўніцтва Полацкага ўмацраёна на старой савецка-польскай мяжы. Для дадзеных агнявых кропак спецыяльна выбіралася мясцовасць, каб максімальна непрыметна ўпісаць у ландшафт — замаскіраваць пад сельскагаспадарчыя пабудовы або пагорак. ДАК павінен быў заставацца нябачным для ворага і з далёкай дыстанцыі, і з паветра. Узвядзенне адбывалася ў строгай сакрэтнасці, маглі нават часова высяляць жыхароў з блізка размешчаных вёсак, дамоў. Пры неабходнасці да месца пракладвалася вузкакалейка. Практычна ўсе работы выконваліся ўручную: не існавала тады ні звыклых сёння будаўнічых міксераў, ні кранаў. Па завяршэнні будоўлі ДАК пламбіраваўся і прызначаўся адказны за яго. У ваенны час у агнявой кропцы размяшчаўся асобны гарнізон: камандзір з намеснікам, стралкі, падносчыкі патронаў і боепрыпасаў, сувязіст і спецыяліст, які працаваў на фільтрацыйных устаноўках, што адпампоўвалі парахавыя газы. Асноўнае ўзбраенне — вядомы кулямёт сістэмы Максім калібра 7,62 міліметра; сцены — са спецыяльнага фартыфікацыйнага бетону з жалезнай арматурай.

— Прычым цікава тое, што з дарэвалюцыйных часоў, калі тут у пачатку ХХ стагоддзя дыслацыраваўся чыгуначны інжынерны батальён (раён Чырвоных казарм, сёння побач знахо­дзіцца яслі-сад — базавая школа № 11 Полацка), у перадваенны перыяд захаваўся значны запас рэльсаў для вузкакалеек, — дапоўніў гістарычны экскурс Павел Ястрэмскі. — І гэтыя рэльсы з клеймамі Расійскай імперыі, еўрапейскіх вытворцаў (таго ж завода Крупа, што ў Германіі) шырока выкарыстоўвалі ў будаўніцтве ДАКаў. У выніку ўмацаванні маглі вытрымаць удар 152-міліметровага снарада. Артылерыйскія капаніры, якія стаялі ў Ветрына, вытрымлівалі прамое пападанне снарада памерам больш за 200 міліметраў. Зразумела, калі гарнізон аказваўся ў блакадзе, шансаў выбрацца заставалася надзвычай мала. У 1939 годзе Германія напала на Польшчу, Савецкі Саюз перайшоў у наступленне на тэрыторыі цяперашніх заходніх абласцей Беларусі і Украіны, і полацкія ДАКі апынуліся ў тыле. Усё іх абсталяванне дэманціравалі і накіравалі на абарончую лінію Молатава па новай мяжы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны часці і дывізіі, якія знаходзіліся на Полаччыне ў Баравусе-1, былі перакінуты ў Гродзенскую воб­ласць. Тут засталіся толькі асобныя часткі, што рыхтаваліся да пагрузкі на нашым чыгуначным Мікалаеўскім вакзале. Потым сюды пачалі прыбываць стралковыя дывізіі з Урала. Заставаўся літаральна ты­дзень, каб зноў прывесці абарону раёна ў баявую гатоўнасць. Час быў выкарыстаны па максімуме, і планы, ускладзеныя на трэцюю танкавую групу генерала Гота, якая ў складзе групы армій “Цэнтр” рухалася на Смаленск і Маскву, былі сарваны. Полацкая бітва з’яўляецца часткай Смаленскай бітвы. Пакуль у медыяцэнтры мы паказалі ўласны вопыт. Намер стаць нашымі партнёрамі выказалі ПДУ і Нацыянальны Полацкі гістарычна-культурны музей-запаведнік. Дзверы медыяцэнтра адчынены, і мы будзем толькі рады далучэнню ўстаноў адукацыі горада, раёна, вобласці, іншых рэгіёнаў і ўсіх зацікаўленых да нашай дзейнасці.

У найбліжэйшай перспектыве медыяцэнтр стане адкрытай раённай пляцоўкай па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, абмене педагагічным вопытам. Плануецца яго актыўны ўдзел у міжнародных кантактах, у тым ліку ў рамках плана па развіцці супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі ў сферы адукацыі на 2020—2021 гады. На дадзены момант падтрымліваюцца сувязі з установамі адукацыі Ленінградскай, Маскоўскай, Пскоўскай абласцей, мемарыяльным комплексам “Бухенвальд” (горад Веймар).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.